Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


1977 год, 4 сакавіка, дзень сьмерці маёй мамы, якая памерла 12 гадоў таму. Каля 11 гадзін вечара. Малыя мае дзеці сьпяць, і Максімка, і Алеська, а я на кухні нешта шыю, чакаю мужа і ўспамінаю маму. Думаю, ці бачыць яна мяне адтуль, ці ведае, што ў яе ўжо вырасьлі такія харошыя ўнукі. Успомніла, як перад сьмерцю мама сказала, што калі будзе хоць якая магчымасьць, яна дасьць мне адтуль знак: “Ня ведаю як, можа занавеска закалышацца, ці дзьверы зарыпяць, ты толькі будзь уважлівай”.

І вось раптам, якраз у гэты момант, дробна зазьвінела шкло ва ўсіх нашых кніжных шафах. І што ўразіла – зьвінела доўга, сэкунд 5-7. Я страшэнна зьдзівілася і пайшла паглязець, што здарылася, такога ніколі не было, можа, раптам дзеці з ложкаў павыпадалі ці што. Спынілася пасярод пакоя і раптам пачула дзіўны рытмічны гук, быццам стукае мэтал аб мэтал. Абміраючы ад жаху пайшла на гук, ужо здагадваючыся, што гэта такое. А паміж шафамі ў нас стаяў вялізны двухмэтровы гадзіньнік. Ён даўно сапсаваўся і ня йшоў, але стрэлкі былі пераведзеныя на палову дзявятай, таму што бацька памер у палову дзявятай раніцы, а мама памерла ў палову дзявятай вечара, і мы, малымі дзяцьмі засталіся адны і вось так паставілі для памяці стрэлкі.

І вось у гэтым гадзіньніку, даўно стаячым, калыхаўся ланцуг і з лязгатам біў па вялізным, як талерка, маятніку. Вось ён мамін знак!
Абсалютна ня памятаю, як я апынулася на кухні. Шыць ужо не магла, бо вельмі трэсьліся рукі. Нарэшце прыходзіць муж, архэоляг, які, як навуковец, рэаліст да прыкрасьці. Выслухаў мой расказ, махнуў рукой і кажа:

– Звычайны землятрус. Што яшчэ можа быць?

Я пакрыўдзілася і страшэнна абурылася – які землятрус на Беларусі? А на раніцу ўжо ўсе даведваемся, што ў Малдове позна ўвечары быў землятрус, і хваля ад яго дакацілася да Беларусі.

Сьвятлана Чарняўская, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG