Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Сёняшнія падзеі ў Іране вельмі нагадваюць часы ісьлямскай рэвалюцыі, якая адбылася ў гэтай краіне дваццаць гадоў таму. У аўторак паліцыя ўжыла сьлезаточны газ супраць дэманстрантаў і выпадковых мінакоў, а таксама страляла ў паветра зь пісталетаў і аўтаматаў. На вуліцах Тэгерану адбываліся жорсткія сутычкі.

З прычыны агульнага бязладу і гвалту ў іранскай сталіцы зачыніліся сотні крамаў, банкаў, бэнзакалёнак, супэрмаркетаў і афіцыйных установаў. Спыніў сваю працу нават велізарны рынак на поўдні Тэгерану.

На вуліцах гораду запахла страхам і замяшаньнем, калі на стрыманьне гэтых самых буйных хваляваньняў за ўсю гісторыю ісьлямскай рэспублікі былі кінутыя дзясяткі тысячаў паліцыянтаў, вайскоўцаў, агентаў службы бясьпекі, розных іранскіх амонаўцаў і спэцназаўцаў з шчытамі і шаломамі, а таксама байцоў рэвалюцыйнай гвардыі ды добраахвотнікаў з даўгімі зялёнымі кіямі.

Гэтая ўзброеная маса расьцяклася па вуліцах вакол тэгеранскага ўнівэрсытэту, сілы парадку ўжывалі супраць дэманстрантаў сьлезаточны газ, а тыя ў сваю чаргу распальвалі вогнішчы на галоўных скрыжаваньнях. Адусюль чулася бязладная страляніна.

Іранскі прэзыдэнт-рэфарміст Мухамад Хатамі ў аўторак увечары нечакана зьмяніў свой тон і пасьля сустрэчы з рэлігійнымі лідэрамі асудзіў дэманстрацыі, у выніку якіх як найменей два чалавекі загінулі і шмат іншых былі параненыя ды арыштаваныя.

Хатамі ды іншыя афіцыйныя асобы далі зразумець, што не пацерпяць працягу пратэстаў. Разам з тым Хатамі заявіў:

(Хатамі: ) «У рамках урадавай палітыкі і ў інтарэсах краіны мы спрабавалі і будзем спрабаваць не адказваць тэрорам на тэрор, а ўжываць законныя сродкі. Гэтак пастанавіла і Рада Нацыянальнай Бясьпекі»

Міністар абароны Алі Шамхані абвясьціў, што антыўрадавыя пратэсты ў краіне спыненыя. «Ад гэтае серады, - сказаў ён, - у краіне любой цаною будзе забясьпечаны спакой».

Хваляваньні распачаліся 8 ліпеня, пасьля таго, як студэнты выступілі з пратэстам супраць прыняцьця закону, які абмяжоўвае свабоду друку і супраць закрыцьця папулярнай апазыцыйнай газэты.

Студэнты дамагаюцца як найхутчэйшага руху да дэмакратыі і культурнай свабоды, абяцаных прэзыдэнтам Хатамі. Прапанаваныя Мухамадам Хатамі рэформы блякуюцца кансэрватарамі, якіх узначальвае найвышэйшы рэлігійны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі. Аднак студэнты не заклікаюць да зьмены ісьлямскай сыстэмы кіраваньня краінай.

Выступіўшы ў панядзелак з патрабаваньнямі стрыманасьці і павагі да законаў, у аўторак увечары Хатамі заявіў у праграме іранскай тэлевізіі, што мірныя дэманстрацыі пратэсту перарасьлі ў бунт, кіраваны людзьмі з д'яблавымі намерамі.

На думку Хатамі, пратэсты пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, яны скіраваныя на падрыў асноваў сыстэмы і вядуць краіну да анархіі.

Прэзыдэнт паабяцаў спыніць пратэсты. «Мы мусім стаць на іхным шляху», - заявіў ён.

Гэтыя заявы яшчэ раз выявілі абмежаванасьць улады Хатамі ў рамках сыстэмы, дзе гэтак званы лідэр ісьлямскай рэвалюцыі аятала Алі Хамэнэі мае ў сваіх руках значна больш улады, чым усенародна абраны прэзыдэнт.

Шырокія праявы крытыцызму на адрас ураду падкрэсьліваюць усеагульнае расчараваньне насельніцтва. Іранская эканоміка перажывае глыбокі крызыс, краіна церпіць ад высокай інфляцыі і беспрацоўя, недаверу з боку інвэстараў. Асабістая бясьпека і шмат якія свабоды грамадзянаў моцна абмежаваныя.

Тым часам 65% насельніцтва краіны складае моладзь да 52 гадоў, якія ўжо амаль нічога ня ведаюць пра рэвалюцыю і пра гераічную васьмігадовую вайну зь Іракам. Затое шмат хто з маладых іранцаў добра ведае што такое інтэрнэт, яны таксама маюць магчымасьць глядзець сатэлітарныя тэлеканалы. Яны патрабуюць працы і свабоды.

Сёньня ў Тэгеране адбылася заплянаваны ўладамі афіцыйны мітынг у падтрымку ўраду.

ОР071404

Тысячы іранцаў сабраліся перад будынкам Тэгеранскага Ўнівэрсытэту, дзе перад імі выступілі высокія афіцыйныя асобы. Прадстаўнікі ўладаў заявілі, што не дазволяць дэманстрантам кінуць выклік рэлігійнаму кіраўніцтву краіны.

Мітынг цягнуўся дзьве гадзіны, пасьля чаго ягоныя ўдзельнікі спакойна разыйшліся. Паводле карэспандэнтаў, на мітынгу не было відаць нікога з удзельнікаў студэнцкіх пратэстаў. Раней яны паведамлялі, што будуць байкатаваць афіцыйныя мітынгі.

Галоўны прамоўца, сакратар Найвышэйшай Рады Нацыянальнай Бясьпекі Хасан Раўхані, заявіў на мітынгу, што ўрад ўжыве рашучыя дзеяньні супраць любых бунтаўнікоў.

(Раўхані ) «Тыя, хто нішчыў грамадзкую маёмасьць, буяніў на вуліцах і выступаў супраць ісьлямскай сыстэмы кіраваньня, будуць сурова асуджаныя як ворагі рэвалюцыі»

Паводле Раўхані, некаторыя з арыштаваных дэманстрантаў могуць быць засуджаныя да сьмяротнага пакараньня. Колькасьць арыштаваных не паведамляецца, але паводле неафіцыйных крыніцаў яна складае каля 200 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG