Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

На сёньня баявыя дзеяньні ў Дагэстане ідуць у Навалацкім раёне, дзе паўстанцы, пад кіраўніцтвам палявых камандзіраў Хатаба і Гілаева, кантралююць 7 населеных пунктаў і вакол вёсак Карамахі і Чабанмахі Буйнацкага раёну. Паводле прэсавага цэнтру расейскага міністэрства абароны ў Махачкале, новыя аддзелы інсургэнтаў заўважаныя таксама ў вёсках Навалацкае і Гамінях…

Агульная колькасьць узброеных незалежнікаў, якія дзеяць у Навалацкім раёне, прыблізна 1800 чалавек. Усе мінулыя тыдні, ня гледзячы на актыўныя баявыя дзеяньні з ужываньнем авіяцыі, гарматаў і танкаў з боку расейцаў, інсургэнты замацоўваліся ў занятых населеных пунктах і сіламі мяйсцовага мужчынскага насельніцтва ўзводзілі абарончыя збудаваньні. У выніку ў раёне ўзьніклі доўгачасовыя абаронныя лініі і камунікацыі, празь якія зь Ічкерыі да баявікоў ідзе дапамога ў жывой сіле і боезапасах.

Паводле ранішніх паведамленьняў, сёньня фэдэралы выбілі паўстанцаў з раёну стратэгічна важнае гары Экітэбэ, а таксама працягвалі бамбаваньне правага берагу ракі Яман-су, дзе, паводле выведкі, знаходзіцца штаб Басаева й Хатаба.

У Буйнацкім раёне, дзе аблога вёсак Карамахі і Чабанмахі доўжыцца ўжо больш як 10 дзён, расейцы пачалі рыхтавацца да ўводу ў дзеяньне спэцназу, нутранага войска й дэсантнікаў. Яны вядуць масаваны абстрэл пазыцыяў інсургэнтаў пры дапамозе гарматаў і штурмавой авіяцыі. Пры гэтым, канкрэтныя тэрміны апэрацыі вызначаюцца як "максымальна сьціслыя". Паводле паведамленьняў, у вёсцы Карамахі фэдэралы спрабавалі сёньня працягнуць так званую "зачыстку мяйсцовасьці", але сутыкнуліся з жорсткім супрацівам у выніку чаго 8 спэцназаўцаў былі параненыя. Страты баявікоў ацэньваюцца расейскім бокам у 24 чалавекі.

Складанай застаецца сытуацыя на кізьлярскім кірунку, дзе ў прымежных раёнах Ічкерыі заўважаная канцэнтрацыя баявікоў. Гэта змусіла расейцаў, цягам мінулае ночы, весьці гарматны папераджальны абстрэл тэрыторыі суседняе рэспублікі. Паводле віцэ-прэм'ера Ічкерыі Казбэка Махашава, фэдэральная авіяцыя тры дні бамбавала населеныя пункты Ведзіно, Нажай-Юрт і Замай-Юрт. У выніку загінулі 26 мірных жыхароў, у зьвязку з чым у Ічкерыі абвешчаная жалоба.

Тым часам да дзейных у Дагэстане фэдэральных сілаў дадаюцца новыя. Толькі ў апошні дзень у зону канфлікту выехалі АМОНаўцы Ўладзівастоку, Хабараўску і Якуцку.

Паводле прэсавай службы міністэрства нутраных справаў Расеі, цягам апошніх сямі дзён баёў нутранае войска страціла 66 забітымі, 246 параненымі і 17 зьніклымі ў невядомасьці.

На тле гэтых падзеяў старшыня ўраду Рэспублікі Дагэстан Хізры Шыхсаідаў заяўляе, што "шыракамаштабныя баявыя дзеяньні ў Дагэстане павінны закончацца ў верасьні". Пры гэтым ён спасылаецца на вынікі паседжаньня Рады Бясьпекі, якія, на думку Шыхсаідава, мусяць падштурхнуць усе сілавыя структуры Расеі да самых жорсткіх захадаў. Апрача гэтага, старшыня ўраду спадзяецца на народнае рушаньне Дагэстану, якое на сёньня мае ў сваіх шэрагах 25 тысячаў чалавек, зь якіх на сёньня ўзброеныя 4 тысячы. У той самы час кіраўнік дагэстанскага ўраду наўпрост абвінаваціў афіцыйны Грозны ў, як ён сказаў, "экстрэмісцкай агрэсыі" і выказаўся за як найхутчэйшы разгляд пытаньня пра статус Ічкерыі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Што ж да кіраўніцтва Расеі, то сёньня старшыня думскага камітэту ў справе абароны Раман Папковіч заявіў пра патрэбу ўвесьці ў Дагэстане надзвычайнае становішча і адзначыў, што гэты канфлікт ужо каштаваў Расеі 2,5 мільярды рублёў.

Тым часам працягвае расьці колькасьць уцекачоў, якая на сёньня дасягнула 22 тысячаў чалавек. Пра гэта паведамляе Ўправа Вышэйшага камісара ААН у справах уцекачоў і дадае, што ўцякацкая плынь працягвае расьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG