Наш ню-ёрскі карэспандэнт Галіна Прыгара сустрэлася з дэпутатам Дзяржаўнае
Думы Расеі Барысам Беразоўскім, якога фінансавыя аналітыкі лічаць самым
заможным бізнэсмэнам гэтай краіны. Палітычныя назіральнікі адзначаюць,
што і пасьля адстаўкі Ельцына Беразоўскі, у тым ліку і як уладальнік вядучых
тэлеканалаў, істотным чынам уплывае на рашэньні расейскае палітычнае ды
эканамічнае эліты. Прапануем ўрывак з гэтага інтэрвію, датычны Беларусі.
(Прыгара: ) “Спадар Беразоўскі, як Вы ставіцеся да размоваў пра тое,
што Лукашэнка можа рэальна стаць Прэзыдэнтам Расеі?”
(Беразоўскі: ) “Неверагодна, так? Хаця… Хаця. Зусім нядаўна гэта сапраўды
вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася, і ня толькі ў Беларусі. У Расеі гэта сур’ёзна
абмяркоўвалася – ці можа Лукашэнка быць прэзыдэнтам Расеі, а больш дакладна
– аб’яднанай дзяржавы. І на гэта былі зусім канкрэтныя прычыны, чаму гэта
сур’ёзна абмяркоўвалася. Таму што былі толькі тыя кандыдаты, у шэрагу якіх
Лукашэнка ня быў горшым”.
(Прыгара: ) “Ня горшым для Расеі?”
(Беразоўскі: ) “Ня горшым для Расеі, канешне. Найперш, для Расеі. На
фоне Лужкова, Прымакова, Зюганава я не лічу, што Лукашэнка – гэта горшы
варыянт. Не лічу. І вось калі Вас цікавіць маё меркаваньне, я лічу, што
сапраўды, як прэзыдэнт Расеі Лукашэнка – лепшы, чым, напрыклад, Лужкоў.
Лукашэнка лепшы, чым Прымакоў. Лукашэнка лепшы, чым Зюганаў. Паводле адной
простай прычыны: ён больш сучасны. Пры ўсім, ён – больш сучасны. Хаця шмат
хто, я ведаю, у Беларусі, у Расеі кажуць: “старшыня калгасу”… Я вельмі
шмат разоў сустракаўся з Лукашэнкам і магу сказаць, што Лукашэнка – сур’ёзны
палітык. Так, па шмат якіх вымярэньнях я не падзяляю ягоны пункт гледжаньня.
Але гэта – аб’ектыўная рэальнасьць. Ён сур’ёзны палітык і ня толькі на
беларускай арэне. І на расейскай. Але! Але зноў жа, з майго пункту погляду,
канешне, ён не вытрымлівае параўнаньня з сёньняшнім выканаўцам абавязкаў
прэзыдэнта Расеі Пуціным”.
Гутарыла
Галіна Прыгара
(Цалкам інтэрвію Беразоўскага, у якім закранаюцца праблемы парушэньня
правоў чалавека ў Беларусі і пэрспэктывы беларуска-расейскага саюзу, а
таксама іншыя тэмы, прагучыць у бліжэйшыя дні)
Самае папулярнае
1