Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Кот: Давайце забаронім усе стужкі, у якіх я здымаўся на «Беларусьфільме»


Анатоль Кот у фільме "Жыве Беларусь"
Анатоль Кот у фільме "Жыве Беларусь"

Госьць «Свабоды» — Анатоль Кот, беларускі й расейскі актор тэатру і кіно. Граў у спэктаклях на «Вольнай сцэне», ў Моладзевым тэатры, Тэатры лялек, Тэатры-студыі кінатэатру, працаваў на радыё. У 2000 у Нямеччыне ўдзельнічаў у п’есе «Арфэй і Эўрыдыка». У 2004-м у Бэрліне, ў тэатры «Тахелес» адбылася прэм’ера монаспэктаклю Ката па «Запискам сумасшедшего» Гогаля. Актор расейскага тэатру Армэна Джыгарханяна. Здымаўся ў фільмах «Анастасія Слуцкая», «Акупацыя» (Містэрыі), «Тутэйшыя», «Берасьцейская крэпасьць», «У жніўні 44-га», «Жыве Беларусь» ды іншых.

Ганна Соўсь: Вітаю ў Празе, вы толькі са спэктакля «Адмарозкі», зь якім прыехалі ў Чэхію...

Анатоль Кот: Мяне запрасіў на спэктакль Кірыл Сярэбранікаў. Ёсьць такая «Сёмая студыя», і вось яго студэнты (ужо былыя студэнты), калі вучыліся, зрабілі такі спэктакль па-расейску. Я зараз працую ў гэтым спэктаклі як запрошаны актор.

Ганна Соўсь: Раскажыце, калі ласка, як вас сустрэлі ў Чэхіі. Вы былі ня толькі ў Празе, пабывалі ў некалькіх гарадах. Чым вы зьдзівілі гледачоў і чым Прага ці Чэхія зьдзівіла вас?

Анатоль Кот: Трэба глядзець гэты спэктакль і разумець, што галоўнае пытаньне пасьля прагляду спэктакля было такое: а ці дазваляюць гэты спэктакль паказваць у Маскве, увогуле ў Расеі? Такая, на самай справе, сур’ёзная тэма — тое, што адбываецца зараз у Расеі, як праходзяць мітынгі, якія думкі зараз ёсьць у людзей — гэта ёсьць у нашым спэктаклі. Галоўнае пытаньне было: а ён не забаронены? Зараз у Плзьне праходзіць Міжнародны тэатральны фэстываль, і з гэтай нагоды спэктакль апынуўся тут, у Празе.

Ганна Соўсь: Я бачыла фільм «Viva, Belarus!» («Жыве Беларусь») з вашым удзелам. Ці сапраўды за ўдзел у гэтым фільме з вамі скасавалі кантракт на здымкі ў беларускім сэрыяле «Сьляды апосталаў», які робіць дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм»?


Фрагмэнт з фільму "Жыве Беларусь"

Анатоль Кот: Калі быць дакладным, не скасавалі кантракт. Кантракту як такога яшчэ не было, была дамова: былі дамоўленыя тэрміны, быў тэкст, які я ўжо пачаў вывучаць (гэты тэкст быў на нямецкай мове), я павінен быў граць фашыста... На самай справе, адбылося так: была толькі тэлефонная размова. Мне патэлефанавалі на мабільны і запыталі, ці здымаўся я ў фільме «Жыве Беларусь!». Я сказаў: «Так». — «Зразумела», — адказалі на тым канцы.

Ганна Соўсь: Гэта пакуль адзінае наступства вашага ўдзелу ў гэтым фільме?

Анатоль Кот: Пакуль што так. (Сьмяецца).

Ганна Соўсь: Чаму вы пагадзіліся на ролю ў стужцы «Жыве Беларусь»? Што стала вырашальным фактарам? Чым Вас зацікавіў фільм, чым зацікавіла Ваша роля?

Анатоль Кот: Адбылося так, што мне патэлефанаваў Валер Яўгенавіч Мазынскі (а, я лічу, гэта мой настаўнік) і сказаў, што здымаецца такі фільм ў Польшчы, што сцэнар зрабіў Франак Вячорка, распавёў пра тое, што адбываецца.

Я быў згодзен ужо толькі таму, што мне патэлефанаваў Валер Яўгенавіч, бо настаўнік, я лічу, да дрэннага ніяк не накіруе. Я быў згодны ўжо загадзя. Так і адбылося: я атрымаў ролю генэрал-лейтэнанта.

Ганна Соўсь: Вы шмат здымаецеся ў расейскіх сэрыялах, у расейскім кіно? Тут матывацыя зразумелая, іншы ўзровень і якасьці, і аплаты ў параўнаньні зь беларускім кінематографам. На вашую думку, што павінна зьмяніцца ў беларускім кінематографе, каб беларускім акторам ня трэба было езьдзіць у Расею на здымкі?

Анатоль Кот: Ведаеце, зараз шмат расейскіх актораў езьдзяць на працу ў Менск, бо шмат фільмаў і сэрыялаў здымаецца зараз у Менску. На жаль, у мяне такога шчасьця не адбылося, бо кожны раз, калі штосьці здымаецца ў Менску, мае калегі
я ўвогуле бываю цяпер на Беларусі, на жаль, як госьць

прыяжджаюць у Маскву і кажуць: «Вось, былі ў Менску, так добра». А ў мяне вось такая мара: каб нейкая расейская стужка, нейкі расейскі сэрыял здымаўся ў Менску, каб я мог часьцей бываць на радзіме, часьцей бачыць сваіх родных.
Ня ведаю, што мусіць адбыцца ў краіне, каб больш здымалася на Беларусі менавіта беларускага кіно. Трэба, як сказаў Лукашэнка, шукаць газ і нафту, бо яна «мусіць быць», як ён сказаў. Павінна. (Сьмяецца).

Ганна Соўсь: Пасьля сыходу Уладзімера Замяталіна (якога Андрэй Кудзіненка называў, дарэчы, прагрэсіўным кіраўніком) дырэктарам «Беларусьфільма» стаў Алег Сільвановіч, выпускнік ВГІК, кінакрытык, чалавек, які разьбіраецца ў кіно. Што зьмянілася на «Беларусьфільме» пад яго кіраўніцтвам і ўвогуле ці шмат залежыць ад асобы дырэктара?

калі я атрымаю запрашэньне здымацца ў стужцы паводле твораў Васіля Быкава, для мяне гэта будзе шчасьце
Анатоль Кот: Ведаеце, на самай справе мне цяжка размаўляць на гэтую тэму, бо я ўвогуле бываю цяпер на Беларусі, на жаль, як госьць. Што зьмянілася, што не зьмянілася, я ня ведаю. Тое, што адбылося, напрыклад, са мной (тое, што мне ўвогуле забаранілі здымацца на «Беларусьфільме»), — для мяне гэта сьмешна. Сапраўды сьмешна. Ну дык давайце тады забаронім усе стужкі, у якіх я здымаўся на «Беларусьфільме»: напрыклад, «Анастасію Слуцкую», «Я помню», шмат розных сэрыялаў. Забараняйце тады, калі быць ужо такімі «чэснымі», усе астатнія стужкі. Гэта сьмешна, гэта нейкі такі «перадсьмяротны ўздрыг».

Ганна Соўсь: Вось цяпер, калі на Канскім фэстывалі быў прадстаўлены фільм «Жыве Беларусь!», і ў гэтым жа фэстывалі ў праграме быў фільм Сяргея Лазьніцы «У тумане» паводле Васіля Быкава. Цяпер яшчэ адну аповесьць аповесьць Васіля Быкава («Аўганец») хоча экранізаваць расейскі рэжысэр Улад Фурман. У фільме паводле якога твора Васіля Быкава Вы б хацелі ўдзельнічаць і ў якой ролі?

Анатоль Кот: Так адбылося, што шмат здымаюся ў фільмах пра Другую сусьветную, Вялікую Айчынную вайну. Я бяру творы Васіля Быкава, каб адчуць атмасфэру таго часу: аб чым думалі людзі, як жылі — гэта мяне сапраўды нейкім чынам натхняе, бо я ня жыў у той час і толькі праз размовы са сваёй бабуляй, з маці ведаю, як усё адбывалася. Дзякуючы творам Васіля Быкава, і ўвогуле: калі я атрымаю запрашэньне здымацца ў стужцы паводле твораў Васіля Быкава, для мяне гэта будзе шчасьце.

Ганна Соўсь: У любой ролі?

Анатоль Кот: Сапраўды. Такі тварам выйшаў, што і немцаў давялося граць (усьміхаецца), фашыстаў. Ня ў тым справа. Справа ў тым, што я ўдзельнічаю ў гэтым, — а мы ўдзельнічаем дзеля добрага. Хтосьці ж павінен граць гэтых фашыстаў...

Ганна Соўсь: Які беларускі фільм Вы лічыце найлепшым ў гісторыі кіно незалежнай Беларусі?

Анатоль Кот: На маю думку... Я проста прымаў удзел у гэтым фільме... Гэта — "Акупацыя"(Містэрыі). Андрэй Кудзіненка зрабіў нешта такое, чаго яшчэ не было ў беларускім кінематографе. І зрабіў гэта добра. Было цікава. І не таму, што я там прымаў удзел (сьмяецца).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG