Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 ЧАЛАВЕК ПРЫЙШЛІ Ў КУРАПАТЫ ПАМЯНУЦЬ РАССТРАЛЯНЫХ


Ганна Соусь, Менск

Курапаты наведаў кіраўнік справамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Ян Спасюк. Разам з айцом Леанідам Акаловічам ён усталяваў і асьвяціў крыж.

Айцец Ян Спасюк гаворыць, што ён ня мог не прыехаць у Курапаты напярэдадні каталіцкіх й праваслаўных Дзядоў, каб ушанаваць памяць бязьвінна загінулых. Айцец Ян Спасюк вельмі занепакоены тым, што цяпер адбываецца ў Курапатах:

(Спасюк: ) "Вельмі цяжка адчуваць, што, магчыма, людзі пойдуць і на крыжы, тэхніка пойдзе і на крыжы. Я не магу ўявіць — калі гэтая моладзь ляжа пад колы тэхнікі, можа, тады яны зразумеюць, што яны робяць. Калі Бог хоча пакараць людзей, адымае ім розум. Так няўжо ж Гасподзь Бог дапусьціць, што адымецца розум і ў тых, хто кіруе людзей сюды, і ў тых, хто сядзіць на тэхніцы".

А ўвечары ў Курапатах было ўжо каля ста чалавек. Кожны з тых, хто прыйшоў сёньня ў Курапаты, мае свой асабісты боль. Для кіраўніцы Мартыралёгу Беларусі Маі Кляшторнай сёньня — ня проста дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Паводле дакумэнтаў, менавіта 30 кастрычніка быў расстраляны ейны бацька.

(Кляшторная: ) "У гэты дзень быў забіты мой бацька, то я й прыйшла на гэтае месца. Шкада толькі, што нашыя людзі, якія разам ішлі з намі да Адраджэньня, так падзяліліся. Некалі мы ішлі ў Курапаты вялікай грамадой, і было ўцешна, што ішлі ня толькі тыя, у каго былі забітыя сваякі, але ж ішлі беларусы..."

Беларускія археолягі ўсталявалі сёньня ў Курапатах крыж у памяць сваіх калегаў, растраляных ў 1937 годзе — Сяргея Дубінскага, Аляксандра Кавалені й Аляксандра Ляўданскага, якія далі пачатак прафэсійнай акадэмічнай археалёгіі ў Беларусі. Вялікі дубовы крыж быў зроблены на ахвяраваньні беларускіх археолягаў ды ўсталяваны сёньня на падыходзе да Курапацкай гары, недалёк ад таго месца, дзе калісьці была "лава Клінтана".

Сёньня ў Курапатах запальвалі зьнічы ня толькі нашчадкі сталінскіх ахвяраў, але й тыя, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў цяпер — як лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, які толькі што выйшаў з-за кратаў. Дарэчы, я была сьведкай, як 24 верасьня ён стаў перад бульдозэрам і не дазволіў яму ехаць на Курапаты. Фактычна з гэтага й пачалося кругласутачнае вартаваньне Курапатаў, якое працягваецца дагэтуль. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Пакуты беларускай нацыі ўрэшце павінны прывесьці да таго, што зьявіцца новае пакаленьне, новая краіна. Таму мы праз гэта павінны абавязкова прайсьці і гэта памятаць. Вось чаму мы ў Курапатах, вось чаму мы адсюль не сыходзім. Вось чаму мы стаяць будзем да апошняга, абараняць гэтыя крыжы, якія ёсьць знакам народнае памяці, абараняць гэтую сьвятую зямлю, на якой пахаваныя нашыя продкі".

Сёньня ў абаронцаў Курапатаў нарэшце зьявіўся вайсковы намёт з буржуйкай. Цяпер, паводле сябра Кальварыйскай рады Маладога Фронту Сяржука Мацкойця, яны здолеюць вытрымаць любыя маразы.

(Мацкойць: ) "Зараз будзе ўжо перазімаваць прасьцей. Намёт ёсьць, буржуйка ёсьць, таму ўжо ўпарадкуем, выжывем. Праўда, калі раней нас ня вынясе АМОН. Я думаю, што ўсё ж ва ўладаў хопіць розуму не ўжываць тут сілу. Хутчэй за ўсё яны будуць весьці з намі ціхую вайну і паціху спрабаваць адваяваць тут хаця б частку тэрыторыі. Альбо будзе так, як казаў прараб — дадуць указаньні наступаць, і мы проста будзем гнаць перад сабой вал зямлі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG