Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРЫЦУК ПАПРАСІЎ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ Ў ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Былы дэпутат Першамайскага раённага савету Менску, навуковец Валер Грыцук вядомы сваім удзелам ва ўсіх найважнейшых кампаніях апазыцыі ў 1990-я гады, а таксама ў леташніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Аднак улады найбольш зацікавіліся спадаром Грыцуком праз шматлікія заявы ў суд у абароне сваіх правоў і правоў іншых грамадзянаў.

(Грыцук: ) “Выкарыстоўваючы судовую сыстэму, сыстэму пракуратуры й міліцыі, я даказаў, што ў Беларусі абсалютна не выконваюцца законы. Я падаў 15 судовых пазоваў у справе абароны сваіх правоў і правоў іншых грамадзянаў”.

Спадар Грыцук упэўнены, што менавіта ягоныя спробы прыцягнуць да суду адказных чыноўнікаў, асабліва прадстаўнікоў міліцыі, пацягнулі ўрэшце сфабрыкаваную на яго крымінальную справу.

(Грыцук: ) “Апошняй кропляй, якая раззлавала ўлады, было тое, што я выйграў судовы працэс супраць менскай міліцыі – міліцыю абавязалі выплаціць мне грашовую кампэнсацыю за маральныя страты. Гэта было 26 красавіка мінулага году. Грошай міліцыя так і не сплаціла, але літаральна празь некалькі дзён супраць мяне распачалі крымінальную справу”.

(Карэспандэнт: ) “У чым вас абвінавацілі?”

(Грыцук: ) “Нібыта крадзеж афіцыйнага дакумэнта з будынку суда. Але самае абсурднае, што гэты дакумэнт – гэта рашэньне суда, якое мне па законе і так абавязаныя даць”.

Прычым, як адзначае спадар Грыцук, ход справе далі толькі пасьля таго, як ён актыўна ўключыўся у выбарчую кампанію.

(Грыцук: ) “Я пра справу і ня ведаў. Толькі недзе ў сярэдзіне ліпеня, калі я актыўна ўключыўся ў прэзыдэнцкую кампанію, мяне раптам на працоўным месцы ў Акадэміі навук арыштавалі й у кайданках павезьлі ў пастарунак”.

На ўвесь час пасьля выбараў Валер Грыцук быў вымушаны ўзяць на працы адпачынак за свой кошт, каб схавацца ад перасьледу.

Учора спадар Грыцук зьвярнуўся да польскіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку. Паводле польскага заканадаўства, ягоная справа мусіць быць разгледжаная цягам 6 месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG