Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць па ўласным жаданьні


Беларусы Падляшша паміраюць як этнічная супольнасьць. Страшнымі тэмпамі.

Перапіс насельніцтва ў Польшчы ў 2002 годзе, які ўпершыню пасьля Другой сусьветнай вайны фіксаваў нацыянальнасьць і хатнюю мову жыхароў краіны, устанавіў, што ў Падляскім ваяводзтве жылі 46,4 тысячы беларусаў (ва ўсёй Польшчы – 47,6 тысячы).

Нядаўна абнародаваныя рэгіянальныя вынікі перапісу 2011 году ў Польшчы паказваюць, што ў Падляскім ваяводзтве беларусамі запісаліся 38,3 тысячы чалавек (ва ўсёй Польшчы – 46 тысяч). Значыць, за дзевяць гадоў колькасьць беларусаў на Падляшшы паменшала на 17,4%! Інакш як дэмаграфічнай катастрофай гэта не назавеш.

Чаму так сталася?

Пытаньне стаіць асабліва востра яшчэ і таму, што ўсе іншыя нацыянальныя меншасьці ў Польшчы, акрамя нямецкай, за гэтыя дзевяць гадоў паміж двума апошнімі перапісамі значна вырасьлі. Напрыклад, шлянзакі (сілезцы), якіх польская дзяржава не прызнае нацыянальнай меншасьцю, павялічылі сваю колькасьць з 173 тысяч да 809 тысяч (рост амаль у пяць разоў); кашубы з 5 тысяч да 228 тысяч (рост у 45 разоў!); украінцы з 31 тысячы да 48 тысяч (рост больш чым на палову); лэмкі з 6 тысяч да 10 тысяч (больш, чым у паўтара раза).

Чаму прападаюць падляскія беларусы? На мой погляд, тэарэтычна магчымыя два варыянты адказу на гэтае пытаньне.

Першы варыянт: Падляшша – даволі бедны рэгіён у параўнаньні з астатняй Польшчай, а таму беларусы за згаданыя дзевяць гадоў масава пераехалі ў цэнтральную Польшчу, дзе ўсё ж запісаліся наогул беларусамі. У маштабе ўсёй краіны беларусаў паменшала ўсяго на 3,5%.

Гэты варыянт мне асабіста падаецца малаверагодным. Такога адтоку беларусаў з Падляшша ніхто паміж перапісамі не назіраў. І мала праўдападобна, што падляскія беларусы, пераехаўшы ў суцэльна польскае асяродзьдзе, захацелі б афіцыйна запісацца беларусамі.

Другі варыянт: беларусы засталіся на Падляшшы, але пачалі масава лічыць сябе палякамі. А ў маштабе ўсёй краіны зьнікненьне падляскіх беларусаў-аўтахтонаў прыкрылася наплывам эмігрантаў з Рэспублікі Беларусь. Падляскіх беларусаў паміж 2002 і 2011 гадамі паменшала на 8 тысяч – я лічу вельмі верагодным, што за гэты самы пэрыяд у Польшчы зьявілася больш-менш такая ж колькасьць эмігрантаў з Рэспублікі Беларусь, якіх і вылавіў перапіс 2011 году.

Значыць, застаецца адказ на пытаньне, чаму прападаюць падляскія беларусы.

Я на гэтае пытаньне даў самому сабе адказ ужо ў пачатку 2004 году, калі пабачыў вынікі перапісу 2002 году ў расьпісцы на паасобныя гміны Падляскага ваяводзтва. Гэтыя вынікі сьведчылі, сярод іншага, аб тым, што на кожных 10 беларусаў Падляшша 7 гавораць дома на падляскай гаворцы (мясцовым варыянце палескай), 2 на беларускай гаворцы і 1 на польскай мове.

Ня трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець, што гэтая сытуацыя насамрэч азначае для далейшага лёсу беларускай меншасьці на Падляшшы.

Беларуская літаратурная мова, на якой працуюць журналісты ў беларускіх СМІ на Падляшшы, пераважнай большасьцю падляскіх беларусаў ужо не ўспрымаецца як нешта сваё. Нацыянальная ідэнтыфікацыя беларусаў празь беларускую літаратурную мову на Падляшшы ўжо не працуе. Нягледзячы на тое, што ўсё яшчэ больш за 3 тысячы школьнікаў вывучаюць беларускую мову на Падляшшы як прадмет.

Пачынаючы з 2005 году я стараўся на ўсіх даступных мне мэдыйных пляцоўках растлумачыць гэтую новую сытуацыю сваім колішнім калегам-журналістам і таварышам у змаганьні за захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Польшчы. Маўляў, каб не памерці, трэба нам выкарыстаць у гэтым змаганьні падляскую мову ў беларускіх друкаваных і электронных СМІ на Падляшшы, каб празь яе пастарацца палегчыць нашым землякам этнічную ідэнтыфікацыю і адсунуць нашу этнічную сьмерць. Дзеля гэтай якраз мэты ў 2008 годзе разам з маім братам Аляксандрам мы заснавалі сайт Svoja.org, на якім давялі да лягічнага завяршэньня ўсе ранейшыя спробы нармалізацыі правапісу падляскай мовы на аснове лацінкі і паказалі – як мне падаецца, даволі пераканаўча – што падляская мова ў змозе пераняць абслугоўваньне беларускай меншасьці ў Польшчы ў любой дзялянцы нацменшаснага жыцьця ня горш за літаратурную беларускую.

Гэтыя нашы заклікі, каб пачаць пісаць і гаварыць па-падляску, былі фактычна поўнасьцю праігнараваныя калегамі, якія працуюць у «Ніве», «Часопісе», на Радыё Рацыя ды ў беларускамоўных праграмах польскага дзяржаўнага радыё і тэлевізіі. Безумоўна, кожны адказвае сам за сябе і робіць тое, што ён лічыць слушным. Аднак час ад часу ўсё ж прыходзіць жорсткая праверка слушнасьці або няслушнасьці зробленага намі. Адна з такіх бязьлітасных праверак – вынікі перапісу 2011 году ў адносінах да беларусаў Падляшша.

Я, зразумела, не пераацэньваю ролі падляскай мовы ў «нацыяналізацыі» беларусаў Падляшша. Але пакуль што ніхто мне не даказаў, што я ня маю рацыі ў тым, што публічнае выкарыстаньне гэтай мовы можа выдатна дапамагчы патэнцыяльным беларусам Падляшша ў сваёй этнічнай ідэнтыфікацыі. Польскім перапісчыкам у 2011 годзе не ўдалося ідэнтыфікаваць нацыянальнасьць для амаль 47 тысяч жыхароў Падляшша. Хто гэтыя людзі – палякі ці немцы? Зразумела, не. Пераважная большасьць зь іх гэта патэнцыяльныя беларусы, у якіх родная мова – не беларуская, а падляская. Уяўляеце сабе, што было б, калі б ім паказаць і даказаць, што падляская мова – гэта нармальная мова беларусаў у Польшчы, якая заслугоўвае на месца ў СМІ, як і беларуская літаратурная? Ці не лягчэй ім было б назваць сябе беларусамі? Пытаньне, канечне, рытарычнае.

Чаму так ня робіцца? Чаму беларусы Падляшша паміраюць, так бы мовіць, па ўласным жаданьні? Гэта зусім не рытарычнае пытаньне. Адказу на яго я чакаю і не магу дачакацца ўжо больш за восем гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG