Прызначэньне камандуючага пятым армейскім корпусам
генэрал–лейтэнанта Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі
выклікала нэгатыўную рэакцыю ў суседняй Летуве, дзе міністэрства замежных
справаў нават выступіла са спэцыяльнай заяваю. Між тым, сёньня ў міністэрстве
абароны Беларусі пра гэты дэмарш нават не былі праінфармаваныя. Генэрал-лейтэнант
беларускага войскa, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа ў суседняй
Летуве, днямі пачне выконваць новыя абавязкі.
“Прызначэньне не адпавядае духу дабрасуседзтва й можа мець нэгатыўныя
наступствы для двухбаковых адносінаў”, – гэткая рэакцыя летувінскага Міністэрства
замежных справаў на прызначэньне беларусам Аляксандрам Лукашэнкам беларуса
Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі грунтуецца на
наступных фактах.
Нядаўні камандуючы 5-м армейскія корпусам, генэрал-лейтэнант Ўладзімер
Ўсхопчык у 1991 годзе камандаваў дывізіяй савецкіх войскаў, сіламі якое
Масква спрабавала спыніць рух летувінаў да незалежнасьці. Гэта танкі Ўсхопчыка
ў студзені 91-га ўціскалі ў асфальт абаронцаў летувінскага парлямэнту,
гэта ягоныя салдаты штурмавалі будынак летувінскае тэлевізіі.
У тых падзеях загінула шэсьць чалавек і дзясяткі былі параненыя, але
Ўладзімер Усхопчык, які праходзіць па крымінальнай справе паводле фактаў
гібелі мірных людзей, зьехаў у Беларусь і знайшоў тут ня толькі прытулак,
але й занятак. Ён атрымаў пасаду камандуючага армейскім корпусам у Бабруйску,
атрымаў новую зорку на пагоны, а цяпер вось падасьпела й высокае прызначэньне
на пасаду намесьніка міністра.
Паводле інфармацыі з прэсавае службы міністэрства абароны, Усхопчык
зойме месца былога намесьніка Алега Яцкевіча, адпраўленага у адстаўку напачатку
году. Такім чынам, былы камандзір віленскае дывізіі будзе займацца пытаньнямі
баягатоўнасьці беларускага войску і мае з цягам часу шансы стаць міністрам
абароны.
Тое, што Ўладзімер Усхопчык фігуруе ў крымінальнай справе па віленскіх
падзеях – відаць, ня вельмі турбуе міністэрства абароны. Афіцэр прэсавае
сужбы на маю просьбу пракамэнтаваць заяву летувінскага МЗС наконт прызначэньня
Ўсхопчыка адказаў: “Яны не ўпаўнаважаныя прызначаць, тут у нас свая епархія,
тут прэзыдэнт вырашае, каго куды паставіць. А пра заяву летувінскага МЗС
мы нічога пакуль ня ведаем”, – пашчыраваў афіцэр. Пасьля гэтага ён адмовіўся
дапамагчы зьвязацца з самім Усхопчыкам, каб той пракамэнтаваў прэтэнзіі
да яго з боку летувінскай пракуратуры. “Я ведаю дакладна, што ён нічога
камэнтаваць ня будзе, ва ўсякім разе, пакуль ня здасьць справы камандуючага
корпусам і ня зьявіцца ў Менску. Гэта павінна адбыцца на бягучым тыдні”,
– паведамілі мне ў прэсавай службе міністэрства абароны.
На гэты момант няма рэакцыі і беларускага МЗС на ноту МЗС Летувы. Нашыя
дыпляматы адказваюць, што яшчэ ня маюць тэкста ноты. Між тым, згодна зь
інфармацыяй ад летувінаў, беларускі амбасадар у Летуве Ўладзімер Гаркун
атрымаў гэты дакумэнт на рукі яшчэ ўраніцу.
Нагадаю, Уладзімер Усхопчык не адзіны з грамадзянаў Беларусі, які лічыцца
падазроным па крымінальнай справе паводле падзеяў у Вільне ў студзені 1991
году. У Віцебску на дзяржаўнай пасадзе працуе былы сакратар ЦК кампартыі
Летувы Швед; бізнэсам у Беларусі займаецца былы камандзір віленскага АМАП’у
Макутыновіч. У Беларусі жывуць Катляроў, Юненя ды іншыя, каго летувіны
падазраюць у арганізацыі ўзброеных сутычак.
Прытулак такім асобам лічыўся б ганьбаю для любой цывілізаванае краінай.
А ў Беларусі гэтыя людзі атрымліваюць узнагароды й нават пасады намесьнікаў
міністра.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1