Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

25 траўня Нацыянальны Выканаўчы Камітэт («ценевы ўрад») прыняў надзвычай важнае рашэньне — пачынаецца праца над стварэньнем канцэпцыi нацыянальнага разьвiцьця Рэспублiкi Беларусь. Што гэта за канцэпцыя і навошта яна патрэбная? Хто будзе яе рыхтаваць?

Запрошаны на паседжаньне Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту старшыня Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Сямён Шарэцкі так патлумачыў неабходнасьць распрацоўкі канцэпцыі нацыянальнага разьвіцьця нашай краіны: «Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён ня меў ніякай сур'ёзнай праграмы разьвіцьця Беларусі. Літаральна «на хаду» ягоныя дарадцы склалі паперку, якой далі назоў «эканамічная праграма». Сутнасьць яе зьвялася да адной тэзы: усе беды ідуць ад развалу Савецкага Саюзу. А таму і генэральная лінія акрэсьлілася ў выглядзе вяртаньня да таго, што ўжо было».

Дзеля таго, каб сёньняшняя апазыцыя не апынулася ў такім самым становішчы, і трэба распрацаваць канцэпцыю нацыянальнага разьвіцьця краіны. Дарэчы, калі Нацыянальны Выканаўчы Камітэт толькі ствараўся, менавіта гэтая задача бачылася галоўнай, але так атрымалася, што камітэт пачаў распрацоўку канкрэтных заканадаўчых актаў — у эканоміцы. юрыспрудэнцыі, для сродкаў масавай інфармацыі, у іншых галінах. Але час паказаў — паміж канстытуцыяй і законамі патрэбны нейкі прамежкавы галоўны закон у выглядзе канцэпцыі нацыянальнага разьвіцьця, бо, як заўважыў юрыст Сяргей Леўшуноў, канстытуцыя не дае адказу на шэраг надзвычай важных сёньня пытаньняў.

Напрыклад, у эканамічнай галіне ёсьць як мінімум тры варыянты разьвіцьця Беларусі. Першы — весьці самастойную палітыку, другі — арыентавацца на Расею, трэці — інтэгравацца ў эўрапейскую супольнасьць. Альбо ўзяць вайсковыя справы. Той самы сп. Леўшуноў адзначыў, што асабіста ён нэгатыўна ставіцца да дзеяньняў Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Югаславіі. Здавалася, што Беларусі непатрэбна ўваходзіць у гэты блёк, але з другога боку падзеі красамоўна паказваюць — эфэктыўна паўплываць на альянс можа толькі тая краіна, якая сама ўваходзіць у блёк. І падобных праблемаў шмат.

Пытаньне, як бачыце, складанае, таму так неабходна мець пэўную канцэпцыю дзеяньняў, асноўныя напрамкі ва ўсіх важнейшых сфэрах жыцьця.

Нацыянальны Выканаўчы Камітэт сёньня стварыў адмысловую камісію, якая зоймецца падрыхтоўкай канцэпцыi нацыянальнага раьзвiцьця Рэспублiкi Беларусь. Узначалiў яе Мечаслаў Грыб, які цяпер выконвае абавязкi старшыні НВК. А ў камісіі створаная рабочая група, кіраваць ёй будзе Сяргей Леўшуноў. Вакол гэтай групы і аб'яднаюцца экспэрты, аналітыкі, навукоўцы. Дарэчы, сярод іх ёсьць і такія, што цяпер працуюць у дзяржаўных установах, але яны гатовыя прыкласьці свае веды да канцэпцыі, тым больш, што яе падрыхтоўка зойме год, а можа нават і больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG