Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Гэтымі днямі югаслаўская тэма зноў загучала ў заявах афіцыйных асобаў. Дарадчык амбасады Югаславіі ў Беларусі сёньня заявіў, што ваенных злачынцаў Караджыча й Младзіча ня можа быць ў Беларусі. У сакавіку адбудзецца візыт у Белград кіраўніка гэтак званага «Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі» Паўла Шыпука.

Сёньня дарадчык амбасады Югаславіі ў Беларусі Слабадан Ярчэвіч назваў неадпаведнымі рэчаіснасьці паведамленьні, нібыта Радаван Караджыч і Ратка Младзіч хаваюцца ў Беларусі. Нагадаем, што лідэр басьнійскіх сэрбаў Караджыч і камандуючы сэрбскімі войскамі ў Босьніі Младзіч былі прызнаныя міжнародным Гаагскім трыбуналам «ваеннымі злачынцамі». Югаслаўскі дыплямат сказаў, што, наколькі яму вядома, Караджыч цяпер пражывае ў Босьніі, а Младзіч знаходзіцца на тэрыторыі Сэрбіі.

Югаслаўская тэма гэтымі днямі зноў загучала ў выказваньнях некаторых беларускіх афіцыйных асобаў. На прэсавай канфэрэнцыі ў сераду кіраўнік Камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі гэтак званага «Савету Рэспублікі» Мікалай Чаргінец паведаміў, што ў сакавіку адбудзецца паездка ў Югаславію кіраўніка «Савета Рэспублікі» Паўла Шыпука. Гэты візыт, на думку Чыргінца, павінен «даць адказ на галоўнае пытаньне: далучыцца да хаўрусу Беларусі й Расеі жадаюць палітыкі або ўвесь югаслаўскі народ».

Забаўна, аднак, што дзеля пошуку адказу на гэтае пытаньне беларуская дэлегацыя плянуе спаткаецца ўсё ж з палітыкамі – зь лідэрамі югаслаўскіх партыяў і фракцыяў. А на пытаньне журналістаў, ці не пахаваная ўжо ідэя хаўрусу трох краінаў, Чаргінец адказаў: «Перш, чым ідэю пахаваць, спачатку яе трэба нарадзіць».

Калі спадар Чаргінец выказваў пэўныя сумневы наконт настрояў югаславаў, то для кіраўніка Камуністычнае партыі Беларускай Віктара Чыкіна аніякіх ваганьняў не йснуе. Сёньня Чыкін дзяліўся з журналістамі сваімі ўражаньнямі ад наведваньня зьезду кіруючае Сацыялістычнае партыі Югаславіі, які адбыўся 17-18 лютага. «Я быў на многіх зьездах, але такога – у сэнсе арганізаванасьці й маштабнасьці – яшчэ ня бачыў», – выказваў сваё захапленьне Віктар Чыкін.

Распавядаючы пра яднаньне югаслаўскага народу вакол прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча, лідэр КПБ нават паблытаў колькасьць удзельнікаў праўрадавых маніфэстацыяў. Спачатку ён сказаў, што каля 200 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы Белграду, скандуючы «Слобо, Слобо», а празь некалькі хвілінаў гэтая лічба вырасла ў вуснах Чыкіна да паўмільёну. Кіраўніку КПБ нават удалося спаткацца з самім Мілошавічам, але сустрэча гэтая мела выключна пратакольны характар. Увогуле ж пасьля NATOўскіх бамбаваньняў, паводле Чыкіна, югаслаўскі народ стаў больш жыцьцярадасным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG