Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Расейская прэса працягвае пісаць пра выбары ў так званую “Палату прадстаўнікоў”. Ацэнкі гэтых выбараў у расейскіх газэтах – супрацьлеглыя: ад канстатацыі фальсыфікацыі вынікаў і недэмакратычнага характару выбараў да перамогі Аляксандра Лукашэнкі над тактыкай апазыцыі.

Газэта “Время. Московские новости” піша пра галасаваньне ў акругах, дзе балятаваліся вядомыя людзі – Малафееў, Машэрава, Чыгір. Карэспандэнт Ігар Грыгор’еў параўноўвае рэакцыю афіцыйнай Масквы на выбары ў Беларусі – віншаваньне Ўладзімірам Пуціным Аляксандра Лукашэнку з пасьпяховым правядзеньнем свабодных і дэмакратычных выбараў – і рэакцыю эўрапейскай тройкі, якая заявіла, што ўлады Беларусі не выкарысталі магчымасьці дэмакратызаваць сытуацыю ў Беларусі”. Артыкул у расейскай газэце “Время. Московскіе новості” мае красамоўны назоў – “Беларусы галасавалі нэрвамі”.

Карэспандэнт “Новых известий” Аляксандар Старыкевіч у артыкуле “Фарсіфікацыя выбарчага працэсу” заўважае, што напярэдадні выбараў беларускія амбасады за мяжою вялі актыўную работу зь мясцовымі палітыкамі, бізнэсоўцамі і проста актыўнымі грамадзянамі і прапаноўвалі ім пабыць міжнароднымі назіральнікамі. Усе выдаткі на сябе браў беларускі бок, таму, як піша Старыкевіч, - “турыстаў” набралося нямала. Лукашэнка застаўся сабою і аддаў перавагу сілаваму варыянту разьвязаньня праблемаў. Ці будзе ён эфэктыўным – пакажа час. У любым выпадку Мілошавіча адміністрацыйны рэсурс ня ўратаваў” – канстатуе карэспандэнт “Новых известий” Аляксандар Старыкевіч.

Сяргей Аніська ў газэце “Сегодня” падае цікавы факт – удзел у выбарах Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Супрацоўнікі гэтага міністэрства прысутнічалі на выбарчых участках і штогадзіны дакладалі пра колькасьць тых, хто прагаласаваў”.

Сьвятлана Карпякова, газэта “Известия”, піша ў артыкуле “Новы стары парлямэнт”, што выбары 15-га кастрычніка наўрад ці зьменяць палітычны ляндшафт Беларусі. Бо новы склад парлямэнту будзе вельмі падобны да старога, і некалькі дэпутатаў з дэмакратычным мысьленьнем ня змогуць гэты парлямэнт “разбавіць”.

У танальнасьці падтрымкі пазыцыі афіцыйнага Менску Владзімір Ефанаў у “Российской газете” гаворыць, што галоўную палітычную выснову можна зрабіць сёньня – цытую насуперак настойлівым, калі не назойлівым, заклікам беларускай апазыцыі байкатаваць кампанію беларускі народ узяў актыўны ўдзел. Ефанаў мяркуе, што надзеі на перамены ў грамадзтве беларускі народ не зьвязвае з вулічным радыкалізмам, які ледзьве не ў адзіным варыянце прапаноўваюць апазыцыйныя партыі. Апазыцыя абяцала народу – піша карэспандэнт “Росийской газеты” – “народны пратэст паводле югаслаўскага сцэнару”. Выйшла – па-традыцыйна беларускаму”. Канец цытаты.

“Народ ня клюнуў на вуду радыкалаў” у расейскай “Парламентской газете” піша Нікалай Гусеў. “Апазыцыйная пАра пайшла ў сьвісток разам з падарункам патрачаных грошай замежных спонсараў.” Канец цытаты. Камэнтуючы рэкамэндацыю эўрапейскай тройкі не прызнаць выбары, Гусеў спасылаецца на Аляксандра Лукашэнку, які – цытую артыкул “даклаў па ўсіх пунктах, а потым шчыра ўсклікнуў: “Што ж мы яшчэ не зрабілі, каб вы са спакойнай душой прызналі нашыя выбары?”. Канец цытаты.

Екацерына Цясёмнікава – карэспандэнт “Независимой газеты” піша, што намаганьні беларускіх уладаў стварыць дэмакратычны імідж краіны напярэдадні парлямэнцкіх выбараў былі ня марнымі. Журналіст выказвае меркаваньне, што галоўнай тэмай перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, якія плянуюць сустрэцца ў Сочы 19-га кастрычніка – будуць вынікі выбараў 15-га кастрычніка і выпрацоўка адзінай пазыцыі перад міжнароднай супольнасьцю”.

“Лукашэнка застаецца ў ізаляцыі”, - піша Юры Андрэеў у газэце “Время новостей”. Цытую “Захад не прызнаў новага беларускага парлямэнту, прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку не ўдалося дамагчыся той мэты, якую ён плянаваў, калі прызначаў выбары ў новы парлямэнт. Спроба прарваць міжнародную ізаляцыю і давесьці, што ў Беларусі выконваюцца дэмакратычныя працэдуры, скончылася паразай. Паводле эўрапейцаў, парушэньні пад час перадвыбарчай кампаніі былі ў такой ступені вялікія, што нават калі дапусьціць абсалютную адкрытасьць пры падліку галасоў, новы заканадаўчы ворган ня можа быць прызнаны легітымным”.

Андрэеў нагадвае чытачам “Времени новостей”, што галоўнай праблемай нядзельнага галасаваньня ў Беларусі была яўка выбаршчыкаў . І тут – працягвае карэспандэнт – беларускія ўлады выкарысталі арыгінальныя тэхналёгіі падліку, у выніку якіх яўка ў Менску за апошнію гадзіну невядомым чынам павялічылася ад 40 працэнтаў да 50 працэнтаў. Лідар Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька павіншаваў грамадзянаў Беларусі з прызначэньнем чарговага парлямэнту”. Канец цытаты.

Дадам, што заходняя прэса аздабляла карэспандэнцыі пра выбары ў Беларусі красамоўнымі фатаздымкамі. Польская “Gazeta wyborcza” і чэская газэта “Lidove naviny” выбралі аднолькавы фатаздымак, на якім жаўнеры беларускага войска строем, у дзьве калёны, ідуць на выбарчы ўчастак, разьмешчаны ў нейкай адміністрацыйнай установе. На жаўнераў пільна пазірае Ўладзімір Ленін, помнік якому стаіць насупраць установы.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG