Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лістапад» пачынаецца з Васіля Быкава


Цягам тыдня ў Менску будзе праходзіць ХІХ Міжнародны кінафэстываль «Лістапад-2012».

Сёньня — адкрыцьцё імпрэзы: пасьля традыцыйнага праходу ўдзельнікаў па чырвонай дывановай дарожцы да Палаца рэспублікі і ўрачыстай цырымоніі будзе паказаны першы конкурсны фільм. Гэта драма рэжысэра беларускага паходжаньня Сяргея Лазьніцы па аповесьці Васіля Быкава «Ў тумане». Пераможцу «Лістапада» абвесьцяць у наступную пятніцу.

У аргкамітэце фэстывалю расказалі, што творчыя групы больш як з чатырох дзясяткаў краінаў пазмагаюцца за прызы ў пяці конкурсных праграмах, а ўсяго ў рамках кінапаказаў сталічнаму гледачу будзе прапанавана блізу 180 фільмаў. А вось сярод паўтары сотні ганаровых гасьцей фэстывалю зорак міжнароднага маштабу няма — традыцыйна акцэнт зроблены на расейскі шоў- і кінабізнэс. Што дае падставу адмыслоўцам казаць пра лякальнасьць зьявы — нягледзячы на спробы прапаганды падаць фэстываль як адзін з «найбольш аўтарытэтных у Эўропе». Досыць стрымана ацэньвае статус імпрэзы і яе шматгадовы старшыня — народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі. Летась яго выправілі на пэнсію, і цяпер ён толькі кансультуе новае кіраўніцтва:

«Як я ўяўляю, фэстываль у нас усё ж інфармацыйны. Бо, дапусьцім, калі рабіць па тыпу таго, як „Бэрлінарый“, дык гэта не кінафэстываль, які робіцца для кінэматаграфістаў, дзе рынак, дзе прадаюцца карціны і купляюцца, заключаюцца кантракты. У Менску праходзіць некалькі іншы фэстываль. У нас таксама новыя карціны ідуць, але ў асноўным мы паказваем народу самыя лепшыя кінадасягненьні Эўропы, эўрапейскай кінаіндустрыі. Пры мне і было так, што гэта амаль усе прэміраваныя фільмы. Увогуле, гэта вельмі складаная рэч сёньня — кіно. Яна заўсёды была складаная, але сёньня неяк асабліва. Таму што рабіць проста дзеля гледача, для нейкай кучкі народу — гэта адно. Але ж важна сабраць грошы, апраўдаць карціну. Важныя зборы. Глядзіце, як у Амэрыцы: нейкая карціна сабрала такую вялікую колькасьць гледачоў, яна сябе апраўдала і нават пераапраўдала. І гэта таксама важна».

Упершыню адразу на дзьвюх пляцоўках будзе паказаны фільм адкрыцьця. Стужку «Ў тумане» Сяргея Лазьніцы, які апошнія гады жыве ў Нямеччыне, але ўсё ж не цураецца сваёй беларускасьці, пакажуць асобна для розных катэгорый: для запрошаных гасьцей — у малой залі Палаца Рэспублікі, для шырокай публікі — у кінатэатры «Кастрычнік». Такая ўвага не без прычыны: творчасьць Васіля Быкава, паводле аповесьці якога зьняты фільм, беларускімі ўладамі ўспрымалася на мяжы варожасьці. Паказальна, што гісторыю пра лёс падзеленых вайной беларусаў Сяргей Лазьніца здымаў не ў Беларусі. Ці, можа, адпачатку ня верыў у такую магчымасьць?

Сяргей Лазьніца
Сяргей Лазьніца
«Так здарылася, што гэта ко-прадукцыя пяці дзяржаў, у тым ліку і Латвія брала ў гэтым удзел. І якраз у Латвіі я знайшоў лякацыі, знайшоў натуру, якая вельмі добра падышла для гэтай карціны. Я знайшоў дастаткова дзікія лясы, і менавіта там мы змаглі правесьці здымкі. Увогуле, я хацеў ставіць гэтую карціну яшчэ ў 2002 годзе. Я тады зьвязваўся з Васілём Уладзімеравічам, расказаў яму пра сваю ідэю. І можна сказаць, што ён блаславіў мяне на пастаноўку. Ён даслаў, найперш, дазвол на пастаноўку карціны на той момант, і аркушык, на якім было напісана ўсяго пару слоў — ні пуху, ні пяра! Я гэтыя „бласлаўленьні“ захоўваю дагэтуль».

Асабліва падкрэсьліваецца, што на тле адзначэньня 20-гадовага юбілею Беларускага саюзу кінэматаграфістаў сёлета асаблівая ўвага надаецца менавіта нацыянальнаму кінэматографу. У рамках праграмаў дакумэнтальнага і гульнёвага кіно «Беларуская панарама» будуць прадэманстраваныя стужкі маладых і дасьведчаных аўтараў. Між тым, як кажа кінакрытык Ала Бабкова, хваліцца беларусам пакуль што няма чым:
Мадэль беларускага кінэматографу паўтарае мадэль нашай грамадзка-палітычнай сыстэмы

«Увогуле, я ўжо пісала і ў Расеі, і тут, што мадэль беларускага кінэматографу паўтарае мадэль нашай грамадзка-палітычнай сыстэмы. Абсалютна адзін да аднаго. Няма канкурэнцыйнага асяродзьдзя — а яно павінна быць, абавязкова — таму што тады цягнуліся б адзін за адным і іншыя. Але што тут казаць! У нас столькі ў гэтай сфэры марна патрачана дзяржаўных сродкаў, што ў мяне аж сэрца баліць. І вось вам прыклад па-суседзку: літоўскі рэжысэр Шарунас Бартас атрымлівае гранты і здымае фільмы на ўласнай кінастудыі. У яго свая студыя, а літоўская дзяржаўная кінастудыя, напэўна, толькі праяўляе яму стужкі і друкуе. І ўсё. Ня выключана нават, што ён гэта замаўляе недзе зусім у іншым месцы. І ён робіць, калі ўдаецца, то шэдэўр, а калі не зусім удаецца — то паўшэдэўра. Безь вялізных грошай, якія на дзяржаўным узроўні выдзяляюцца ў нас, а потым дзесьці раствараюцца».

Яшчэ перад пачаткам кінафэстывалю стала зразумела, што і ў гэтай сфэры ў Беларусі дзейнічае падзел на «сваіх» і «чужых». Роўна за месяц да пачатку імпрэзы культуроляг Максім Жбанкоў быў пастаўлены перад фактам, што выкрэсьліваецца са складу журы кінапрэсы фэстывалю «Лістапад». Як гэта бывае амаль заўсёды — без тлумачэньня прычыны:

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў
«Падзелы на „чэсных“ і „нячэсных“, умоўныя „чорныя сьпісы“ — яны ўжо даўно існуюць, незалежна ад усялякіх „Лістападаў“, і гэта абсалютна не навіна. Іншая справа, што, напрыклад, тыя ж музыкі ў гэтым пляне вылучаюцца больш гучна. Абмежаваньні, забароны на прафэсію асабіста я адчуў яшчэ за часамі Фонду Сораса. Калі пры канцы 1990-х зачынялі гэтую фундацыю, мы фактычна трапілі пад забарону на прафэсію. Быў негалосны загад (зноў жа, без усялякіх паперак) — сорасаўцаў на дзяржпрацу ня браць. У выніку я два гады быў на вольных хлябах. Што тычыцца супрацы зь „Лістападам“ і маім выпадкам, то прыклад абсалютна не выключны. Ён паказвае звычайную, відавочную ўсім рэч: культурныя ўстановы, якія трапляюць у поле зацікаўленасьці дзяржавы, пераўтвараюцца ў цалкам залежныя ад іх структуры — як фінансава, так і ідэалягічна. У дадзеным выпадку яны проста залежныя: яны тэлефанавалі, выбачаліся, ім самім, як я адчуваў, было няёмка, было сорамна. Але зноў жа, кажу, яны залежныя, таму нічога не вырашаюць».

Калі менскі кінафорум адкрые карціна Сяргея Лазьніцы «Ў тумане», то завершыць імпрэзу 9 лістапада фільм аўстрыйскага рэжысэра Міхаэля Ханэке «Каханьне», уганараваны Залатой пальмавай галінкай Канскага кінафэстывалю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG