Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ “НАФТАНУ” БАЯЦЦА СКАРАЧЭНЬНЯ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Прычанай таму стала ўвядзеньне ад 1-га сакавіка сёлета новых мытаў на ўвоз нафты і экспарт нафтапрадуктаў.

Да апошняй пары пошліны былі ніжэйшымі, чым у Расеі, і гэта станоўча адбівалася на сабекошце прадукцыі. І расейскія нафтавыя кампаніі навыперадкі гналі нафту на пераапрацоўку ў Беларусь.

Пагатоў геаграфічнае становішча таго ж Наваполацку вельмі зручнае. Бэнзін і дызпаліва перапампоўваліся па пераправодзе ў латыскі порт Вэнспілс і далей ішлі на Захад.

Усё гэта дазваляла “Нафтану” калі не квітнець, дык, прынамсі, працаваць стабільна, перапрацоўваючы ў год ад 6 да 6 з паловаю мільёнаў тон нафты.

Сытуацыя зьмянілася з увядзеньнем больш высокіх мытных пошлінаў. Паколькі Беларусь знаходзіцца з Расеяй у адзіным мытным саюзе, саюзьнікі запатрабавалі знывэляваць памер мытаў і прыраўняць пошліны беларускія і расейскія. Што й было зроблена.

У выніку ўзрос сабекошт перапрацоўкі, і расейскім кампаніям стала нявыгадна перапрацоўваць нафту на беларускіх прадпрыемствах. Так, як сказаў Радыё Свабода адзін з “нафтанаўскіх” інжынэраў, шырока разрэклямаваны мытны саюз стаў кіем з двума канцамі. Адзін зь іх балюча ўдарыў па нафтаперапрацоўчай галіне.

Аб’ёмы перапрацоўкі на “Нафтане” скараціліся ўдвая, і сёньня кіраўніцтва аб’яднаньня ліхаманкава шукае сярод расейскіх “нафтабаронаў” ахвочых пастаўляць нафту. А шэраговыя нафтанаўцы затаілі дых, чакаючы масавых скарачэньняў.

Зрэшты, эканамічныя праблемы апанавалі яшчэ адно буйное наваполацкае прадпрыемства – вытворчае аб’яднаньне “Полімір”. Тут, зноўку з прычыны высокага сабекошту прадукцыі, узьніклі складанасьці зь яе рэалізацыяй. Прычым, гэта тычыцца ня толькі нітрону, але й поліэтылену, з рэалізацыя якога, пагатоў увесну, праблемаў не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG