Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя і дыяспара хочуць правесьці інтэрнэт-выбары


На Кангрэсе ў Таліне абмеркавалі стратэгію на 2013–2015 гады, інтэрнэт-праймэрыз як спосаб абраньня каардынацыйнай рады апазыцыі, а таксама магчымасьці працы з дыяспарай.

V Кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне сабраў амаль 50 удзельнікаў. Традыцыйным арганізатарам выступіў палітычны уцякач Павал Марозаў і яго арганізацыя «Трэці шлях».

Беларускую дыяспару прадстаўлялі «Беларускі дом Інфармацыйны» (Польшча), «Беларускі трыбунал» (Нідэрлянды), «Альянс за мадэрнізацыю» (Чэхія), Беларускі дом у Вільні (Літва), deutsch-belarussische Gesellschaft (Нямеччына), Беларусы Пецярбурга (Расея).

У якасьці экспэртаў — палітычны ўцякач Алесь Міхалевіч, дырэктар Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, намесьнік старшыні «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава і шэраг іншых.

Павал Марозаў
Павал Марозаў
На пытаньне, чаму менавіта такі склад удзельнікаў, Павал Марозаў патлумачыў, што хацелі сабраць розныя, ня толькі палітычныя групы, якія маглі б працаваць разам.

Павал Марозаў: «Ідэя кангрэсу — сабраць людзей, якія прадстаўляюць розныя краіны, розныя арганізацыі. Не навязваць меркаваньні, але каб кожны працаваў у сваім кірунку <…> Як крэйсэр, які выпускае дванаццаць ракетаў, кожная зь якіх дасягае канкрэтна сваёй мэты».

Некаторыя запрошаныя госьці ад удзелу адмовіліся. Напрыклад, рэдактарка сайту Хартыі-97 Наталя Радзіна напярэдадні напісала ў сваім фэйсбуку:

«Са зьдзіўленьнем выявіла, што на „Кангрэсе беларускай дыяспары“ <…> будзе Вольга Абрамава. Выдатная кампанія. Я, мабыць, ўстрымаюся ад удзелу».

Арганізатар Кангрэсу Павал Марозаў зьяўляецца сябрам Рады БНР.

Павал Марозаў пра вынікі Кангрэсу ў Таліне:


Паводле Марозава, дзеячам апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці не хапае шчырасьці:

«Вось Мацкевіч, напрыклад, падмяняе паняцьці. Чаму б яму не сказаць, чаго ён рэальна хоча. Маўляў, я хачу прыйсьці да ўлады. Тады лепш не прыкрывацца грамадзянскай супольнасьцю».

Вольга Абрамава падчас агульнага паседжаньня
Вольга Абрамава падчас агульнага паседжаньня
Марозаў лічыць, што апазыцыі і НДА ў Беларусі лепш працаваць паасобку:

«Сапраўды, ёсьць сэнс разьдзяліць палітычныя суб’екты і грамадзянскую супольнасьць. Даць магчымасьці сфармаваць кааліцыі. Мы чакаем ад палітыкаў простага фіналу: зьмены сыстэмы. Вось Ліпковіч — ён палітык? Не, ён трыбун. Такім людзям трэба даць сваю трыбуну. Для палітыкаў гэта будзе прыманкай, каб зь імі працаваць. І для грамадзтва гэта будзе арыенцірам. Зьявяцца новыя твары. Грамадзтва будзе актывізавацца».

Выступ Алеся Міхалевіча тычыўся бягучай сытуацыі ў Беларусі:

«Адна з галоўных цяпер праблемаў — масавая эміграцыя, асабліва ў Расею, хаця там падлік беларусаў не вядзецца. Шмат беларусаў зьехалі ў Кіеў. <…> Узгадайце, усе прагназавалі масавую прыватызацыю. Але стала відавочна, Лукашэнка не зьбіраецца дзяліцца ані ўладай, ані маёмасьцю».

Юрась Губарэвіч пачаў і скончыў выступ прагнозам, што 2013 год наўрад ці прынясе нейкія зрухі.

«Грамадзтва будзе занятае вырашэньнем сваіх уласных, у тым ліку фінансавых праблемаў. Палітычная актывізацыя будзе невялікая, тым больш калі апазыцыя не выступіць кансалідавана. Напярэдадні мясцовых выбараў 2014 году магчыма абраньне адзінага кандыдата».

Вольга Абрамава і Алесь Міхалевіч
Вольга Абрамава і Алесь Міхалевіч

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава задала пытаньне Юрасю Губарэвічу пра раскол апазыцыі на «радыкальную» і «ўмераную»:

«Ваш альянс «Руху за Свабоду», «Гавары Праўду» і БНФ, на мой погляд, вельмі пэрспэктыўны. Ці мадэлявалі вы адносіны з другім лягерам, з радыкаламі? Таксама, на мой погляд, Мацкевіч [Уладзімір] бліжэйшы да вашай групы. Якія зь ім адносіны?»

Юрась Губарэвіч адказаў, што падзел на «радыкальных» і «ўмераных» умоўны:

«Усе радыкалы ўжо зьехалі зь Беларусі. Іх радыкалізм — у рыторыцы і непрымірымай пазыцыі. На маю думку, пазыцыя іх — утапічная, яна толькі кансэрвуе сытуацыю, намэнклятура для сябе ня бачыць ніякіх пэрспэктываў. <…> Што да Мацкевіча, да гэтага ён быў крытыкам апазыцыі. Паглядзім, ці зможа ён уліцца ў палітычныя працэсы».

Увогуле, цягам Кангрэсу Вольга Абрамава праяўляла надзвычайную актыўнасьць і падчас кожнай дыскусійнай панэлі выступала ці задавала пытаньні. Яна зрэагавала на выступ палітоляга Андрэя Паротнікава пра тое, што Лукашэнка шукае альтэрнатыву Расеі:

Юрась Губарэвіч, Юры Чавусаў і Паўлюк Быкоўскі
Юрась Губарэвіч, Юры Чавусаў і Паўлюк Быкоўскі
«Я думаю, у Беларусі з Расеяй шмат супольных інтарэсаў. І ніякі Катар Расеі не заменіць. Акрамя таго Расея мае ідэалягічную і вайсковую зацікаўленасьць у Беларусі. <…> Разам з тым існуе нацыянальны кансэнсус наконт незалежнасьці Беларусі», — заявіла Вольга Абрамава і адзначыла, што хоць па нацыянальнасьці і руская, але вырашыла наступны раз, калі паўстане пытаньне, запісаць сябе беларускай.

Пасьля плянарных паседжаньняў адбыліся дыскусіі ў працоўных групах. Частка абмяркоўвала магчымасьці працы беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой. Адзін з удзельнікаў групы Алесь Зарэмбюк адзначыў:

«Беларускія прадстаўніцтвы за мяжой павінны знайсьці паміж сабой агульную мову, а працаваць найперш трэба з арганізацыямі ў Беларусі».


Другая працоўная група была прысьвечаная інтэрнэт-праймэрыз, як спосабу працы дэмакратычнай супольнасьці з насельніцтвам. Удзельнікі гэтай групы ў цэлым пагадзіліся, што сярод іншага, інтэрнэт-праймэрыз можа быць выкарыстаны для вызначэньня адзінага кандыдата на выбарах 2015 году альбо для выбараў легітымнага органу апазыцыі і/альбо грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Экспэрты з Расеі распавялі, як ім нядаўна пры дапамозе сеціва ўдалося правесьці выбары ў каардынацыйную раду расейскай апазыцыі.

Спэцдакладчык ПАРЭ Андрыс Хэркель і журналіст Паўлюк Быкоўскі
Спэцдакладчык ПАРЭ Андрыс Хэркель і журналіст Паўлюк Быкоўскі
Перад удзельнікамі Кангрэсу выступіў спэцдакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы эстонец Андрыс Хэркель, які пачаў з таго, што цяпер шчыльна займаецца справай Алеся Бяляцкага. Ён канстатаваў:

«На жаль, Беларусь — адзіная краіна, якая за апошні час зрабіла крок назад у пляне дэмакратычных пераўтварэньняў».

Прадпрымальнікі Віктар Гарбачоў і Алег Мяцеліца распавялі спэцдакладчыку пра сытуацыю з дробным і сярэдні бізнэсам у Беларусі:

«У нас каля мільёна прадпрымальнікаў. Аднак яны не ідуць у палітыку. Не ідуць, бо іх адразу закрыюць» — адзначыў Гарбачоў.

Казалі пра спробы ціску на незалежныя мэдыі і выказаліся за ідэю адмены альбо зьмяншэньня кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Між іншага, прагучала ідэя правесьці кампанію за пашырэньне колькаснага складу супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі, што спросьціць і паскорыць працэдуру атрыманьня візаў.

Адкрыцьцё выставы Тацяны Дзянісавай
Адкрыцьцё выставы Тацяны Дзянісавай

У межах Кангрэсу адбылося адкрыцьцё выставы мастачкі Тацяны Дзянісавай у вежы Хэлемана ў гістарычным цэнтры Таліна, а таксама прэзэнтацыя беларускай нядзельнай школкі «Пралеска».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG