Міліцэйскі патруль затрымаў спадара Кулакова ў нецьвярозым стане, і яго завезьлі ў мэдвыцьвярэзьнік. Паводле адной з вэрсіяў, спадар Кулакоў заўважыў, што супрацоўнікі мэдвыцьвярэзьніка Маляўка і Корабаў скралі ягоныя грошы. Ён запатрабаваў, каб грошы яму вярнулі. Тады гэтыя міліцыянты пачалі яго зьбіваць гумавымі дубінкамі й нагамі, пакуль не забілі.
Экспэрты зафіксавалі ў забітага пераломы рэбраў, касьцей і чэрапа, а таксама ўнутраныя кровазьліцьці.
Назіральнікі лічаць, што прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці старшыну Маляўку і старшага лейтэнанта Корабава стала магчыма дзякуючы ўмяшальніцтву ў справу сына забітага. Сын Аляксандра Кулакова — хакеіст, які гуляе ў бундэсьлізе ў Нямеччыне.