(эфір 18.11.2000)
Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў
Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я, у прамыслова
разьвітых краінах Эўропы колькасць хворых на дыябэт на працягу апошніх
10-ці гадоў узрасла на 20%. У Злучаных Штатах Амэрыкі гэтыя лічбы яшчэ
больш сумныя. Тут колькасьць хворых узрасла за дзесяцігодзьдзе ажно на
30%.
Нашая перадача “Бывайце здаровы” выходзіць у эфір ужо каля паўгоду.
І той, хто ўважліва сочыць за ёй, памятае, што пачалася яна вызначэньнем
10 галоўных “ворагаў” беларусаў, дзесяці небясьпечных хваробаў, ад якіх
найчасьцей паміраюць жыхары краіны. Гэта: сардэчна-сасудавыя, ракавыя захворваньні,
хваробы дыхальных шляхоў, страваваньня і інш.
Але, як сьцьвердзіў у размове з беларускай “Свабодай” выканаўчы дырэктар
Эўрапэйскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я доктар Марк Данзон,
статыстыка гэтая не да канца дакладная.
Першапрычынай такіх небясьпечных ворагаў чалавека, як сардэчна-сасудавыя
захворваньні, хваробы нэрвовай сыстэмы, мочаполавых ворганаў, дыхальных
шляхоў і інш. зьяўляецца адна хвароба, якую амаль ніхто не разглядае ў
якасьці сьмяротнай небясьпекі. Гэта дыябэт. Менавіта ён разбурае імунную
сыстэму арганізма такім чынам, што адкрывае шлях да разьвіцьця сардэчна-сасудавых
і іншых хваробаў, якія ў мэдычных статыстыках фігуруюць у якасьці прычынаў
сьмерці.
Сёньня Ўсясьветная арганізацыя здароў’я пераглядае гэты падыход да мэдычнай
статыстыкі. А ў ЗША ў гэтым кірунку ўжо зробленыя першыя крокі.
Міністэрства аховы здароў’я ЗША лічыць, што сёньня хворых-дыябэтыкаў
у Амэрыцы цэлая армія – амаль 16 млн. чалавек. Некаторыя лекары нават гавораць
пра эпідэмію дыябэту. Паводле дадзеных Ню-Ёркскага дыябэтычнага гарадзкога
цэнтру, у самым вялікім горадзе Амэрыкі кожны 12-ы чалавек хворы на дыябэт.
Але самае бадай што небясьпечнае тут тое, што прыблізна кожны трэці дыябэтык
ня ведае, што ён хворы.
Сёньня цукроўка моцна памаладзела. Цяпер сярод хворых усё часьцей і
часьцей сустракаюцца маладыя людзі ва ўзросьце да 30 гадоў. Дыябэт можа
быць двух тыпаў: першага і другога. Першы тып – гэта хвароба імуннай сыстэмы,
калі імунная сістэма арганізму пачынае змагацца не супроць вонкавай інфэкцыі,
а супроць іншай часткі арганізму чалавека. Яна атакуе тыя клеткі арганізму,
якія прадукуюць інсулін, і зьнішчае іх. Падстраўнікавая залоза прадукуе
недастатковую колькасьць інсуліну, і такі хворы асуджаны на штодзённае
прыняцьцё інсуліну на працягу ўсяго жыцьця.
Прыгадаем галоўныя сымптомы дыябэту першага тыпу: частыя болі галавы,
пагаршэньне зроку, частыя прыступы голаду альбо смагі, частае мочаспусканьне,
сухая скура і частыя захворваньні скуры.
Другі тып цукроўкі сустракаецца значна часьцей, чымся першы. Ад 90 да
95% ўсіх дыябэтыкаў – гэта хворыя на другі тып дыябэту. Гэтая форма хваробы
звычайна зьяўляецца ў людзей ва ўзросьце пасьля 40 гадоў, хаця, як адзначалася
раней, пашыраецца колькасьць захворваньняў сярод 30-ці і нават 20-гадовых.
Пераважная бальшыня людзей, хворых на другі тып дыябэту, мае залішнюю вагу.
У іх падвышаны крывяны ціск і падвышаная вязкасьць крыві.
У хворых на другі тып дыябэту падстраўнікавая залоза звычайна прадукуе
дастатковую колькасьць інсуліну, але ў сувязі з невысьветленымі дасюль
прычынамі арганізм хворага ня ў стане выкарыстоўваць яго. І таму пасьля
некалькіх гадоў хваробы колькасьць інсуліну, які прадукуе залоза, скарачаецца.
У выніку паступова другі тып дыябэту паволі пераходзіць у першы з усімі
ягонымі нэгатыўнымі наступствамі. І хворы вымушаны таксама штодня прымаць
інсулін.
Вучоныя адкрылі інсулін толькі ў 1921 годзе. А да гэтага ўсе хворыю
на першы тып цукроўкі былі аўтаматычна асуджаныя на сьмерць на працягу
1 – 2 гадоў пасьля пастаноўкі дыягназу. Цяпер жа, атрымліваючы інсулінавыя
ін’екцыі і прытрымліваючыся адпаведнай дыеты, можна, хаця й не зусім камфортна,
жыць даволі доўга.
Прычына дыябэтычнай хваробы да сёньняшняга дня адна з апошніх таямніцаў
“Гіпакрата”. Вучоны ня ведаюць дакладную прычыну яе ўзьнікненьня. Цяпер
ідуць інтэнсыўныя даследваньні геннай структуры чалавека, ягонай імуннай
сыстэмы.
Вядома, аднак, што адпаведны стыль жыцьця можа прадухіляць узьнікненьне
і разьвіцьцё хваробы. Вось некаторыя парады, зацьверджаныя Амэрыканскай
асацыяцыяй лекараў-эндакрынолягаў:
- кожны дзень прысьвячаць ня менш як 30 хвілінаў фізычным практыкаваньням;
- спажываць толькі нізкакалярыйную, багатую на вітаміны і мінэралы ежу;
- штодня харчавацца па магчымасьці ў адзін і той самы час;
- рэгулярна правяраць крывяны ціск і ўзровень цукру ў крыві;
- не курыць і абмежаваць прыём алькаголю;
- рэгулярна чысьціць зубы і дзясны.
І на заканчэньне гэай часткі нашай праграмы мы прапануем кароткі тэст
для тых, хто занепакоены станам свайго здароў’я і падазрае ў сябе дыябэт.
Адкажыце на наступныя пытаньні і запішыце свае адказы, калі ласка. Адказваць
трэба толькі “так” ці “не”.
1. Ці ў вас часта бываюць галаўныя болі?
2. Ці ў вас ёсьць брат альбо сястра, хворыя на дыябэт?
3. Ці хто-небудзь з вашых бацькоў хворы-дыябэтык?
4. Ці вы ўстрымліваецеся ад заняткаў некалькі разоў на тыдзень спартовымі
практыкаваньнямі?
5. Ці вы мелі на працягу некалькіх апошніх год хваробы скуры?
Калі на бальшыню гэтых пытаньняў вы адказалі: “Так” -- у вас ёсьць прычыны
для неспакою.
А зараз нашая традыцыйная рубрыка “новыя навуковыя распрацоўкі і навіны
мэдычнага жыцьця”:
Новазэляндзкія навукоўцы з Оклендзкага ўнівэрсытэту адкрылі, што гарэхі
кактусавай пальмы, якая сустракаецца толькі ў Новай Зэляндыі, зьяўляюцца
эфэктыўным лекам для хворых на шызафрэнію. Высьветлілася, што ў склад гарэхаў
уваходзіць хімічны зьвяз алькалёід арэколіна, узьдзеяньне якога вельмі
падобнае да ўзьдзеяньня транквілізатараў. Але ў адрозьненьне ад штучных
лекаў, гарэхі пальмы ня маюць нэгатыўнага пабочнага эфэкту. Адзіны нэгатыўны
момант – калі жуеш гарэхі, зубы афарбоўваюцца ў чырвона-карычневы колер.
Так што ўвесь час трэба хадзіць з зубной шчоткаю.
Навукоўцы з Чыкагскага ўнівэрсытэту ў ЗША ў выніку экспэрымэнту адкрылі,
што выкурваньне нават адной цыгарэты можа выклікаць сталыя хімічныя зьмены
ў мазгах. У часе экспэрыменту на пацуках у іхных мазгах быў знойдзены адпаведны
рэцэптар, які рэагуе на нікатын. Сталае ўзьдзеяньне на яго нікатыну падвышае
чульлівасьць курца і выклікае з кожнай выкуранай цыгарэтай больш і больш
прыемнасьці. Таму так цяжка кінуць курэньне. Гэтае адкрыцьцё дазволіць,
магчыма, распрацаваць новыя мэтады змаганьня з курэньнем.
Японскія навукоўцы адкрылі, што зерне какао-бабоў зьнішчае бактэрыі
ў поласьці рота і затрымлівае разьвіцьцё карыесу. Какао-бабы, якія зьяўляюцца
падставай у вытворчасьці чакаляды, у значнай ступені нэўтралізуюць нэгатыўны
ўплыў чакаляднага цукру. Цяпер у Японіі распрацоўваецца тэхналёгія дадатку
экстракту з какао-бабоў да зубной пасты.
Італьянскія лекары-навукоўцы з Міланскага ўнівэрсытэту адкрылі, што
нэрвовыя клеткі могуць у адпаведных варунках трансфармавацца ў клеткі сэрца,
пячонкі і нават крыві. Цяпер амэрыканскія фірмы працуюць на падставе гэтага
адкрыцьця над канструкцыяй спэцыяльнай апаратуры, якая б магла з дапамогай
трансфармацыі клетак садзейнічаць аднаўленьню пашкоджаных хваробай ворганаў
пацыэнтаў.
Мікола Іваноў, Прага
Самае папулярнае
1