Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У 1988 годзе ў Югаславіі ўзьнік студэнцкі рух “Адпор”, што ў перакладзе з сэрбскай азначае “Супраціў”. Сёньня ён – адна з апазыцыйных сілаў прэзыдэнту Слабадану Мілошавічу. У шэрагах “Адпору” 17 тысячаў актывістаў, сярод якіх ня толькі студэнты. Назіральнікі адзначаюць, што папулярнасьць руху сярод сэрбаў расьце з кожным днём. Пра гэта сёньня піша Financial Times.

Апошнім часам згуртаванасьць “Адпору” трымаецца на акцыі няспыннага грамадзянскага непадпарадкаваньня і супраціву югаслаўскаму рэжыму.

Сябры “Адпору” цьвердзяць, што ў руху няма ніякіх лідэраў і ніякай герархіі. Адзіная мэта – мабілізаваць і аб’яднаць людзей, каб у які заўгодна спосаб паказаць іхную прагу да зьменаў. Сярод гэтых спосабаў – грамадзкія сустрэчы, вулічныя спэктаклі альбо проста нашэньне адзнакі са сьціснутым кулаком, што зьяўляецца эмблемай руху.

“Мілошавіч вельмі расчараваў людзей, – кажа актывіст “Адпору” Рад Мілік, – людзі жывуць адным днём і пазьбягаюць зазіраць у будучыню, яны нават баяцца пра яе думаць. Мы спрабуем прымусіць людзей зазірнуць у заўтра”.

Папулярнасьць “Адпору” ўсё больш і больш хвалюе ўлады, і яны вядуць сыстэматычнае здушэньне руху. Паводле сяброў “Адпору”, толькі ў мінулым месяцы былі затрыманыя паліцыяй больш як 400 актывістых, апрача гэтага, многія сябры і актывісты былі арыштаваныя.

Міністар інфармацыі Югаславіі Горан Маціч абвінаваціў “Адпор” у тэрарызме і сказаў, што ўрад можа забараніць рух. “Адпор” – неафашыстоўская арганізацыя, падобная да Італянскай Чырвонай Брыгады, – сказаў ён у часе прэсавай канфэрэнцыі ў гэтыя выхадныя, – ейная мэта – дэстабілізаваць Югаславію.

У мінулым тыдні былы прэзыдэнт Югаславіі, адзін з сэрбскіх нацыяналістычных лідэраў Добрыца Чосіч далучыўся да “Адпору”. Празь дзень адзін зь лідэраў апазыцыі, мэр паўднёвага места Чачак Велімір Іліч заявіў, што ўсе апазыцыйныя партыі павінныя замарозіць сваю дзейнасьць, а іхныя сябры мусяць увайсьці у “Адпор”.

Паводле назіральнікаў, цяпер улады ўдвая больш усхвавляваныя, бо ў адрозьненьне ад барацьбы супраць палітычных партыяў, яны ня могуць эфэктыўна дзейнічаць супраць руху. Арышты лідэраў руху не параліжуюць дзейнасьці ягоных сяброў, а працэс прыняцьця пастановаў прасачыць практычна немагчыма.

Цяпер у барацьбе супраць руху ўлады ўжываюць магутную сілу сродкаў масавай інфармацыі. Яны цьвердзяць, што “Адпор” працуе пры падтрымцы НАТА, чыя мэта – дэстабілізацыя краіны. Сёньня на сьценах бялграцкіх будынкаў можна пабачыць праўрадавую агітацыю: на вялікіх плякатах выява дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Мэдлін Олбрайт, якая трымае ў кулаку даляры, а на футболцы, у якую яна апранутая, напісана “Адпор”.

Між тым, учора ў цэнтры Бялграду прайшоў мітынг Аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Сэрбіі, у якім узялі ўдзел каля 25 тысячаў чалавек. Удзельнікі акцыі абвінавацілі ўлады ў спробе распаліць у краіне грамадзянскую вайну. Яны патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Мілошавіча, які – паводле іхных словаў – давёў краіну да міжнароднай ізаляцыі і жабрачага стану. Адзін зь лідэраў апазыцыі – Вук Драшкавіч сказаў, што Сэрбіяй кіруюць забойцы і тэрарысты, а таму трэба пакончыць зь цяперашнім рэжымам.

Сёньня у месьце Нові-Сад, на поўначы Югаславіі, былі арыштаваныя 20 прыхільнікаў “Адпору”, якіх абвінавачваюць у датычнасьці да забойства кіраўніка ўраду правінцыі Ваяводзіна Бошкі Пярошавіча.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG