Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Працягваецца падрыхтоўка да маючага адбыцца Ўсебеларускага зьезду. Бліжэйшым часам пройдзе паседжаньне аргкамітэту, дзе плянуецца зацьвердзіць парадак вылучэньня дэлагатаў і вызначыць дату правядзеньня зьезду.

На паседжаньні, якое адбудзецца 16 красавіка, сябры аргкамітэту плянуюць вырашыць два асноўныя пытаньні: калі адбудзецца зьезд і якім чынам будуць вылучацца дэлегаты.

Мэханізм вылучэньня яшчэ не зацьверджаны. Але мяркуецца, што дэлегатаў будуць абіраць бальшынёю галасоў на грамадзкіх сходах. Агульнай колькасьцю – 5 чалавек ад адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі й прафэсійныя зьвязы таксама маюць права вылучыць па аднаму кандыдату. Дэлегатамі будуць лічыцца й дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія пажадаюць удзельнічаць у працы зьезду. Плянуемая колькасьць дэлегатаў – 1 тысяча чалавек.

Нявызначанай пакуль застаецца й дата правядзеньня Ўсебеларускага зьезду. Адзін з варыянтаў – 14 траўня. Падзея мусіць стаць своеасаблівым пратэстам супраць інтэргацыйных намераў уладаў. Адзін з аргумэнтаў на карысьць гэтае даты – тое, што ўлады могуць перахапіць ініцыятыву й наладзіць фарс замест сапраўднае агульнанацыянальнае падзеі.

Аднак ня выключана, што правядзеньне Ўсебеларускага зьезду будзе перанесена на восень. Гэта дазволіла б правесьці больш грунтоўную падрыхтоўку. У тым ліку й пры дапамозе вулічных акцыяў.

Ідэю скліканьня Ўсебеларускага зьезду абвесьцілі ў сярэдзіне лютага. Асноўная мэта: "заявiць усяму сьвету, што дзяржаўнасьць i дабрабыт Беларусi зьяўляюцца для ўсiх нас вышэйшымi каштоўнасьцямi, што мы нiколi не дазволiм ад нашага ймя гандляваць Радзiмаю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG