У Вышэйшым гаспадарчым судзе разглядалася справа тыднёвіка “Наша Ніва”,
які аспрэчвае папярэджаньне, што было вынесенае Дзяржаўным камітэтам у
справах друку.
Гэтая гісторыя пачалася сёлета ў сакавіку, калі тыднёвік надрукаваў
ліст чытачкі Тацяны Судзілоўскай пад назваю “Зайздрошчу Чачэніі”. Чытачка
абуралася тым станам, у якім фактычна апынулася ў Беларусі беларуская мова
– ігнараваньнем чыноўнікаў, якія ня могуць і ня хочуць размаўляць па-беларуску,
стаўленьнем да роднае мовы многіх беларусаў, зьнявагаю з боку расейцаў.
Усё гэта чытачка зьведала асабіста.
Ліст меў для газэты юрыдычныя наступствы. Тады ж, у сакавіку, Дзяржаўны
камітэт у справах друку, якім кіруе Міхал Падгайны, вынес “Нашай Ніве”
папярэджаньне. Чыноўнікі ўбачылі ў дзеяньнях газэты распальваньне нацыянальнае
варожасьці.
Не пагадзіўшыся, кіраўніцтва газэты падало ў Вышэйшы гаспадарчы суд
Беларусі скаргу з мэтаю аспрэчыць рашэньне Камітэту. Журналісты былі перакананыя,
што чытачка мела рацыю, кажучы пра моўную дыскрымінацыю ў нашай краіне,
і газэта слушна зрабіла, надрукаваўшы гэты ліст. Супрацоўнікі “Нашай Нівы”
ўлічвалі й свой асабісты досьвед.
Выпускаючы рэдактар Андрэй Дынько, прыкладам, распавядае…
(Дынько: ) “Я цалкам пагаджаюся з тым болем, які ёсьць у гэтым лісьце.
Я сам вельмі часта ў штодзённым пабытовым жыцьці сутыкаюся са зьнявагамі,
сутыкаюся з парушэньнямі маіх канстытуцыйных і чалавечых правоў як носьбіта
беларускай мовы ад аддзелу асьпірантуры ўнівэрсытэту, у якім я выкладаю,
да нейкіх дзяржаўных установаў. Прычым, што вельмі цікава, вельмі часта
ў нас кажуць, што гэтая дыскрымінацыя ідзе ад народу, маўляў, народ так
хоча, маўляў, дзяржава займае нэўтральную пазыцыю, а вось людзі ня хочуць
вучыцца па-беларуску. Я ніколі не сутыкаўся з такімі сытуацыямі ў крамах,
я ніколі не сустракаўся з такімі сытуацыямі, скажам, у чыгуначных касах,
але я з гэтым заўсёды сустракаюся ў дзяржаўных установах, пачынаючы ад
унівэрсытэтаў, аддзелы кадраў, міліцыя, пракуратура, ваенкаматы – якраз
тыя, хто абавязаны сачыць за роўнасьцю моваў. Ніколі мне ў гэтых установах
не адказвалі па-беларуску”.
Сёньня скарга “Нашай Нівы” разглядалася ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.
Прадстаўнікі газэты даводзілі сваю пазыцыю, якая палягае на праве сродка
масавай інфармацыі інфармаваць грамадзкасьць аб балючых праблемах. Інфармаваць,
але зусім не распальваць варожасьць.
“Газэта з пачатку году надрукавала больш за 90 праблемных лістоў чытачоў,
сярод іх толькі некаторыя пра моўную дыскрымінацыю беларусаў”, – даводзілі
прадстаўнікі газэты. Абаронца ад Беларускай асацыяцыі журналістаў вызначыў
ліст чытачкі Судзілоўскай перш за ўсё як крытычны зварот да тых беларусаў,
якія адракліся сваёй мовы, а зусім не як заклік да помсты ці нейкага гвалту.
Суд, аднак, ня выявіў вялікае цікавасьці да моўнае тэматыкі, лічыць
галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец. Ён згадвае:
(Дубавец: ) “Суд паставіўся гэтак сама, як ставяцца ўсе дзяржаўныя ворганы,
гэта значыць, абсалютна не зважаючы на тое, што ў краіне існуе дыскрымінацыя.
Калі мы спрабавалі гаварыць пра дыскрымінацыю, закрыцьцё беларускіх школаў,
ціск на беларускую прэсу і г.д., суд спыняў гэтыя развагі, кажучы, што
гэта – нейкія агульныя тэмы, якія да справы ня маюць дачыньня. На маю думку,
разгледзець працэс аб’ектыўна, ня маючы на мэце тыя працэсы, аб якіх пішацца
ў лісьце, немагчыма. Кіруючыся чыста фармальнымі падыходамі, жывучы, скажам
так, на Марсе з марсіянскім заканадаўствам, разьбірацца ў беларускіх праблемах
няма чаго”.
Паводле закону аб друку, калі газэта напрацягу году атрымае два папярэджаньні
ў распальваньні нацыянальнае варожасьці, Дзяржаўны камітэт ў справах друку
мае магчымасьць распачаць працэс яе закрыцьця.
Вынік сёньняшняга працэсу небясьпечны для газэты, але “нашаніўцы” кажуць,
што ён аніяк не паўплывае на палітыку газэты, а толькі дадаткова пераканае
ў тым, што газэта заняла слушную пазыцыю.
(Дубавец: ) “Уся палітыка дзяржавы скіраваная на падтрымку ўсяго расейскага,
аж да рабалепства, і на ўціск дзе толькі можна правоў беларускамоўнага
насельніцтва. Таму што канфлікт узьнік менавіта з-за таго, што жанчына,
даведзеная да адчаю тым, што яе штодня зьневажаюць і абражаюць толькі за
тое, што яна гаворыць у грамадзкіх месцах па-беларуску”.
Гэта быў галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец, які сёньня прадстаўляў
газэту у Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.
Вынікі судовага разгляду будуць вядомыя пазьней.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1