Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЯ ЛЕКАРА – ЛЕАНІД ВАСІЛЕВІЧ


Міхал Стэльмак, Менск



Найдзіўней, што гэты лекар ня мае аніякага дачыненьня да прафсаюзаў.

Зварот у Канстытуцыйны суд накіраваў сталічны лекар Леанід Васілевіч. Спадар Васілевіч — загадчык апэрацыйнага блёку Менскага клінічнага шпіталю № 10. Сёньня я наведаў гэты шпіталь і высьветліў некаторыя дэталі справы, якая ўжо атрымала розгалас у беларускім грамадзтве.

Рашэньне Леаніда Васілевіча абскардзіць дзейны мэханізм пералічэньня прафсаюзных унёскаў вельмі зьдзівіла пераважную большасьць супрацоўнікаў шпіталю.

Як патлумачыла мне старшыня прафкаму гэтай установы Тацяна Салдаценка, спадар Васілевіч ня мае аніякага дачыненьня да прафсаюзаў. Яму зараз 67 гадоў, і ён ужо шмат гадоў не зьяўляецца сябрам прафсаюзу. Зразумела, што аўтар звароту ў Канстытуцыйны суд даўно не пералічвае прафкаму шпіталю ўнёскаў са сваіх заробкаў.

Тацяна Салдаценка паведаміла, што спрабавала высьветліць у пэнсіянэра-хірурга сапраўдныя прычыны ягонага антыпрафсаюзнага дэмаршу. Аднак, паводле ейных словаў, загадчык апэрацыйным блёкам на ейныя пытаньні не адказвае.

Я паспрабаваў сёньня высьветліць матывы нечаканай ініцыятывы мэдыка, прозьвішча якога афіцыйныя ўстановы дагэтуль утойваюць. “А вы хіба не здагадваецеся?” — пытаньнем на пытаньне адказаў спадар Васілевіч. Ён дадаў, што яму зараз страшэнна непрыемны грамадзкі розгалас вакол ягонага звароту ў Канстытуцыйны суд.

Леанід Васілевіч адзначыў, што будзе чакаць пісьмовага адказу з Канстытуцыйнага суду. Болей мне не ўдалося выцягнуць з суразмоўцы ні слова.

Калегі мэдыка, ініцыятыву якога ўхваліла атачэньне А.Лукашэнкі, не камэнтуюць публічна дзеяньняў спадара Васілевіча. Але ў прыватных размовах выказалі вэрсію, што падпісаць дакумэнт палітычнага зьместу супраць цяперашніх парадкаў збору прафсаюзных унёскаў (што ўрэшце можа прывесьці да развалу Фэдэрацыі прафсаюзаў) яму прапанавалі спэцслужбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG