Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 траўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пінскія настаўнікі, якім ужо больш за тры тыдні затрымліваюць выплату заробкаў, пачалі выконваць загад гарвыканкаму ў справе нарыхтоўкі кармоў. Напярэдадні настаўнікаў сярэдняй школы №15 вывозілі ў саўгас "Парахонскі" садзіць капусту.

Паводле пастановы пінскага гарвыканкаму, кожны гарадзскі настаўнік павінен нарыхтаваць сёлета па трыста кіляграмаў сена альбо выканаць іншыя сельгаспрацы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі падшэфных калгасаў. Тым, хто ня хоча і ня можа касіць сена, прапанавана адкупіцца, так як гэта зрабілі настаўнікі школы №1, якія дружна заплацілі айчыннаму аграпрамысловаму комплексу па пяць тысячаў рублёў – амаль трэцюю частку свайго заробку.

А вось у школе №15 настаўнікі вырашылі папрацаваць і напярэдадні, адмяніўшы заняткі, паехалі ў вёску Берасцы саўгаса "Парахонскі". Ім запрапанавалі садзіць капусту. Паводле словаў настаўнікаў, поле, на якое іх прывезьлі, ужо было засаджанае капустай, якая памерзла. Трэба было садзіць яе яшчэ раз. Аднак, нягледзячы на спякотнае надвор'е, зямлю нават напярэдадні не палілі. І расада, якую ў адзінаццаць гадзінаў на спякоце садзілі ў сухую зямлю, хутчэй за ўсё загіне ізноў.

Цікава, што ў школах гораду, з нагоды ўдзелу настаўнікаў у сельгасработах, былі распаўсюджаныя ўлёткі з байкай пад назовам "Байка пра кароваў ды настаўнікаў", невядомыя аўтары якой у іранічным стылі распавядаюць пра цярплівых настаўнікаў, з дапамогай якіх рэжым зьбіраецца падняць занядбалую сельскую гаспадарку. А тым часам, настаўнікам затрымліваюць выплату заробкаў амаль на тры тыдні. Напярэдадні, настаўнікі сярэдняй школы №3 напісалі калектыўны зварот да старшыні берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Даўгалёва ды Аляксандра Лукашэнкі, з патрабаваньнем выплаціць заробкі ды спыніць зьдзекі над настаўніцтвам.

Калі старшыні прафкамаў вольнага і афіцыйнага прафсаюзаў школы разам прыйшлі ў паштовае аддзяленьне, каб накіраваць тэлеграмы адрасатам, спачатку тэлеграмы ў іх прынялі, аднак запатрабавалі пашпарты. Калі ж прафсаюзныя лідэры вярнуліся з неабходнымі дакумэнтамі, прыймаць тэлеграмы супрацоўнікі паштовага аддзяленьня ўжо адмовіліся без усялякіх тлумачэньняў. Хутчэй за ўсё, мясцовыя чыноўнікі проста ня хочуць, каб крытычная сытуацыя ў гарадзкіх навучальных установах стала вядомая па-за межамі Пінску.

Цяпер настаўнікі рыхтуюць скаргу на гарадзкое прадпрыемства сувязі ў пракуратуру. Бо, на іх думку, нельга цярпець чарговае грубае парушэньне сваіх правоў. Ніхто ня можа забараніць грамадзянам зьвяртацца да чыноўнікаў любога ўзроўню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG