Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байка


Ходзіць Бай па сьцяне ў чырвоным жупане: "Баіць ці не?" Карціць жа выгукнуць: "Бай!" Баю ж таго толькі й трэба -- бае сабе ды бае несусьветныя прыдумкі. Ён жа ж гаварун-пустамеля.

А слоўнік вызначае яшчэ дакладней: "Баіць -- вядзьмарыць, гаварыць, заварожваць". Праўда, ці ня ў кожнай байцы мараль чутная.

Навучае Бай розуму. Мякка сьцеле -- жорстка спаць.

На самрэч, хоць і прыйшло слова байка ад захаду, з польскае мовы, але ж акрасу прыдбала ўсходнюю. У нас баяў цяпер не пералічыць -- як у Сярэдняй Азіі -- бай на баі сядзіць ды баем паганяе. Закалыхвае нас, прылюльвае -- баю-бай -- самы вялікі й мудры Бай у Беларусі.

Дарэчы, байкаю яшчэ ж завецца й мяккая тканіна з прыгладжаным ворсам. І саматканая спадніца. І маладзёвыя апранкі, падобныя да спартовых кашуляў.

Здаецца, мы ўсе ўрасьлі ў байкі -- у байкавыя пялюшкі, коўдры, байкавыя нагавіцы, сукні, ды байкавыя супэрабяцанкі нашага Бая ў чырвоным жупане.

Ходзіць Бай па сьцяне...

А калі ж ён зваліцца?

Антаніна Хатэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG