Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Артыкул, як БНФ мог, але ня змог – наўрад ці каму цікавы»


Супольнае выданьне журналістаў Магілёўшчыны «Збажына»
Супольнае выданьне журналістаў Магілёўшчыны «Збажына»
5 лістапада выдаўцы гэтак званай малой прэсы з Магілёўшчыны прынялі зварот да ўлады з патрабаваньнем спыніць перасьлед журналістаў Андрэя Пачобута, Валера Булгакава і часопіса «ARCHE». Пад зваротам паставілі подпісы 20 журналістаў зь сямі раёнаў вобласьці, якія прыехалі ў Магілёў, каб узяць удзел у міжнароднай акцыі «Станем за журналістыку». У яе межах сёньня прэзэнтавалі супольнае выданьне «Збажына».

Перасьлед журналістаў за прафэсійную дзейнасьць і праявы журналісцкай салідарнасьці былі асноўнымі тэмамі на сустрэчы выдаўцоў рэгіянальнай прэсы. Амаль кожны выдавец, як сьцьвярджалася на сустрэчы, сутыкаўся зь перасьледам з боку мясцовых уладаў, таму сытуацыя з Пачобутам, Булгакавым ды «ARCHE» для іх злабадзённая. Зварот са сваім патрабаваньнем падпісанты дашлюць у Адміністрацыю прэзыдэнта, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў ды Міністэрства інфармацыі.

Генадзь Суднік
Генадзь Суднік
«Гэта ня толькі салідарны цэх рамесьніцкі мусіць стаяць за сваіх. Незалежная журналістыка вельмі важная для краіны, для здароўя нацыі, для нацыятварэньня – мы нават гэты шлях да канца не прайшлі. Трэба зьвяртацца, трэба грукацца ў тыя дзьверы, трэба накіроўваць туды свае лісты. У кожнай з гэтых інстанцыяў назьбіраецца гісторыя змаганьня за праўду зь імі», – зазначае сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў з Магілёва Генадзь Суднік.

Газэты зь невялікім накладам – да 300 асобнікаў – выдаюцца ў сямі раёнах вобласьці. Друкуюцца яны з рознай пэрыядычнасьцю. Распаўсюджваюцца найчасьцей у межах невялікіх паселішчаў ці райцэнтраў. Напрыклад, газэта «Справа» выдаецца ў вёсцы Брылі Магілёўскага раёну. Яе выдавец – сябра партыі БНФ Мікалай Яцкоў:

Мікалай Яцкоў
Мікалай Яцкоў
«Газэта патрэбная, бо там друкуюцца матэрыялы, якіх нельга знайсьці ў нашай раённай газэце. У ёй больш свабоды, большая амплітуда думак па тых падзеях, якія адбываюцца ў нашым раёне і ў Магілёве. Людзям падабаецца, што ёсьць іншы, інакшы погляд на праблемы».

Пра што канкрэтна пішуць «малыя газэты», ці ёсьць у іх рэзанансныя ў межах раёну публікацыі і на якія тэмы? Адказвае рэдактар «Клімавіцкай панарамы» Сяргей Аржанцаў:

Сяргей Аржанцаў, рэдактар «Клімавіцкай панарамы»
Сяргей Аржанцаў, рэдактар «Клімавіцкай панарамы»
«Напрыклад, былі тэмы пра карупцыю ў нашай клімавіцкай міліцыі. Наша раёнка абышла гэта, толькі афіцыйнае паведамленьне было. Нядаўна мы пісалі пра клімавіцкіх наркаманаў і пра тое, што ў нашым аддзеле міліцыі вельмі вялікі недахоп кадраў. Ужо некалькі разоў аддзел ідэалёгіі казаў, што яны вымушаныя былі рэагаваць на публікацыі».

Схема распаўсюду ў кожнай з «малых газэт» свая. У Бялынічах выдаўцы мясцовай «Паходні» распаўсюджваюць сваю газэту праз прадпрымальнікаў і іхнія крамы. Чым гэта скончылася для аднаго з крамнікаў, апавядае рэдактар газэты Барыс Вырвіч:

Барыс Вырвіч, рэдактар газэты «Паходня»
Барыс Вырвіч, рэдактар газэты «Паходня»
«Краме, дзе распаўсюджвалася газэта, Мікалая Мяцеліцы, не працягнулі арэнду, і ён вымушаны быў перайсьці ў іншае памяшканьне. Гэтаму паспрыяла тое, што там ня толькі, канечне, «Паходня» распаўсюджвалася, але і іншая незалежная прэса наагул. І ўлады проста не захацелі гэта бачыць у цэнтры гораду».

Ёсьць і скептычныя меркаваньні наконт прафэсіяналізму выдаўцоў малой рэгіянальнай прэсы. Пра недахопы гаворыць незалежны журналіст з Магілёва Алесь Буракоў:

«Часам бяру ў рукі газэту, і я яе не магу дачытаць нават да трэцяга абзаца. Бачна, што там працуюць не журналісты, а людзі, якія па-аматарску ставяцца да гэтага. То бок, калі пішацца, як чыноўнік паехаў у калгас і там нядобрае сказаў пра людзей – вось гэта чытаецца, а калі нейкі артыкул філязофскі пра тое, як БНФ мог, але ня змог, – то гэта наўрад ці каму цікава».
Разварот адной з газэт з рэзананснымі мясцовымі навінамі
Разварот адной з газэт з рэзананснымі мясцовымі навінамі

Самі выдаўцы малой рэгіянальнай прэсы прызнаюць, што іхныя газэты – гэта асяродак, дзе гуртуюцца людзі, якія маюць іншыя погляды на падзеі ў сваёй мясцовасьці і ў краіне. Улада гоніць іх за гэта адусюль, таму выказвацца яны могуць толькі са старонак маланакладных выданьняў. Пра асаблівасьці местачковага газэтнага жыцьця на Магілёўшчыне і апавядае выдадзеная супольнымі намаганьнямі «Збажына», якую прэзэнтавалі сёньня ў межах салідарнай міжнароднай акцыі «Станем за журналістыку».
Подпісы ў абарону журналістаў Андрэя Пачобута, Валера Булгакава і часопіса “ARCHE”
Подпісы ў абарону журналістаў Андрэя Пачобута, Валера Булгакава і часопіса “ARCHE”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG