Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саранчукова будуць судзіць за братоў Каліноўскіх


Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў атрымаў міліцэйскі пратакол з райцэнтру Сьвіслач.

27 кастрычніка ў горадзе, а затым у вёсцы Каліноўскіх — Якушоўцы адбылося штогадовае сьвята, прысьвечанае паўстанцам, якое праводзіць грамадзкасьць.

Вадзім Саранчукоў паведаміў «Свабодзе», што пратакол складзены за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве: частка 1 артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу.

У Сьвіслачы былі прамовы каля магілы Віктара Каліноўскага — Кастусёвага брата, а таксама на плошчы, дзе стаіць бюст Кастуся Каліноўскага. Аднак сам кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ там не выступаў.

На думку Вадзіма Саранчукова, калі міліцыя працягвае складаць пратаколы за мерапрыемства, якое адбылося ў канцы кастрычніка, гэта сьведчыць пра тое, што ўлады па-свойму рыхтуюцца да гадавіны паўстаньня на чале з Кастусём Каліноўскім. Наступны год мае быць абвешчаны годам Каліноўскага, кажа Саранчукоў. З такой прапановай выступілі некалькі арганізацый.

27 кастрычніка ў Сьвіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. З гэтай нагоды ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу Якушоўка.

У той дзень міліцыянты затрымалі ў Сьвіслачы 4-х маладзёнаў. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Пазьней усіх асудзілі: Станіславе Гусаковай зь Віцебску і Алесю Крату зь Менску, Вітольду Ашурку зь Бярозаўкі прысудзілі па 3 сутак арышту, гарадзенца Віталя Лопасава аштрафавалі на 3 мільёны рублёў.

Сьвіслацкія дэмакратычныя актывісты Анатоль Валюк, Юры Глебік і Віктар Дзясяцік таксама былі пакараныя штрафамі ў адзін мільён рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG