Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдараў: Небясьпека для Лукашэнкі ад Эўразійскага парлямэнту толькі тэарэтычная


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 11 сьнежня заявіў, што няма патрэбы сьпяшацца з стварэньнем Эўразійскага парлямэнту.

На сустрэчы зь сябрамі Клюбу галоўных рэдактараў краін СНД у Менску ён сказаў:

«Можа, мы калі-небудзь і прыйдзем да таго, што нам спатрэбіцца гэтае парлямэнцкае вымярэньне. Але сёньня гэта не галоўнае. Не патрэбна забягаць наперад… Я пакуль стрымана да гэтага стаўлюся. Я заўзяты праціўнік таго, каб узьнікалі нейкія новыя структуры, якія патрэбна фінансаваць, а яны ня будуць даваць нейкага эфэкту».

«Гэта адзін з тых нямногіх выпадкаў, калі Лукашэнка мае рацыю» — сказаў «Свабодзе», камэнтуючы гэтыя выказваньні, менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

— Уся практыка стварэньня міжпарлямэнцкіх структураў на постсавецкай прасторы сьведчыць, што яны абсалютна неэфэктыўныя і абсалютна ні на што не ўплываюць. Іншага ад іх і няма чаго чакаць, паколькі ўсе краіны тут у той ці іншай ступені аўтарытарныя. І іх кіраўнікі дазваляць нешта нават парлямэнцкім структурам ня хочуць. Таму і Эўразійскі парлямэнт ня будзе ні на што ўплываць. Ён стане толькі магчымасьцю для часткі чынавенства трох краін нядрэнна уладкавацца.

— Аднак некаторыя палітолягі кажуць: Лукашэнка працівіцца стварэньню гэтай структуры яшчэ і таму, што баіцца — новы парлямэнт пачне пад дыктоўку Масквы прымаць законы, якія стануць абавязковымі на тэрыторыі кожнай з трох краін: Беларусі, Расеі і Казахстана.

— Такая небясьпека тэарэтычна ёсьць. Але для гэтага спачатку трэба пагадзіцца і надаць гэтай структуры права выдаваць законы, абавязковыя для выкананьня. Пакуль ніводная з падобных структураў, якія існуюць на постсавецкай прасторы, гэтым правам не надзеленая. І пакуль няма падставаў чакаць, што нешта іншае будзе ў Эўразійскага парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG