Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Гайдукевіч па-расейску: Усё — пераходзім на беларускую мову

абноўлена

«Галоўны складнік сувэрэнітэту любой дзяржавы і адзіная для ўсіх дзяржаўная ідэалёгія толькі адна — гэта разьвіцьцё і ўмацаваньне роднай мовы», — гаворыцца ў заяве Лібэральна-дэмакратычнай партыі.


«Мы адзіная дзяржава ў сьцеве, дзе дзяржаўныя служачыя дрэнна, альбо зусім ня ведаюць родную мову. Неабходна тэрмінова прыняць закон, у якім выразна і ясна пастанавіць — калі ты служачы дзяржаўнага воргану, ты павінен ведаць і карыстацца беларускай мовай», — гаворыцца ў заяве.

«Усталяваць тэрміны для гэтага закону і мы замацуем сувэрэнітэт нашай дзярджавы на стагодзьдзі. Вось падмурак, безь якога ня можа быць сапраўднага сувэрэнітэту».

Праўда, у той самай заяве гаворыцца: «партыя падтрымлівала і будзе падтрымліваць дзьве існуючыя дзяржаўныя мовы».

«Кожны грамадзянін мае праца размаўляць на той мове, на якой хоча, і ніякіх абмежаваньняў у гэтым быць не павінна. Але настаў час падтрымаць мову нашых бацькоў»

Заява, падпісаная кіраўніком ЛДП Сяргеем Гайдукевічам, сканчваецца воклічам «Жыве Беларусь!!!».

Алесь Лагвінец: «Ня варта зьвяртаць увагу на заявы ЛДП»


Камэнтар намесьніка кіраўніка руху «За свабоду» палітоляга Алеся Лагвінца:

«ЛДП — гэта марыянэткавая партыя рэжыму Лукашэнкі. Таму заявы такога кшталту, якія нібыта правільныя, прынамсі адносна кепскага стану беларускай мовы, што зьяўляецца вынікам адпаведнай дзяржаўнай палітыкі, — такія заявы ёсьць вынікам жаданьня запаўняць эфір, зьвярнуць на сябе ўвагу. З гэтым зьвязана таксама і „амаладжэньне“ гэтак званай партыі. Мне падаецца, што ня варта зьвяртаць увагу на такія заявы да тае пары, пакуль ня будзе пэўных дзеяньняў. А тое, якім чынам партыя — Гайдукевічаў ужо — запаўняе мэдыйную прастору, ужо вядома».

Наста Палажанка: «Чакаем прэсавую канфэрэнцыю спадароў Гайдукевічаў па-беларуску»


Наста Палажанка
Наста Палажанка
Заяву ЛДП камэнтуе Яе камэнтуе намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Палажанка:

«Я, канечне, не магу сур’ёзна ставіцца да заяваў парыі Сяргея Гайдукевіча, паколькі, па-першае, прынамсі, магу сачыць за хлусьлівымі заявамі ягонага сына, які зьяўляецца намесьнікам па партыі. Ну, а па-другое, асоба Гайдукевіча дастаткова калярытная, і калі пабачыць, што ён агучвае заявы пра палітычных вязьняў, называе выбары сфальшаванымі, пагражае масавымі пратэстамі Аляксандру Лукашэнку, то, безумоўна, бачна, што, магчыма, крышачку мяняецца. Але, магчыма, таму, што мяняецца палітычная каньюнктура і ён можа дазволіць сабе гэтак выглядаць.

Адносна мовы, то гэта ня тое, што трэба дзяліць і нейкім чынам прыватызоўваць. Дзякаваць Богу, беларуская мова — гэта здабытак усяго беларускага народу. Нават калі б і „Белая Русь“ сказала б, што беларускую мову неабходна прыватызаваць, то я ня думаю, што хтосьці б зь людзей, якія сапраўды шануюць беларускую мову і хочуць, каб яна распаўсюджвалася, выступалі б супраць гэтай прапановы. Бо мы ж змагаемся ўсё ж-такі ня з пэўнымі асобамі, а з тымі ідэямі і ідэалёгіяй, якую яны распаўсюджваюць. А калі мы можам у нечым зь імі пагаджацца, ну дык дай Бог. Галоўнае, каб пасьля гэтых словаў былі дзеяньні, каб на словах усё гэта не спынялася. І тады толькі можна пабачыць, ці ёсьць гэта сапраўднае жаданьне і мэта, якую яны хочуць рэалізаваць. Калі так, то калі ласка — тады чакаем наступную прэсавую канфэрэнцыю спадароў Гайдукевічаў па-беларуску».


Анатоль Лябедзька: «Для Гайдукевіча беларуская мова — гэта як пятае кола ў возе»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Камэнтар кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

«Абсалютна пустое. Проста яны зараз праводзяць актыўную палітыку на ўсходнім кірунку, і ў Асэтыю езьдзілі. Ну, і трэба неяк балянсаваць сытуацыю нейкімі іншымі заявамі. Адсюль і зьявілася заява.

Я думаю, што для Гайдукевіча і ягонага атачэньня беларуская мова — гэта як пятае кола ў возе. Гэта папулізм і ня больш за тое, каб крыху ўраўнаважыць тое, што яны рэальна робяць у сваёй палітыцы».


Сяргей Гайдукевіч: «За сувэрэнітэт? Усё — пераходзім на беларускую мову»



Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч: «Беларуская мова ў ЛДП — найпершая. Для нас беларуская мова — гэта сьвятое. Мы лічым, што няма нацыі бяз мовы, і таму тут пытаньняў ня можа быць. Пытаньне заключаецца ў тым, што мы ўпершыню паставілі пытаньне зусім інакш.

Мы сказалі: Як жа так, паважаныя сябры?! Дзяржаўныя службоўцы, я падкрэсьліваю — дзяржаўныя службоўцы, якія працуюць міністрамі, у выканкамах, гарвыканкамах, адміністрацыях, усюды — ня ведаюць і ня маюць зносінаў на беларускай мове?! Мы гаворым пра нейкую ідэалёгію ў дзяржаве, нехта кажа, што трэба ўмацоўваць эканоміку, хтосьці кажа, якой павінна быць грашовая адзінка. Сувэрэнітэт дзяржавы — мова!!! Тая мова, той дзяржавы, у якой мы жывём.

Няўжо магчыма ўявіць сабе любую іншую краіну, дзе які-небудзь міністар прыедзе ў якую-небудзь іншую краіну і будзе размаўляць не на мове сваёй роднай дзяржавы?! Вось сувэрэнітэт — трэба найперш зрабіць гэта. Калі дзяржаўныя службоўцы загавораць па-беларуску — усё, дзяржава будзе жыць. Мы ставім гэта як найгалоўную задачу таму, што ўсё ўжо, усё! Кожны крычыць: я за сувэрэнітэт, я за сувэрэнітэт. За сувэрэнітэт? Усё — пераходзім на беларускую мову.

Усе афіцыйныя сустрэчы, усе размовы, усе, каму належыць, павінны публічна размаўляць на роднай беларускай мове. Усё — іншага варыянту няма, альбо ўсе мы бяззубыя. Ніякіх ня трэба ідэалягічных разборак — сыходзімся на гэтым. Першае, на чым сыдземся: родная мова — беларуская. Усё, хопіць!»


Камэнтар Сяргей Гайдукевіч даваў на расейскай мове.


Алег Трусаў: Гэта PR-крок


Камэнтар кіраўніка Таварыства беларускай мовы Алега Трусава: «Гадоў 10–15 таму назад у мяне была размова з Гайдукевічам пра беларускую мову. Ён тады вельмі добра паставіўся да тых ідэяў, якія цяпер агучыла ў звароце яго партыя. Таму гэта ня новая зьява для гэтай партыі, была ўжо такая тэндэнцыя ў гісторыі. Яны тады нават шыльды па-беларуску зрабілі. Пасьля неяк заціхла. Цяпер, я думаю, Лібэральна-дэмакратычная партыя пачынае адчуваць зьмены настрою грамадзтва, рыхтавацца да шматпартыйнай сыстэмы, вось яны і ўзьнялі праблему мовы. Я лічу, што падтрымку ў грамадзтве такая ідэя будзе мець, бо 55–60% грамадзтва станоўча ставіцца да беларускай мовы. Такім чынам, гэта вельмі добра прадуманы PR-крок».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG