Сёньня ў будынку Выканаўчага камітэту СНД распачалася нарада кіраўнікоў памежных службаў краінаў Садружнасьці ды прадстаўнікоў Управы вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў.
Абмяркоўваюць праблемы барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Якраз перад нарадай беларускія памежнікі затрымалі двух грамадзянаў Армэніі ды Казахстану ў Гарадзенскай вобласьці, а таксама ажно 16 віетнамцаў на Варшаўскім мосьце ў Берасьці.
Камандуючы памежнымі войскамі Беларусі Аляксандар Паўлоўскі, адкрываючы нараду, падаў агульныя зьвесткі пра патэнцыйных парушальнікаў мяжы зь беларускага боку:
(Паўлоўскі: ) "Чакаюць вырашэньня сваіх праблемаў больш як 100 000 незаконных мігрантаў, і гэта пры тым, што нашыя дзеяньні фактычна вельмі слаба падтрымліваюць тыя краіны, куды яны едуць. Але ж у плыні нелегальнае міграцыі актыўна квітнеюць іншыя злачынныя дзеяньні — гандаль людзьмі, арганізаваная прастытуцыя, продаж дзяцей і нават чалавечых органаў".
Ягоны латвійскі калега Гунарс Дабаліньш, хаця й даў папярэдняю згоду на ўдзел у нарадзе, у Менск не прыехаў. Мажліва, ён цяпер больш заклапочаны нелегальнай міграцыяй яшчуру.
Спадар Дабаліньш плянуе неўзабаве абвесьціць памежнай варце Латвіі трывогу з прычыны імклівага распаўсюду інфэкцыйных хваробаў жывёлы ў Эўропе.
Прэсавая служба латвійскае памежнае варты паведаміла, што адбудуцца адмысловыя вучэньні для праверкі здольнасьці памежнікаў хутка прыбыць на месца ды зрабіць неабходныя дэзінфэкцыйныя захады, а таксама "папярэджваць нелегальны пераход межаў па-за кантрольнымі пунктамі, якія не прыстасаваныя для дэзінфэкцыі".
Паводле словаў спадара Дабаліньша, у часе трывогі патруляваць межы Латвіі будзе значна больш памежнікаў, асабліва тых, хто сочыць за ляснымі дарогамі.
Санітарная памежная служба Латвіі паведаміла, што ад сёньняшняе начы распачалася дэзінфэкцыя ўсіх, хто прыяжджае ў Латвію наземным шляхам. Жыхароў Беларусі, якія зьбіраюцца туды паехаць, можа зацікавіць наступнае паведамленьне: да канца наступнага тыдня латвійская мяжа з Расеяй і Беларусьсю будзе абсталяваная спэцыяльнымі бар'ерамі. Ад усіх будуць патрабаваць прайсьці праз дэзінфэкцыйныя дываны.