Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 1998 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Учора адбыліся пікеты ў Пінску й Ганцавічах. У Пінску ўдзельнікі пікету трымалі бел-чырвона-белы сьцяг ды плякаты з надпісамі «Усеагульная Дэклярацыя Правоў Чалавека - 50 год», «У Беларусі ёсьць палітвязьні», «Кожны Беларус мае права паесьці», а таксама некалькі плякатаў з цытатамі з Усеагульнай Дэклярацыі. Нягледзячы на даволі моцны мароз і завіруху, пікет доўжыўся больш за гадзіну і выклікаў сапраўдную цікаўнасьць у жыхароў гораду.

Паводле словаў кіраўніка пінскага аддзяленьня БГК Віктара Ярашука, апошнім часам у сьвядомасьці простых людзей у Пінску адбыліся значныя перамены. Цяпер абсалютная большасьць пінчукоў, якія падыходзілі да пікетчыкаў, настроеныя прыязна. Людзі падтрымліваюць, пытаюцца, што трэба рабіць, значна менш баяцца. Яшчэ год таму некаторыя жыхары гораду гатовыя былі літаральна кінуцца з кулакамі на людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і антыпрэзыдэнцкімі лёзунгамі, кажа сп. Ярашук. Трэба адзначыць таксама, што акрамя звычайных эканамічных праблемаў людзі спрабавалі абмяркоўваць зь пікетчыкамі таксама й праблемы парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, пыталіся, як можна абараніць свае правы. Рэпаратаж аб пікеце пінскіх праваабаронцаў быў паказаны ўвечары на мясцовым незалежным тэлеканале.

Аналягічны пікет адбыўся 10 сьнежня і ў райцэнтры Ганцавічы. Некалькі актывістаў мясцовай суполкі Беларускага Народнага Фронту каля дзьвюх гадзінаў стаялі ў пікеце ў гарадзкім сквэры насупраць будынку раённай адміністрацыі. Ганцавіцкія фронтаўцы трымалі плякаты з надпісамі «За гады дыктатарскага рэжыму ў Беларусі зьявіліся палітвязьні», «Кожны чалавек мае права на свабоду», «Свабоду палітвязьням» ды іншыя. Паводле словаў аднаго з пікетчыкаў, вядомага мясцовага актывіста Мікалая Занька, стаўленьне жыхароў Ганцавічаў да выступаў апазыцыі апошнім часам таксама значна палепшылася. Людзі нават сталага ўзросту цяпер больш цікавяцца патрабаваньнямі апазыцыянэраў. Больш стала людзей, якія не баяцца публічна падтрымаць пікетчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG