Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпковіч: «Няма габрэяў — няма антысэмітызму»


9 лістапада — міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антсэмітызмам.

Ахвярамі генацыду габрэйскага народу, зьдзесьненага нацыстамі, сталі шэсьць мільёнаў габрэяў па ўсёй Эўропе. У Францыі, Аўстрыі, Бельгіі, Нямеччыне, Канадзе, Ізраілі і яшчэ дзясятку краінаў адмаўленьне Халакосту, а таксама памяньшэньне ці апраўданьне яго зьяўляецца крымінальным злачынствам.

У Беларусі падчас халакосту загінула да 80 працэнтаў габрэйскага насельніцтва: ад 600 да 800 тысяч чалавек. Ці актуальная для нас гэтая міжнародная дата? Ці ёсьць у нас антысэмітызм?

«Які гэты дзень для нас? — сам сабе задае пытаньне Кузьма Казак, дасьледчык гісторыі Другой сусьветнай вайны, дырэктар Гістарычнай майстэрні. — Гэта толькі маленькая кропка. Усяго невялікая колькасьць гісторыкаў, грамадзкіх установаў нагадваюць сёньня Беларусі пра тое, што было, здаецца, далёка. Але гэта вельмі блізка да нас, мае дачыненьні і да нашай гісторыі і да сёньняшняга дня. Што мы бачым у 1938 годзе? Зьяўляецца варожасьць, шуканьне ворагаў, вызначэньне гэтага ворагу. І гэта стала катастрофай — Галакостам».

«Барацьба з фашызмам дагэтуль актуальная, — упэўнены публіцыст і блогер Яўген Ліпковіч. — Заўжды спакушальна прыбраць тонкую мяжу паміж нацыянальным сацыялізмам і звычайным нацызмам. У нас, у Беларусі, да лёзунгу „кроў ды глеба“ дадаецца яшчэ і „мова“ як неабходны і абавязковы кампанент».

Ліпковіч згадвае шырока вядомае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра ролю Адольфа Гітлера ў гісторыі Нямеччыны , а таксама ягоныя ж закіды ў бок габрэяў, якія амаль не прывялі да дыпляматычнага скандалу. «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. Страшна было зайсьці, сьвінушнік быў. Гэта быў у асноўным габрэйскі горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе жывуць», — сказаў беларускі прэзыдэнт на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў 12 кастрычніка 2007 году. На гэтыя словы рэзка адрэагаваў тагачасны амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е, наўпрост назваўшы такія выказваньня антысэміцкімі. А міністарка замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні з нагоды словаў Лукашэнкі зьвярнулася да сусьветных лідэраў з патрабаваньнем узяць на сябе адказнасьць за барацьбу супраць антысэмітызму, які падымае «пачварную галаву ў розных частках сьвету».

«Не скажу, што шмат праяваў антысэмітызму. Пішуць на платах, на лаўках. Але ня так, як, напрыклад, у Прыбалтыцы ці ў Францыі нават. Мы ў гэтым сэнсе лепшыя. Але н нельга супакойвацца. Мы мусім быць адзіныя ў гэтым пытаньні. Гэта сур’ёзны дзень», — кажа старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчынаў Леанід Левін.

На прэсавай канферэнцыі 22 кастрычніка ён цьвёрда запэўніў, што антысэмітызму на дзяржаўным узроўні ў Беларусі няма. «Няма габрэеў — няма антысэмітызма, — парыруе Яўген Ліпковіч — На месцы габрэйскіх могілак будуюцца стадыёны, а на магілах малююць свастыкі. У той жа час беларускую пячонку персаджваюць ізраільскаму шпіёну».

Непаліткарэктныя выказваньні вышэйшых дзяржаўных службоўцаў, а таксама бязьдзеяньне праваахоўных органаў у дачыненьні да актаў вандалізму у адносінах да габрэйскіх помнікаў, могілак, або іншай маёмасьці абгрунтавалі ўнясеньне Беларусі ў сьпіс парушальнікаў свабоды веравызнаньня.

Сапраўды, факты вандалізму на могілках, у тым ліку і габрэйскіх, ня рэдкасьць. Сёлета ў ліпені ў Магілёве аблілі фарбай памятны знак «У памяць аб габрэях — ахвярах нацызму», які стаіць на месцы колішняга Магілёўскага гета. Неаднаразова цярпеў ад вандалаў першы і на доўгі час адзіны на тэрыторыі СССР помнік ахвярам Галакосту Яма. Усталяваны яшчэ ў 1947 годзе на месцы менскага гета, ён меў нават надпіс на ідыш.



Да агульнага няшчасьця ахвярамі вандалізму робяцца помнікі ня толькі габрэйскай гісторыі і культуры. Рэгулярна прыходзяць паведамленьні пра вандалізм у Курапатах. Як кажа старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч «У нас ніводзін пагост не застрахаваны ад вандалаў»

У беларуска-нямецкай Гістарычнай майстэрні габрэйская гісторыя дасьледуецца пасьлядоўна. «Сёньня маладыя гісторыкі і настаўнікі гісторыі зьбяруцца ў сярэдняй школе № 133, каб узгадаць падзеі Крыштальнай ночы, — распавядае Казак. — А 10 лістапада пачынаецца падзея, зьвязаная з дэпартацыяй габрэяй зь Нямеччыны. Зусім нядаўна ў гістарычнай майстэрні была адкрытая новая выстава, прысьвечаная як раз гэтай тэме. Гэтая выстава і „наведае“ сярэднюю школу. Заўтра ж маладыя гісторыкі з гістарычнага факультэта БДУ паедуць у мэмарыяльны комплекс Асьвенцым».

Зрухі ёсьць, кажа Кузьма Казак. Найперш яны зьвязаныя з тым, што гісторыяй цікавяцца маладыя людзі. «Галакост — вельмі значнае пытаньне, асабліва для маладых людзей. Яго гісторыя не павінная замяняцца падзеямі толькі Вялікай айчыннай вайны, падзеямі ўнутранага кшталту. Гэты дзень дае магчымасьць па-іншаму паглядзець на гісторыю. Пакуль, на вялікі жаль, у нас у Беларусі вялікая колькасьць вёсак, якія згубілі сваю гісторыю. А яна як раз зьвязаная з гісторыяй габрэйства».

«Вось глядзіце, — распавядае Казак. — у нас на Беларусі вельмі шмат вёсак — гэта былыя габрэйская мястэчкі. Падчас другой сусьветнай вайны яўрэйства было зьнішчанае і зараз у гэтых вёсках не застаецца аніводнай старонкі габрэйскай гісторыі. Гэта вельмі дзіўна. Адна з такіх вёсак — вёска Гарадок Маладэчанскага раёну. Гэта 90 км ад Менску. У самой вёсцы захаваўся будынак сынагогі, габрэйскія могілкі, месца 710 габрэяў з гэтай вёскі. Зараз мы вядзем вялікую працу па расшукваньні дакумантаў. Да росшуку далучылася школа, студэнты ўнівэрсытэта, а таксама грамадзкія ініцыятывы. Мы б вельмі хацелі праз гэты прыклад паказаць тысячам маленькім вёскам у Беларусі, што яны могуць знайсьці не такую даўнюю гісторыю».

«Антысэмітызм пачынаецца там, дзе лічаць габрэеў. Лукашэнка лічыць, што ў ягонай адміінстрацыі два габрэі. Я ўпэўнены, што іншыя хаваюцца», — кажа Яўген Ліпковіч.

Між тым у Беларусі яшчэ прыканцы 60-х гадоў было 150 тысяч габрэяў. А ўжо паводле апошняга перапісу толькі 12 з паловай тысяч жыхароў краіны назвалі сябе габрэямі. Гэта 0, 1% усяго насельніцтва. Пры канцы 19 стагодьдзя, усяго якіх 115 гадоў таму, габрэі ў Беларусі было амаль 14 адсоткаў.

Даведка «Свабоды»

У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 году карычневакашульнікі, члены штурмавых атрадаў СА, ініцыявалі масавыя габрэйскія пагромы. Прынамсі 91 чалавек загінуў, сотні і тысячы былі параненыя і зьнявечаныя. Наступным ранкам вуліцы гарадоў Нямеччыны і Аўстрыі пакрылі шклянымі ашкепкамі ад разьбітых вітрынаў крамаў і вокнаў дамоў. Таму ноч, якая лічыцца пачаткам Галакосту, у гісторыі называюць «Крыштальнай» ці «Ноч разьбітых вітрынаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG