Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД ШЧУКІНЫМ ЗА ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” АДКЛАДЗЕНЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Валеры Шчукін наведаў гарадзкі аддзел міліцыі. Міліцыянты доўга не маглі патлумачыць, зь якой нагоды яго выклікалі ў пастарунак. Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) "Мне было сказана прыйсьці сюды а 10-й гадзіне. Я прыйшоў, і вось ужо паўгадзіны мне ніхто ня можа патлумачыць — нашто мяне выклікалі. Спытаўся ў дзяжурнага, ён кажа: "Пачакайце". А чаго чакаць? З райаддзелам усе пытаньні высьветленыя. Пратакол я ім падпісаў".

У пятніцу пасьля акцыі Жывы ланцуг неабыякавых людзей Валеры Шчукін разам са сваёй унучкай вяртаўся дадому. У падземным пераходзе на іх кінуліся амонаўцы ў цывільным. Два зь іх схапілі 17-гадовую ўнучку Шчукіна й трымалі яе за рукі. Астатнія на вачах дзяўчыны пачалі зьбіваць дзеда. Дзяўчына вырывалася, плакала, прасіла, каб яго ня білі. Яе пацягнулі ў адзін "варанок", а Шчукіна — у другі.

У Цэнтральны райаддзел міліцыі Валер'я Шчукіна занесьлі за рукі й за ногі. Нават міліцыянты, убачыўшы Шчукіна, адразу выклікалі "хуткую дапамогу" і адвезьлі яго ў ваенны шпіталь. Там лекары зрабілі здымкі і прапанавалі пакласьці гіпс — былі моцна расьцягнутыя зьвязкі й мноства пабояў. Валеры Шчукін адмовіўся, бо вельмі непакоіўся за ўнучку і імкнуўся пайсьці шукаць яе.

Зьбітага дэпутата павезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі на вуліцу Карла Маркса. Там яму ўручылі позву на панядзелак і адпусьцілі. Кашуля Шчукіна была парваная на дробныя шматочкі. Ён зьняў яе і гэтак пайшоў дадому.

Сёньня ў міліцэйскім пастарунку начальнік аддзелу міліцыі грамадзкай бясьпекі падпалкоўнік Юры Патаў даў Шчукіну позву ў суд на 14 гадзінаў. Дэпутат паказаў судзьдзі даведку з "хуткай дапамогі" і паведаміў, што ў гэты час ён будзе ў паліклініцы.

Валеры Шчукін мае намер прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці амонаўцаў, якія зьбівалі яго на вачах непаўнагадовай унучкі.

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай патрыі БНФ, затрыманыя ў чацьвер за распаўсюд тэксту Канстытуцыі, таксама па позвах прыйшлі сёньня ў Цэнтральны аддзел міліцыі, але ніхто ня здолеў ім даць адказу, чаму яны павінны былі прыйсьці сюды. Пачакаўшы з паўгадзіны, людзі разышліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG