Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Якую палітыку павінен праводзіць Захад ў дачыненьні да малых нацыяў? Hа гэтую тэму разважае ў сёньняшнім нумары The Wall Street Journal аглядальнік газэты Джорж Мэлоан…

Джордж Мэлоан зьвяртае ўвагу на дзьве падзеі, якія адбыліся на мінулым тыдні ў розных кутках плянэты, але ў якіх, тым ня менш, выявілася агульная тэндэнцыя.

Падчас сваей інаўгурацыі новы прэзыдэнт Тайваню Чэн Шуі-Біян заявіў, што яго краіна мае намер дамагаецца прызнаньня сваей незалежнасьці ад Кітаю.

Ў той жа час ў Вільні міністры замежных справаў 9-ці краінаў Усходняй Эўропы выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі НАТА прыняць усе 9 дзяржаваў у свае шэрагі ў 2002 годзе.

Аўтар The Wall Street Journal цытуе словы аднаго з аўтараў гэтай заявы, міністра замежных справаў Літвы Альгірдаса Саўдаргаса: “Надта часта ў нашай гісторыі мы адчувалі наступствы палітычнай абыякавасьці да лёсу іншых”.

Джордж Мэлоан адзначае, што ўсе гэтыя дзевяць краінаў сёньня змагаюцца за пазбаўленьне ад залежнасьці. Балтыйскія краіны маюць найбольшы посьпех ў гэтым накірунку, але менавіта ў іх выклікае найбольшую перасьцярогу магчымасьць адраджэньня рэваншызму ў Расеі.

Яны зьвяртаюць увагу на тое, што адной з галоўных мэтаў новага прэзыдэнта Расеі Пуціна зьяўляецца усталяваньне прамога кантролю над расейскімі рэгіёнамі з боку Крамля і што 7 з 9 прызначаных ім кіраўнікоў фэдэральных акругаў – былыя афіцэры войска ці паліцыі.

Балтыйскія краіны задаюць сябе пытанне: “Сёньня - Санкт-Пецярбург, заўтра - Балтыя?” – піша Джордж Мэлоан ў сваім артыкуле ў The Wall Street Journal.

Асобную увагу ён надае першай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША Клінтана і Расеі Пуціна, якая адбудзецца ў Маскве на пачатку чэрвеня. Аўтар газэты спасылаецца на словы кіраўніка сэнацкай камісіі ў міжнародных справах Джесі Хэлмса, які папярэдзіў, што любыя дамовы пра скарачэньне ўзбраеньняў, якія прывязе з гэтага саміту прэзыдэнт, могуць быць адхіленыя сэнатам.

Тым ня менш балтыйскія краіны чакаюць гэтага візыту з некаторым непакоем – адзначаецца ў артыкуле. Яны памятаюць, як Клінтан амаль аддаў Кітаю Тайвань падчас ягонай прамовы ў Шанхаі ў 1998 годзе. Яны памятаюць, што Дзярждэпартамэнт пачаў разглядаць былыя савецкія рэспублікі , як незалежныя дзяржавы, толькі пасля распаду СССР.

Але перавага, аддадзеная Realpolitic перад правамі чалавека, наўрацьці магла спарадзіць імкненьне нацыі адстойваць прынцыпы дэмакратыі і свабоды. “Не спрыяюць гэтаму нацыянальнаму імкненьню, - піша The Wall Street Journal - і сучасныя паводзіны амэрыканскіх дыпляматаў, якія рабалепна адкідаюць убок прынцыпы, баючыся пакрыўдзіць тых расейцаў і кітайцаў, якія мараць пра новую імпэрыю.”

На думку Джорджа Мэлоана, дагаджаць расейскім намерам – дрэнная палітыка. Адна з галоўных праблемаў, зьвязаных з уступленьнем у НАТА краінаў Балтыі – гэта страх раззлаваць Маскву – піша ён. Але калі расейцы на працягу 60 гадоў ігнаравалі імкненьне малых нацыяў да незалежнасьці, то трэба пераканаць іх ў памылковасьці гэтага падыходу як мага хутчэй.

Найлепшы шляхам для гэтага было б з боку НАТА задаволіць прозьбу балтыйскіх краінаў і паставіць пытаньне аб прыёме іх ў альянс у парадак дня.

Аўтар артыкулу “Час зразумець малыя нацыі” выказвае аргумэнты супраць меркаваньня, паводле якога пашырэньне альянсу зробіць яго няздольным прымаць рашэньні і дзейнічаць. На думку Джорджа Мэлоуна, у такіх развагах ня ўлічваецца новая роля НАТА - гэта хутчэй палітычны, чым ваены саюз.

Балтыйскія, цэнтральнаэўрапейскія і балканскія народы бачаць ў сваім будучым сяброўстве ў НАТА гарантыі мірнага развіцьця. Яны кіруюцца тымі ж матывамі, калі імкнуцца да сяброўства ў Эўразвязе.
Далей аутар артыкулу адзначае, што ў Эўропе няма адзінства наконт тэмпаў далучэньня краінаў Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы да Эўразвязу.

Таму, на ягоны погляд, менавіта ЗША, як лідар НАТА, павінны пайсьці насустрач як жаданьню малых краінаў Эўропы забясьпечыць сваю бясьпеку, гэтак і перасьцярогам азіяцкіх краінаў наконт рэваншысцкіх тэндэнцыяў Кітаю.

Парадак дня будучага саміту Клінтан-Пуцін па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднага друку. На мінулым тыдні на гэтую тэму выказался патрыярх амэрыканскай палітыкі Гэнрі Кісінджар.

Пра ягоную пазыцыю сведчыць нават назва ягонага артыкулу, надрукаванага ў італьянскай газэце “Стампа”: “Клінтан: увага, расейскі мядзьведзь ізноў рыкае”. Аднак парады, якія дае Кісінджэр Клінтану, больш асцярожныя, чым думкі цытаванага аглядальніка The Wall Street Journal.

Расея – піша Гэнры Кісінджэр – асабліва занепакоена бясьпекай на сваей перыфэрыі, і Захаду варта было б праяўляць большую стрыманасьць пры пашырэньні сваей ваенай сістэмы занадта блізка да расейскіх межаў. Але і ў Захаду есьць права атрымаць запэўніваньні ў тым, што Расея будзе забясьпечваць сваю бясьпеку, не дамінуючы над суседзямі.

Таму, каб перамовы з Пуціным былі зьмястоўнымі, Клінтан павінен сканцантраваць увагу на дзьвюх тэмах – запэўніць Расею ў тым, што да яе голасу з павагаю прыслухоўваюцца ў новай сыстэме міжнародных адносінаў, і падкрэсліць, што геапалітыка яшчэ не памерла – піша Гэнті Кісінджэр ў сваім артыкуле ў газэце “Стампа”.

Юры Дракахруст

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG