Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пра Пацея, Транквіліён-Стаўравецкага і Філіповіча


Гутарка зь Іванам Саверчанкам

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка

Што мы сёньня ведаем пра старую беларускую літаратуру?

Ведаем, што была такая, што пісалі тады на тагачаснай беларускай і на іншых мовах, што была яна ня надта разьвітая, што не дала сьвету ані Пэтраркі, ані Сэрвантэса, ані Шэкспіра. Нешта чулі пра старыя хронікі, пра перакладныя рыцарскія раманы XV стагодзьдзя, пра Біблію Скарыны, пра росквіт паэзіі ў XVI-м і пачатку XVII-га стагодзьдзяў, пра палымяную публіцыстыку беларускіх палемістаў і пра шматлікія дыярыюшы. Нешта чулі, але амаль ніхто нічога не чытаў. У школе гэтага ані старэйшыя пакаленьні ані маладзейшыя не праходзілі, на паліцах беларускіх кніжных аматараў стаяць н1 зборнікі вершаў Рымшы ці Сарбеўскага, але тамы Пушкіна, Брюлова і Цветаевай - у лепшым выпадку там ёсьць кнігі Купалы, Коласа і Караткевіча.

Палітычныя і гістарычныя ўмовы такой сытуацыі вядомыя. Гэта 200-гадовы нацыянальны палон і, як вынік яго, страшэнная няразьвітасьць гуманітарнай сфэры.

Але ня толькі. Выдайце сёньня поўны збор вершаў нашых паэтаў XVI-XVII стагодзьдзяў. Ці шмат людзей здолеюць яго прачытаць?.. А яшчэ меньш, думаю, здолеюць ацаніць мастацкія вартасьці гэтых твораў. Прычына гэтага - немалая адлегласьць паміж старой беларускай мовай і новай, па-першае, і шматмоўнасьць нашай тагачаснай літаратуры, па-другое. І першае і другое не вылучаюць нас моцна ў Эўропе, тут мы не адзіныя. Але іншыя народы гэты шлях прайшлі, яны ўжо выдалі і пераклалі асноўнае са сваёй старой літаратуры, а некаторым дык і ўвогуле пераклады не былі патрэбныя. Ну а ў нас гэта ўсё яшчэ наперадзе. І нам усё яшчэ замінаюць гэта рабіць.

Але тое-сёе ўсё ж робіцца. Для гутаркі ў «Раздарожжах» я запрасіў сёньня аднаго з тых, хто аддае гэтай справе цэлы свой час. Што праўда, цяпер у Беларусі яго імя троху недарэчна згадваецца ў іншым кантэксьце. Гэта вядомы беларускі навуковец Іван Саверчанка, аўтар пяці кніжак і шэрагу калектыўных манаграфіяў і падручнікаў. Зараз ён, скончыўшы сваю шостую кнігу пра кніжную пісьмовую культуру старой Беларусі, сеў за сёмую - кнігу перакладаў са старой беларускай літаратуры.

Першае пытаньне, якое я задаў Івану, датычылася асаблівасьцяў ягонага падыходу да старой беларускай літаратуры.

ххх

І.С. - Старажытнабеларускае пісьменства дасьледуецца асабліва актыўна апошнія пяць гадоў. Але справа ў тым, што на працягу 70-ці гоадоў беларускае пісьменства, фактычна, не дасьледавалася. А можа і больш, бо ў дарэвалюцыйны час яно дасьледавалася пераважна расейскімі навукоўцамі, і працы іх, натуральна, былі аднабаковыя, тэндэнцыйныя.

Мае дасьледаваньні - гэта працы ўнівэрсальнага тыпу з выкарыстаньнем розных мэтодыкаў: крыніцазнаўчых, тэксталягічных, гісторыка-літаратурных, тэарэтычных. Гэта - унівэрсальны падыход да старога беларускага пісьменства. Пры ім дасьледуюцца ня толькі помнікі ўласна літаратурныя, але і помнікі прававой культуры, моўнай, іншымі словамі, дасьледуецца шырокі пласт старабеларускага пісьменства.

На гэтым шляху былі і адкрыцьці. Мне пашчасьціла знайсьці ўнікальны, адзіны экзэмпляр кнігі рэдкага нашага таленавітага пісьменьніка Іпата Пацея - ягоны бэлетрызаваны твор «Справядлівае апісаньне Берасьцейскага Сабору». Старадрукаваны тэкст гэтага помніку захаваўся выключна ў адным экзэмпляры. Я зрабіў зь яго фатакопію, і на працягу паўгода я працаваў над яго тэксталягічнай рэканструкцыяй. Цяпер ужо маю яго кампутарны варыянт - электронную вэрсію, і кампутарную раздрукоўку. На падставе гэтай тэксталягічнай апрацоўкі я зрабіў яго пераклад і думаю, што чытачы з ахвотай прачытаюць гэты рэдкі гістарычны і літаратурны твор, які мы ім вяртаем.

Многія творы старабеларускага пісьменства на нашай старой мове зьніклі бясьсьледна. Скажам, творы Сымона Буднага «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам», найепшыя творы Мялеція Сматрыцкага, ягоны «Трэнас» на старабеларускай мове, ня ведаем мы таксама і некаторых твораў на старабеларускай мове таленавітага пісьменьніка Сільвестра Косава. Адным словам, рэестар страчаных кніг на нашай старой мове вымяраецца многімі дзясяткамі.

С.А. - Я ведаю, што ты, фактычна, падрыхтаваў працу па кніжнай і пісьмовай культуры Беларусі XVI-XVII стагодзьдзяў. Як бы ты ахарактарызаваў цэлы масіў гэтай творчасьці, і якія асаблівасьці нашай пісьмовай культуры ты б назваў? Як Беларусь тут выступае ў параўнаньні з сваімі суседзямі?

І.С. - Сапраўды, каля 5 гадоў я працаваў над тэмай «Кніжна-пісьмовая культура Беларусі». Гэта манаграфічнае дасьледаваньне з такім ракурсам - барацьба ідэяў у нашай культуры Адраджэньня, у пэрыяд Рэнэсансу і Барока.

Гэтае дасьледаваньне паказала, які ўсё ж быў калясальны інтэлектуальны патэнцыял нашых продкаў, наколькі глыбокімі былі іх філязофскія, паліталягічныя, тэалягічныя распрацоўкі.

Я разглядаю барацьбу ідэяў вакол Люблінскае Уніі, паліталягічныя аспэкты гэтае барацьбы, ідэйныя сутыкненьні вакол царкоўнае Уніі - падыход да яе уніяцкае традыцыі, праваслаўнае, пратэстанцкае. Пры гэтым я бачу, як да гэтага ставіліся ў Эўропе, у Расеі. Адным словам, магу сказаць, што ў эпоху Рэнэсансу і Барока ў Беларусі існаваў надзвычай высокі градус інтэлектуальнае напругі.

Сутыкненьне розных ідэяў і падыходаў спараджала літаратуру экспрэсіўную, літаратуру высокамастацкую. Гэта і вылучае нашую культуру. Яна - неаднаплянавая, яна - рознаўзроўневая, шматмаштабная. Яе нельга нават і параўноўваць з тагачаснай маскоўскай кніжнай культурай. Расейская кніжнае пісьменства - аднастайнае, адналінейнае, дыскусіі калі і вядуцца, дык яны вельмі неістотныя для літаратуры. Іх пісьменства вельмі мінорнае, у той час як нашае пісьменства экспрэсіўнае, жывое. Нашая літаратура шукае апірышча ў сусьветнай культуры, нашыя аўтары зьвяртаюцца і да антычнай і да бізантыйскай культуры, да гішпанскай, нямецкай, ангельскай культураў. Мацей Сарбеўскі, Пётра Скарга, уніяцкія пісьменьнікі Іпат Пацей, Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі.

Гэты апошні - найвыдатнейшы прапаведнік, ня вернуты, дарэчы, яшчэ па-сапраўднаму ў нашую культуру. Ён — аўтар выдатных твораў, гэткіх як“ «Зярцала Багаслоўя», дзе ён упершыню выклаў цэлую натурфілязофскую дактрыну, аўтар выдатнага зборніка вершаў. Нядаўна адзін зь нямецкіх дасьледнікаў абараніў доктарскую дысэртацыю па творчасьці Транквіліён-Стаўравецкага. У Нямеччыне ведаюць значэньне гэтага аўтара ў старой беларускай культуры, ягонае месца ў сусьветнай культуры. На жаль, нашыя гісторыкі альбо людзі, якія працуюць у сфэры гуманітарных дасьледаваньняў недаацэньваюць ці ня ведаюць гэтае імя, а ў той самы час ягоная творчасьць вывучаецца ў Эўропе і спэцыяльна выкладаецца ў Мюнстэрскім і Бонскім унівэрсытэтах.

С.А. - Іван, ты гаворыш пра літаратуру XVI і XVII стагодзьдзя, гэта значыць пра літаратуру Рэнэсансу і Барока, іх сутыку. А вось гатычная літаратура — ці яна ў нас ужо была? Здаецца, што ў той час у Беларусі больш панавалі перакладныя творы. Напэўна, яны мелі рысы готыкі?

І.С. - Бясспрэчна, для эпохі Сярэднявечча ў нашай літаратуры дамінуюць перакладныя творы. Галоўнае месца тут належыць літаратуры царкоўнай, творам грэцкіх і лацінскіх айцоў царквы. Пералік іх калясальны, гэта калясальны аб’ём, корпус літаратуры. Гэта ўвесь Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Яфрэм Сірын, звыш сотні аўтараў, творы якіх былі перакладзеныя на царкоўнаславянскую альбо на старабеларускую мовы ў эпоху Сярэднявечча.

Але перакладалася ня толькі патрыстычная літаратура, але і бэлетрыстычная. Гэта «Юдэйская вайна» Іосіфа Флявія, перакладаліся рыцарскія раманы ў XV стагодзьдзі. Адным словам корпус перакладное літаратуры калясальны, ён мала дасьледаваны, і гэта адна з задачаў нашай сучаснай мэдыевістыкі - увесьці гэтыя творы ў сучасны кантэкст, перакласьці на сучасную беларускую мову, увесьці іх у навуковы і культурны ўжытак.

С.А. - Ты цяпер сам займаесься перакладамі, перакладаеш творы старой беларускай літаратуры на сучасную беларускую мову, і гэта будзе твая сёмая кніжка. Што цябе там уражвае, на што ты можаш зьвярнуць увагу як дасьледчык і перакладчык?

І.С. - Магу табе сказаць, што асабліва я быў зьдзіўлены тым, што пасьля многіх гадоў дасьледаваньня літаратуры па-сапраўднаму адкрыў для сябе Апанаса Філіповіча. Рэч у тым, што я неяк недаацэньнваў яго літаратурнае майстэрства, напэўна з-за таго, што мне ня дужа падабаліся яго грамадзкія і сацыяльныя погляды, арыентацыя на Маскву. Калі ж я пачаў перакладаць яго на сучасную беларускую мову, дык убачыў такое багацьце мастацкіх фарбаў, найвыдатнейшыя рэдкія эпітэты, зусім непаўторныя мэтафары, народныя прымаўкі, нечаканыя стылёвыя фігуры і рытарычныя прыёмы! Адным словам, я проста адкрыў для сябе гэтага пісьменьніка як майстра слова. І калі раней я гаварыў, што можа яго і ня варта ўключаць у курсы для студэнтаў па гісторыі старажытнай літаратуры альбо ў акадэмічную гісторыю, дык цяпер я абсалютна перакананы ў адваротным. Гэта майстар слова, выдатны пісьменьнік. Празь некалькі сотняў гадоў можна згаджацца альбо не зь ягонымі поглядамі, але гэта іншая справа. Словам, Апанас Філіповіч адкрыўся для мяне як бліскучы пісьменьнік, майстар стылю.

С.А. - Апошняе маё пытаньне - што да атрыбуцыі твораў. Ты вось бярэш увесь масіў нашай літаратуры, твораў XVI-XVII стагодзьдзяў. Але тут, здаецца, існуе праблема. З аднаго боку творы нашага, на старабеларускай мове, пісьменства прысвойваюць іншыя народы, скажам, украінцы альбо летувісы, якія нашую мову, што праўда, называюць канцылярскай мовай Вялікага Княства Літоўскага, а з другога боку нашая літаратура сама была тады шматмоўнаю. Як ты глядзіш на праблему атрыбуцыі твораў?

І.С. - Сапраўды, праблема культуралягічнай атрыбуцыі - адна з найскладанейшых праблемаў мэдыевістыкі, і тут важна падыходзіць з тонкім інструмэнтарыем, з тонкімі мэтодыкамі, з глыбокім аналізам усёй сукупнасьці фактаў.

Найперш мы ўключаем у корпус нашых беларускіх помнікаў пісьменства тыя творы, якія напісаныя на старабеларускай мове, нават калі яны выдадзеныя, скажам, у Кракаве альбо ў Львове ці Чарнігаве, як, напрыклад, творы Транквіліён-Стаўравецкага. Альбо калі мы знаходзім згадкі ў маскоўскіх пісьменьнікаў, што яны пераклалі гэтыя творы зь «беларасейскага» на «вялікарускі язык».

Апрача таго, нашыя пісьменьнікі карысталіся царкоўнаславянскай мовай. Гэта зьвязана з тым, што гэтая мова мела шырокі ўжытак у богаслужбовай царкоўнай практыцы.

І, вядома, нельга проста ўявіць сярэднявечнага пісьменьніка ці тагачаснага адукаванага чалавека ў Беларусі, які не валодаў бы лацінаю. Адсюль калясальны, агромністы корпус, які вымяраецца сотнямі тысячаў тэкставых адзінак, якія напісаныя на лацінскай мове. Гэта і літаратурныя творы розных жанраў, родаў, відаў, гэта і калясальны корпус дзелавых папераў, юрыдычных дакумэнтаў. Лаціна была ўнівэрсальнаю мовай усёй эўрапейскай культуры. Гэта, фактычна, быў адзін зь інструмэнтаў знаходжаньня нашай культуры, нашага народу ў полі эўрапейскасьці, яго прыналежнасьці да Эўропы.

Лаціна была рысай прыналежнасьці да міжземнаморскай эўрапейскай цывілізацыі.

ххх

Вось такія думкі Івана Саверчанкі аб старой беларускай літаратуры. Я хацеў бы засяродзіць вашую ўвагу на некаторых зь іх.

Адной з найгалаўнейшых якасьцяў, якая адрозьнівае нашую старую літаратуру ад іншых, Іван Саверчанка назваў інтэлектуалізм. Інтэлектуалізм, нават часам на шкоду мастацкасьці што да выбару формаў і тэмаў. Менавіта таму Іван Саверчанка кажа, што найбольшыя эстэтычныя дасягненьні нашая старая літаратура мае ў публіцыстыцы, палеміцы і, нават, эпісталаграфіі, альбо, папросту кажучы, жанры лістоў. Іх нашыя продкі пісалі ахвотна, шмат, і якія тады часта публікаваліся і рабіліся фактамі грамадзкага і літаратурнага жыцьця.

У адрозьненьне ад большасьці нашых суседзяў, як славянскіх гэтак і прыбалтыйскіх, нашая старая літаратура вылучаецца неверагодным багацьцем плыняў, жанраў, формаў і манераў.

У той частцы нашай гутаркі, якая засталася па-за эфірам, Іван Саверчанка заўважыў, што старая беларуская літаратура мела зусім іншыя прынцыпы пабудовы фразы, зусім іншую стылістыку, якія сёньня для нас застаюцца таямніцай, і гэта адна з прычынаў таго, што мы ўсё яшчэ ня маем корпусу перакладаў са старабеларускай мовы. Апрача таго, ня гледзячы на відавочную зразумеласьць сёньняшнім беларусам нашай старой мовы, Іван Саверчанка пацьвердзіў патрэбу такіх перакладаў, прызнаўшыся, што нават сам па-сапраўднаму адчуў майстэрства, эстэтычны і інтэлектуальны бляск нашых старых пісьменьнікаў толькі пачаўшы іх перакладаць.

Цікавыя рэчы прагучалі і калі гаворка ішла аб шматмоўнасьці нашай літаратуры. Тое, што нашыя аўтары пісалі па-старабеларуску, царкоўнаславянску, па-старапольску і на лаціне — рэч вядомая. Малавядомым, здаецца, ёсьць тое, што, як сказаў Іван Саверчанка, колькасьць беларускіх тэкставых адзінак на лаціне вымяраецца сотнямі тысячаў... Апрача таго, аказваецца, нашыя навукоўцы знаходзяць беларускія творы і на старой расейскай, тагачаснай маскоўскай, мове, на якую яны былі перакладзеныя з нашай. А цяпер мы ўзнаўляем сваё ў адваротных перакладах з расейскай. Міжволі напрошваюцца асацыяцыі: некалі Беларусь была крыніцай і донарам культуры для расейцаў, а цяпер вяртае сабе захаванае там... Магчыма, і без асаблівага жаданьня колішняга рэцэпіента.

І яшчэ што да культурнага эўрапейскага кантэксту нашай старой літаратуры. Паводле майго суразмоўцы, нашыя аўтары ня толькі карысталіся ўсім спэктрам эўрапейскіх жанраў і формаў, але і шукалі ў эўрапейскіх культурах аргумэнты ў сваіх спрэчках. Таксама і лаціна ёсьць доказам нашай прыналежнасьці да Эўропы.

І апошняе, аб чым я хацеў сказаць у сувязі з нашай гутаркай. Гэта пэрсаналіі. Іван Саверчанка, фактычна, вяртае нам трох пісьменьнікаў XVII стагодзьдзя. Гэта Іпат Пацей, Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі і, як ні дзіўна, Апанас Філіповіч. Адносна Іпата Пацея - справа простая. Саверчанку пашчасьціла адшукаць адзіны захаваны ў сьвеце асобнік ягонай кнігі на старабеларускай мове «Справядлівае апісаньне Берасьцейскага Сабору». Цяпер яна перакладзеная на сучасную мову і чакае выданьня. Кірылу Транквіліён-Стаўравецкага, бліскучага публіцыста, філёзафа і паэта, Іван Саверчанка ня проста перакладае на сучасную мову, але гэтым самым уводзіць яго ў беларускі культурны кантэкст, бо публікаваўся Стаўравецкі у сваім часе ў Чарнігаве.

А зараз апошняе - самае важнае. Іван Саверчанка, чые ранейшыя кнігі пра ўніяцкіх мітрапалітаў Іпата Пацея і Вельяміна Руцкага, а таксама пра вялікага канцлера Льва Сапегу, не пакідаюць сумненьняў аб ягонай ідэйнай арыентацыі, прызнаецца што, пераклаўшы Апанаса Філіповіча, ён уражаны і захоплены літаратурным майстэрствам гэтага пісьменьніка, багацьцем мастацкіх сродкаў, вытанчанасьцю ягонай мовы і дасканаласьцю стылю. Я ня ведаю, ці зразумеў гэта сам Іван Саверчанка, але такой ацэнкай Апанаса Філіповіча і прапановаю вывучаць ягоныя творы ён даў прыклад нацыянальнага кампрамісу, які можа дапамагчы нам аб’яднаць сваю культуру, фатальна падзеленую на Захад і Усход, каталікоў і праваслаўных, ліцьвіноў і западнарусаў — называйце гэтыя плыні як хочаце. Бо сапраўды, для адных у Беларусі Філіповіч абаронца Бацькаўшчыны і пПраваслаўя, а для іншых - здраднік, калябарант і масквафіл.

Пазапалітычная ацэнка творчасьці таго ці іншага старога аўтара, мастацкіх вартасьцяў ягоных твораў, магчыма здольная і ўзбагаціць нашую культуру і паказаць усю супярэчнасьць і шматфарбнасьць беларускай культуры ў мінулым. Трэба перанесьці акцэнт зь ідэйнага зьместу пэўных твораў на іх мастацкія якасьці, мастацкі зьмест. Перамяшчэньне ацэнак у плашчыну мастацкіх каштоўнасьцяў можа дапамагчы сёньня неяк аб’яднаць і кансалідаваць дзьве супярэчныя мэнтальныя плыні ў Беларусі. Гэтак высока ацэньваючы Філіповіча, ліцьвін Саверчанка як бы гаворыць: давайце браць зь мінулага ўсё вартае, хай сабе тады і варожае адно аднаму. Усё бо нашае.

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG