Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТ ЗША АБВЯШЧАЕ ВЫНІКІ ЛЕТАШНЯЙ ЛЯТАРЭІ ГРЫН-КАРТАЎ, АЛЕ РАДАСЬЦЬ ПЕРАМОЖЦАЎ – ЗАЎЧАСНАЯ


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Тыя, хто зараз атрымаў ці яшчэ да восені атрымае, паведамленьне аб выйгрышы грын-карты, змогуць уехаць у ЗША ў 2002 фінансавым годзе – зь 1 кастрычніка сёлета да 30 верасьня налета. У выніку лятарэі каля 100 тысяч жыхароў розных краінаў атрымаюць паведамленьне аб выйгрышы права на сталае жыхарства ў ЗША, але толькі палова зь іх – 50 тысячаў (а, можа, і меней) у выніку атрымаюць амэрыканскую грын-карту. Палова з тых, хто атрымаў першыя віншаваньні, не атрымаюць візу на ўезд у амэрыканскіх амбасадах. Фактычна, сам выйгрыш – толькі першы этап конкурсу на права эміграцыі.

Звычайна, выйгрыш у лятарэі дастаецца большасьці тых, хто адправіў лісты з Амэрыкі, альбо ўладальнікам тых лістоў, што маюць зваротную амэрыканскую адрэсу. Адно з галоўных тлумачэньняў гэтага – вельмі добрая праца амэрыканскай пошты. Але шчасьлівыя ўдзельнікі лятарэі, звычайна, амаль стопрацэнтна прыяжджаюць жыць у Амэрыку, калі яны адпраўлялі сваю анкету з Амэрыкі, бо ў іх ёсьць тут знаёмыя. Наяўнасьць знаёмых сапраўды дае чалавеку пры эміграцыі шмат плюсаў у справе ўладкаваньня ў новай краіне.

Пасьля таго, як удзельнік лятарэі атрымлівае паведамленьне аб выйгрышы, яго выклікае для інтэрвію амэрыканская амабасада. Звычайна ў трэцяй краіне. Што да грамадзянаў Беларусі – то гэта амбасада ЗША ў Польшчы або ў Расеі. Інтэрвію з консулам у амэрыканскай амбасадзе – галоўны экзамен для ўдзельніка лятарэі.
Менавіта падчас інтэрвію будуць спраўджваць, ці гэта сапраўды вы выйгралі грын-карту, абавязкова правераць фатаздымак і подпіс на анкеце ўдзельніка. Калі, напрыклад, вашыя знаёмыя ў Амэрыцы за вас адправілі анкету і за вас жа падпісаліся, то вам на інтэрвію амэрыканскі консул абавязкова абвесьціць аб ліквідацыі выйгрышу.

У амбасадзе вам даюць і шэраг дакумэнтаў, неабходных для ўезду ў ЗША. Гэтыя дакумэнты могуць быць дасланыя поштаю, але тое, што вы іх атрымалі, яшчэ ня ёсьць сьведчаньнем таго, што вы абавязкова атрымаеце і візу для ўезду ў ЗША ў якасьці сталага жыхара. Сярод іншай інфармацыі ўдзельнікі лятарэі грын-картаў павінныя ведаць, што сталыя жыхары Амэрыкі ня маюць права на рознага кшталту дзяржаўную дапамогу, якую, напрыклад, могуць мець палітычныя ўцекачы, – гэта бясплатная мэдычная страхоўка і так званыя фут-стэмпы, прыкладна 260 даляраў у месяц на прадукты харчаваньня як матэрыяльная падтрымка.

Амэрыканскі ж консул запатрабуе ад вас як галоўнае патрабаваньне для выдачы візы даказаць вашую матэрыяльную магчымасьць уладкавацца ў новай краіне. Калі консул палічыць, што ў вас няма гарантыяў матэрыяльнага забесьпячэньня, то вам будзе адмоўлена ў атрыманьні грын-карты. А гарантыямі ці сьведчаньнямі гэтага могуць быць знойдзеная праца (у вас мусіць быць гарантыйны ліст ад вашага новага амэрыканскага працадаўцы) або грошы, якія вы, напрыклад, можаце атрымаць за прададзеную кватэру. Але што цэніцца найвышэй і лічыцца амаль абавязковым дакумэнтам – ліст аб гарантаваньні дапамогі ад сваякоў і знаёмых у ЗША.

Вашыя знаёмыя могуць даваць вам такі ліст спакойна – гэта толькі фармальнае пацьверджаньне таго, што новым эмігрантам у ЗША ёсьць каму дапамагаць. Форма гэтага ліста будзе ў дакумэнтах, што прышле вам амбасада, або вы можаце замовіць нумар гэтай формы ў сваіх знаёмых – яго можна ўзяць ва ўсіх амэрыканскіх эміграцыйных сэрвісах на ўсёй тэрыторыі Амэрыкі. Паўторымся, што гэта простая фармальнасьць – яна не накладае на вашага апекуна юрыдычнай і матэрыяльнай адказнасьці. Вашыя знаёмыя могуцьт даваць вам такую гарантыю сьмела. Варта папярэдзіць, што без такога ліста ад апякуна нават знайсьці кватэру ў Амэрыцы, ня маючы працы, ці знайсьці працу, ня маючы кватэры, – вельмі цяжка: пры ўладкаваньні на працу вы павінныя даць адрас кватэры, пры найме кватэры – ліст з працы як гарантыю, што вы будзеце плаціць за жытло. У новага эмігранта, які ня мае тут ніякіх знаёмых, абавязкова будуць патрабаваць усіх гэтых гарантыяў.

Спадзяваньні на тое, што нехта зразумее вашае становішча, што ў вашай сям’і няма тут нікога, што ў вас асабіста няма ніякай падтрымкі, тут не спрацоўваюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG