Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарадзенцы не маглі апаганіць габрэйскі знак. Я ня веру ў гэта…»


Памятны знак на ўваходзе ў былое Гарадзенскае гета невядомыя аблілі карычневай фарбай
Памятны знак на ўваходзе ў былое Гарадзенскае гета невядомыя аблілі карычневай фарбай

Памятны знак ахвярам гета на Замкавай вуліцы ў Горадні, абліты карычневай фарбай у мінулыя выходныя, дагэтуль не ачышчаны. Зламысьнікаў не затрымалі, вядзецца сьледзтва.

Раніцай я затэлефанаваў у гарадзенскае юдэйскае таварыства, каб пацікавіцца, ці ёсьць якія навіны ў расьсьледаваньні адносна аблітага фарбай памятнага знака каля ўваходу ў былое гета. Спадарыня Алена Куцэвіч, якая падняла слухаўку, сказала, што навінаў пакуль няма, і дадала:

«Усе хвалююцца, як і паўсюль, дзе такое здараецца. І прыходзяць, і тэлефануюць, і пытаюцца, ці вядзецца сьледзтва міліцыяй, ці будуць пакараныя тыя, хто гэта зрабіў. Тэлефануюць ня толькі нашыя, але і звычайныя гарадзенцы, так, як і вы патэлефанавалі. Усіх людзей хвалюе тое, як уратаваць гэты знак».

У гарадзенскай сынагозе знаходжу Барыса Квяткоўскага, старшыню гарадзенскага юдэйскага рэлігійнага таварыства. Ён заўсёды тут, калі ні зойдзеш, апякуецца аднаўленчымі працамі. Зараз праз тэлефон адказвае, што зь вялікай прыемнасьцю будзе чакаць чарговых экскурсантаў. Наагул, як кажа сам, вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё прапагандзе юдэйскай культуры. Выглядае ён стомлена.
Барыс Квяткоўскі ў музэі гісторыі і культуры гарадзенскіх габрэяў
Барыс Квяткоўскі ў музэі гісторыі і культуры гарадзенскіх габрэяў

Апавядае, што паспрабавалі змыць фарбу самі, але яна не змываецца, і цяпер камунальныя службы шукаюць адпаведных растваральнікаў. Міліцыя вядзе сьледзтва, у гарвыканкаме і аблвыканкаме таксама ведаюць пра тое, што здарылася. Занепакоеныя здарэньнем і ў амбасадзе Ізраіля ў Менску. За ўсё сваё жыцьцё Квяткоўскі ня можа прыгадаць падобнага ў Горадні:

«Няма ў нас жаданьня абвінавачваць у гэтым навакольны сьвет. Гэта зрабілі адшчапенцы і падонкі. І яшчэ я ня веру, што гэта маглі зрабіць гарадзенцы. На працягу столькіх гадоў, колькі я тут жыву, мы праводзілі столькі розных мерапрыемстваў, экскурсій. Я ведаю, як да нас добразычліва ставяцца, гатовыя знаходзіць няхай і невялікія сродкі дзеля таго, каб як мага хутчэй аднавіць будынак сынагогі. І раптам…»
Сынагога ў Горадні
Сынагога ў Горадні

У адноўленым пакоі сынагогі, дзе месьціцца музэй гісторыі і культуры гарадзенскіх габрэяў, Барыс Квяткоўскі распавядае, што экспазыцыю пачалі рабіць не з часоў, калі ў Горадні зьявіліся габрэі — XIV ст., а з часоў Другой усясьветнай вайны, калі ў горадзе была зьнішчана палова насельніцтва — звыш 20 тысяч чалавек, гэта якраз і былі габрэі.

У музэі прыбірае жанчына, яе завуць спадарыня Марыя. Я зьвярнуўся да яе з пытаньнем — што яна думае наконт апаганьваньня памятнага знака?

«Здавалася, наш горад заўсёды лічылі лепшым за іншыя, а тут здарылася тое самае, што і паўсюль. Мяне гэта абурае. Я сама беларуска, але працую тут, бо маю сымпатыі да габрэйскай культуры».
Усярэдзіне сынагогі
Усярэдзіне сынагогі

На вуліцы Замкавай, зусім недалёка ад памятнага знака побач з уваходам у былое гета, знаходзіцца майстэрня вядомага гарадзенскага мастака і рэстаўратара Ўладзімера Кіслага. Ён узгадаў сёньня, як адкрывалі гэты знак, як ён разам зь іншымі прыйшоў сюды зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб выказаць салідарнасьць габрэям. Ён памятае, як тады іх усьцешыла гэтая падтрымка:

«Кожны нармальны чалавек да такога паставіцца нэгатыўна. Думаю, што тут магчымыя два варыянты. Альбо гэта антысэмітызм, праўда, абсалютна на незразумелай глебе, альбо банальнае хуліганства — хутчэй за ўсё, я так думаю. Дый адкуль антысэмітызму тут быць, калі амаль усе габрэі выехалі — у Горадні іх засталося некалькі соцень? Мне здаецца, што гэты ўчынак — дурата апошняй ступені, якую толькі можна прыдумаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG