Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

(эфір 4 красавіка)
Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан, пра які афіцыйны Менск гаворыць з акцэнтам на эканамічныя дачыненьні, на рост гандлю паміж дзяржавамі, супрацоўніцтва ў галіне транспарту, адукацыі… Аглядальнікі схільныя лічыць, што гэты візыт чыста палітычны. Мы зьвязаліся з Масквой, з таджыцкім журналістам, дырэктарам Цэнтру экстрэмісцкай журналістыкі Алегам Панфілавым.

(Панфілаў: ) "Першая прычына ў тым, што прэзыдэнт Лукашэнка і прэзыдэнт Рахмонаў і самаізаляваныя, і ізаляваныя Захадам. Таму яны ня могуць рабіць візыты ў нейкія іншыя краіны апроч як у некалькі краінаў Азіі. І, натуральна, ня могуць адыгрываць істотнай ролі ў эўрапейскай палітыцы.

Гэта адзін фактар. А другі фактар – у тым, што гэты візыт хутчэй за ўсё – палітычны. І патрэбны ён перадусім Расеі, тым людзям, якія цяпер часьцей і часьцей гавораць пра інтэграцыю, асабліва пасьля таго, як у Расеі абраны новы прэзыдэнт. Владзімір Пуцін, відаць, будзе будаваць сваю палітыку ў СНД у кірунку інтэграцыі.

Калі гаварыць пра эканамічныя прычыны гэтага візыту, пра нейкія заключаныя кантракты, то ён выклікае калі ня ўсьмешку, але зьдзіўленьне. Бо Таджыкістан мае самую неразьвітую эканоміку на тэрыторыі былога СССР. Вырабляе ўсяго толькі 2 віды прадукцыі ў тым аб'ёме, каб можна было гандляваць. Гэта – алюміні і бавоўна. Але ўжо й алюміні цяпер вырабляецца ў вельмі абмежаванай колькасьці. І з бавоўнай у Таджыкістане цяпер – цяжка. Але ў Таджыкістана – шмат відаў на Беларусь. Былі гэтыя віды заўсёды: Таджыкістан адпраўляў у Беларусь ваенную тэхніку на рамонт. Як я ведаю з падзеяў 1993 году, Беларусь пастаўляла зброю для таджыцкага войска".

(Карэспандэнт: ) "Вы сказалі, што гэты візыт у інтарэсах Масквы.
Канкрэтызуйце, калі ласка".

(Панфілаў: ) "Расея зараз намагаецца кіраўнікоў тых краінаў СНД, якія пры Расеі трымаюцца, з дапамогай расейскай замежнай палітыкай, зрабіць іх большымі сябрамі. Але ж Беларусі і Таджыкістану сябраваць даволі лёгка, бо прэзыдэнты гэтых краінаў – адзіныя зь кіраўнікоў СНД – людзі адной прафэсіі. Абодва ў мінулым дырэктары саўгасаў. Палітычныя сыстэмы і ўнутрыпалітычная сытуацыя вельмі падобныя.
Праўда, у Таджыкістане апазыцыя ня можа праводзіць (нават падумаць пра іх!) мітынгі і дэманстрацыі, ў Таджыкістане, калі гаварыць пра свабоду слова, магу прывесьці такую лічбу – за апошнія 7 гадоў у Таджыкістане было забіта каля 70 журналістаў. Людзям з адміністрацыяў як Лукашэнкі, так і Рахмонава ёсьць пра што пагаварыць".

(Карэспандэнт: ) "Амбасадар Таджыкістану ў Беларусі Алім Рахімаў сёньня заявіў, што вельмі плённа разьвіваюцца дачыненьні паміж дзяржавамі ў гуманітарнай сфэры".

(Панфілаў: ) "Я ведаю шматлікіх таджыцкіх уцекачоў, якія гандлююць на Камароўскім рынку ў Беларусі, і якія жывуць у даволі кепскіх умовах. Я ад аднаго ўцекача атрымаў аркуш зь ягонага пашпарту. Ён вырваў яго і падарыў мне. Гэты лісток захоўваецца ў маім архіве. Гэта лісток са штампам Менскай гарадзкой адміністрацыі, у якім напісана: "Мусіць быць выдалены з гораду Менску". Вось гэта – гуманітарная сфэра ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Таджыкістанам".

На сувязі ў Маскве быў таджыцкі журналіст, дырэктар Цэнтру экстрэмісцкай журналістыкі Алег Панфілаў.

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG