Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір зарэгістраваныя сёньня кандыдатамі ў прэзыдэнты. Афіцыйныя ўлады не дазволілі правесьці цырымонію ў прэзыдэнт-гатэлі «Кастрычніцкі», і старшыня ЦэнтарВыбарКаму Віктар Ганчар правёў цырымонію на ганку.

Афіцыйная цырымонія рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты адбылася сёньня насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі — на ганку прэзыдэнт-гатэля «Кастрычніцкі». А 14 гадзіне старшыня ЦВК Віктар Ганчар уручыў пасьведчаньні кандыдатаў у прэзыдэнты Сяргею Папкову, які ўзначальвае перадвыбарчы штаб Пазьняка, і Васілю Шлындзікаву, які кіруе штабам Чыгіра.

Як паведаміў Віктар Ганчар, штаб Зянона Пазьняка сабраў 137 325 подпісаў за вылучэньне свайго кандыдата, штаб Міхаіла Чыгіра — 120 249 подпісаў. Цырымонія адбылася пад воклічы «Жыве Беларусь!»

Ганчар паведаміў, што рашэньне аб рэгістрацыі было прынятае амаль поўным складам ЦэнтарВыбарКаму — бяз трох сяброў, якія сёньня выкліканыя на допыт. Адказваючы на імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі на пытаньні нашага радыё — якім Ганчар бачыць саму працэдуру выбараў у траўні, старшыня ЦэнтарВыбарКаму заявіў:

(Ганчар:) «Гэтая кампанія будзе бездакорная з нарматыўнага гледзішча і палітычна завершыцца абраньнем новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 2 красавіка адбудзецца каардынацыйная нарада з старшынямі абласных і менскай гарадзкой камісіі, дзе будзе даведзеная інфармацыя пра арганізацыю галасаваньня. Хачу сказаць, што, згодна з заканадаўствам, галасаваньне будзе праводзіцца на працягу 10 дзён — ад 6 да 16 траўня ўлучна».

Віктар Ганчар паведаміў, што ўжо зацьверджаны ўзор бюлетэня для галасаваньня.

Камэнтуючы выказваньні намесьніка кіраўніка маніторынгава-кансультатыўнай групы АБСЭ ў Менску сп. Ганса-Пітэра Кляйнэра пра тое, што АБСЭ, маўляў, не прызнае травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў, Ганчар заявіў:

(Ганчар:) «Я ўпэўнены, што гэта выказваньне прыватнай асобы і гэта — прыватнае меркаваньне. Я мяркую, што яно выказанае толькі ў сувязі з блізкім ад'ездам сп. Кляйнэра з Рэспублікі Беларусь».

Віктар Ганчар таксама паведаміў, што ад моманту рэгістрацыі Чыгіра кандыдатам у прэзыдэнты ўлады, паводле заканадаўства, ня могуць прыцягваць яго да крымінальнай адказнасьці. Факт затрыманьня экс-прэм'ера Ганчар ахарактарызаваў так:

(Ганчар:) «На жаль, я не магу камэнтаваць схізафрэнічных дзеяньняў уладаў. Гэта не з галіны палітыкі. Што да палітычных вынікаў, дык арышт Міхаіла Чыгіра надаў новы палітычны імпульс гэтай кампаніі».

Паказальным для прэзыдэнцкай кампаніі ёсьць той факт, што самі кандыдаты на цырымоніі прысутнічаць ня здолелі. Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, Міхаіл Чыгір утрымваецца ў менскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG