Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы аташэ амбасады Нямеччыны адкліканы ў Бэрлін

абноўлена

У амбасадзе Нямеччыны пацьвердзілі адкліканьне свайго вайсковага аташэ.

У амбасадзе Нямеччыны пацьвердзілі адкліканьне свайго вайсковага аташэ

Прадстаўніца амбасады сказала карэспандэнту «Свабоды»: «У сувязі зь цяперашняй сытуацыяй фэдэральны ўрад вырашыў адклікаць апарат вайсковага аташэ ў Менску. Цяпер пытаньні арганізацыйнага характару і канкрэтныя даты знаходзяцца ў стадыі ўзгадненьня».

У апараце вайсковага аташэ пасольства Нямеччыны сказалі, што палкоўнік Янэке і яго памочнік пакуль знаходзяцца ў Менску. Апарат пакуль працуе «ў штатным рэжыме». Таксама там паведамілі, што не камэнтуюць інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ адносна адкліканьня нямецкага аташэ.



МЗС Беларусі: нямецкія палітычныя дзеячы трацяць здаровы розум

«Нямецкі бок мае права вызначаць структуру і напрамкі працы сваіх дыпляматычных прадстаўнікоў. Аднак з агучанай фармулёўкі зразумела, што гэта надуманы крок, які супярэчыць агульнаэўрапейскім намаганьням па ўмацаваньні бясьпекі», — заявіў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у сувязі з адкліканьнем ваеннага аташэ Нямеччыны.

Беларускі МЗС лічыць, што гэтае рашэньне зьвязанае «з абвастрэньнем палітычнай барацьбы паміж партыйнымі структурамі ўнутры Нямеччыны. Захапляючыся партыйнымі манэўрамі, нямецкія палітычныя дзеячы трацяць здаровы розум і прымаюць абсурдныя рашэньні. У гэтым кантэксьце міністра абароны можна толькі пашкадаваць, бо, як вядома, абсурд ня мае межаў».

Андрэй Савіных сказаў карэспандэнту «Свабоды»: «Малаверагодна, што беларускі бок пойдзе на нейкія захады ў адказ».


Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што могуць быць розныя вэрсіі адносна адкліканьня вайсковага аташэ зь нямецкай амбасады ў Менску:

«Пачалі выказвацца вэрсіі даволі інтрыгоўныя, экзатычныя, кшталту — што тут нават, магчыма, патыхала нейкім патэнцыйным шпіёнскім скандалам. Аднак магчыма, што тут і ня варта шукаць такіх глыбокіх падводных плыняў. Бо тое, што мы бачым, як на далоні, — гэта надзвычай нізкі ўзровень дачыненьняў афіцыйнага Менску як з ЭЗ наагул, так і зь Нямеччынай у прыватнасьці. Калі казаць пра Нямеччыну, то былі ўжо прэцэдэнты скандалаў, якія былі зьвязаныя менавіта з супрацай сілавых структур. Нямецкай паліцэйскае ведамства, як вядома, ужо апяклося на такой каапэрацыі, супрацы. І магчыма, што вайсковае ведамства зараз, так бы мовіць, дзьмухае на ваду. Таксама каб ня ўляпацца, ня ўлезьці ў нейкія сумнеўныя рэчы і потым не падпасьці пад агонь крытыкі. Бо ў дэмакратычных краінах за гэта чыхвосьцяць па поўнай праграме. То бок супраца з апошняй дыктатурай Эўропы, як называюць беларускі рэжым на Захадзе, у ЭЗ, становіцца ўсё больш небясьпечнай для палітычнага рэнамэ тых ці іншых заходніх дзеячаў».


Камэнтуючы заяву МЗС Беларусі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў:

«Такі камэнтар крыху звужае вэрсіі таго, што адбылося. Гэта азначае, што ўсё ж нейкі сьлед той крыху скандальнай справы з навучаньнем беларускіх сілавікоў у Нямеччыне. Мажліва, да гэтага мела дачыненьне калі ня ўся амбасада,то вайсковы аташэ, які, магчыма, і займаўся гэтай справай. Але я думаю, што не вайсковы аташэ прымае такога кшталту рашэньні. Яны прымаюцца на палітычным узроўні. І ня тут у амбасадзе ў Менску, а ў Бэрліне. У любым выпадку гэта ніякім чынам істотна не паўплывае на беларуска-нямецкія дачыненьні. Яны як былі ў сытуацыі паміж дрэннымі і вельмі дрэннымі, так і застануцца. Я думаю, што па Беларусі, калі мы бяром прадстаўнікоў палітычных сілаў, якія каля ўлады і ў апазыцыі, то тут усё ж дастаткова высокі ўзровень кансалідацыі і салідарнасьці».

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін: «Я думаю, гэты крок закліканы неяк спыніць паток крытыкі на адрас ураду ФРГ. Насамрэч нічога экстраардынарнага тут няма. Многія амбасады ня маюць у Беларусі вайсковых аташэ. Напрыклад, амбасада Францыі ня мае тут такога аташэ, і ў выпадку неабходнасьці ён прыяжджае з Масквы.

Відавочна, што немцаў пасьля распаду Савецкага Саюзу цікавіў працэс рэфармаваньня нашай арміі. Таму яны лічылі патрэбным трымаць тут вайсковы аташат. Можна меркаваць, што яны проста не баяцца беларускай арміі як крыніцы нейкай небясьпекі для Заходняй Эўропы і блёку НАТО. Ну, і да таго ж ідзе абмежаваньне кіраўніцкіх выдаткаў. Я мяркую, што Нямеччына не разглядае Беларусь як сур’ёзную вайсковую дзяржаву, як патэнцыйную пагрозу блёку НАТО».


Паводле нямецкіх мэдыяў, на такі крок Бэрлін пайшоў у сувязі з масавымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.

Міністар абароны Нямеччыны Томас дэ Мэзьер пасьля нарады ў зьнешнепалітычным ведамстве краіны прыняў рашэньне закрыць штаб ваеннага аташэ пры пасольстве ФРН у Менску. Усе супрацоўнікі апарата былі адкліканыя зь беларускай сталіцы 2 сьнежня.

Паводле агенцтва dpa, нямецкія улады палічылі немагчымым далейшае ваеннае супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з шматлікімі выпадкамі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Перад гэтым былі дыпляматычныя крокі з абодвух бакоў.

У верасьні 2012 года ўрад Нямеччыны канстатаваў адсутнасьць паляпшэньня сытуацыі з палітычным перасьледам іншадумцаў і абмежаваў вайсковае супрацоўніцтва. У адказ Менск спыніў каапэрацыю з бундэсвэра, адзначае агенцтва AFP.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG