Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ромні і Абама не згадалі пра Беларусь?


Сьветавіт Сокалаў. Валер Кавалеўскі.
Сьветавіт Сокалаў. Валер Кавалеўскі.

Трэцяя сустрэча кандыдатаў была цалкам прысьвечана зьнешняй палітыцы. Дэбаты праводзіліся ў простым фармаце, але ня менш напружанай атмасфэры: кандыдаты сядзелі за адным сталом разам з дасьвечаным журналістам Бобам Шыфэрам, які задаваў пытаньні і мадэраваў дыскусію.

Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).
Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).
Сьветавіт Сокалаў

Абама выйграў трэція дэбаты, але Ромні не прайграў


Што такое выйграць дэбаты? Ці гэта перамагчы ў суме пытаньняў? Ці гэта выглядаць і паводзіць сябе больш як прэзыдэнт? Ці гэта нешта зусім іншае?

Я не сумняваюся, што ў сьвядомасьці людзей Абама выйграў апошнія дэбаты. Але, па вялікім рахунку, выйграць дэбаты пра міжнародныя адносіны, у той час як найважнейшая тэма — эканоміка, гэта не аргумэнт для выбаршчыкаў. Затое, паўтараючы словы Ромні, моцная эканоміка — аргумэнт у міжнароднай палітыцы.

Які ж уплыў гэтыя дэбаты маюць на Беларусь?

Ромні адкрыта й выразна нагадаў выбаршчыкам словы Абамы, сказаныя ім расейскаму прэм’еру Мядзьведзеву ў кантэксьце дыскусіі пра ядзерную зброю: «Гэта мае апошнія выбары. Пасьля выбараў я змагу быць больш гнуткім». Што азначае гэтае «больш гнуткім», Абама ніколі не растлумачыў, але мы ведаем, што ў выпадку з Расеяй быць больш гнуткім можна толькі тады калі ты прымаеш расейскія правілы гульні, палітыкі ці супрацоўніцтва.

Пакуль што ЗША — адзіная краіна ў сьвеце якая цьвёрда выступае супраць рэжыму ў Беларусі. Штаты не прызнаюць кампрамісаў з дыктатарамі. Гэтаксама як Расея цьвёрда падтрымлівае Лукашэнку ў любы, казаў той, спосаб і пры любой магчымасьці. Калі, крый Божа, абяцаньні Абамы быць больш гнуткім раптам згадаюцца расейцам у якім-небудзь беларускім пытаньні... Вось і атрымаецца як у Іране, дзе дэманстранты супраць тамтэйшага рэжыму трымалі плякат «Амэрыка, ты з намі?», а Абама «гнутка» маўчаў... Пра гэта ў часе дэбатаў нагадаў Ромні, але Абама і на гэты раз паказаў сваю «гнуткасьць».

Згадаў Ромні й той выпадак калі Абама, наведваючы краіны Блізкаўсходняга рэгіёну, сказаў што Злучаныя Штаты часам вядуць там палітыку дыктату. «Мы не дыктуем народам, — прадэманстраваў сваё бачаньне сытуацыі Ромні, — мы разьнявольваем іх ад дыктатуры».

Адміністрацыя Абамы, паводле Ромні, паслабіла пазыцыі ЗША ў сьвеце. Яна перастала абапірацца на сваіх традыцыйных саюзьнікаў і таму, наведваючы згаданыя ўжо краіны Блізкага Ўсходу, Абама абмінуў Ізраіль...

Да выбараў застаецца блізу двух тыдняў. Гэта той час, калі кандыдаты ў прэзыдэнты яшчэ могуць намовіць выбаршчыкаў аддаць ім свае галасы. Найперш гэта тычыцца штатаў Агаё й Каларада дзе вынікі выбараў прадказаць цяжка, паколькі перавага таго ці іншага кандыдата, паводле апытаньняў, вагаецца ў межах статыстычнай памылкі. Асноўную ўвагу кандыдаты скіравалі на Агаё. Гэты штат мае найбольш галасоў ад усіх іншых гістарычна непрадказальных. Выйгрыш Ромні ў Агаё і Каларада + выйгрыш у тых штатах, якія ўжо лічацца рэспубліканскімі, гарантуюць яму прэзыдэнцтва. Вядома, можна выйграць і без Агаё, але тады трэба перамагчы ў іншых няпэўных штатах, сярод якіх Вісконсін — штат Пола Раяна — рэспубліканскага кандыдата на віцэ-прэзыдэнта. Інтрыга застаецца, інтрыга разьвіваецца...

І апошняе.

Я ўжо сказаў, што трэція дэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта выйграў Абама, але для мяне, як для беларуса, Ромні іх не прайграў. Вось такі парадокс...

Валер Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Берасьцейскай вобласьці. У 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Працаваў у міністэрстве замежных спраў, у тым ліку, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года сышоў з дыпляматычнай службы. Зараз атрымлівае ступень магістра міжнародных адносінаў у Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.
Валер Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Берасьцейскай вобласьці. У 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Працаваў у міністэрстве замежных спраў, у тым ліку, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года сышоў з дыпляматычнай службы. Зараз атрымлівае ступень магістра міжнародных адносінаў у Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.
Валер Кавалеўскі

Ромні не ставала якаснай аргумэнтацыі

Напярэдадні трэцяга заключнага раўнду апытаньні сьведчылі пра тое, што кандыдаты маюць практычна роўныя шанцы на перамогу на выбарах. Адметна тое, што менавіта невыразнасьць Абамы падчас першага раўнду дэбатаў сапсавала яго дагэтуль упэўненую перавагу. Нават сам прэзыдэнт ЗША не ўхіляецца ад прызнаньня відавочнай правальнасьці свайго выступу.

Звычайна зьнешнепалітычная праблематыка не прыцягвае значнай увагі амэрыканскіх выбарцаў параўнальна з пытаньнямі ўнутранага парадку дня. Аднак дэбаты сталі апошняй магчымасьцю для кандыдатаў наўпрост распавесьці шырокай аўдыторыі пра сваю праграму і пераканаўча заклікаць галасаваць за сябе. Роўныя шанцы перамагчы вызначылі высокую важнасьць дэбатаў і, адпаведна, адказнасьць кандыдатаў за якасьць выступаў.

Па тым, як трымаліся кандыдаты, трэці тур нагадваў папярэдні. Абама быў сабраны, спакойны і ўпэўнены ў сабе. За ўвесь раўнд прэзыдэнт ЗША ніводнага разу не згубіў канцэнтрацыі, аргумэнтавана выказваўся і ўдала атакаваў. Сапраўды, поле зьнешняй палітыкі належыць выключна яму, тым часам як як Міт Ромні ня мае адметнага досьведу ў гэтай галіне.

Гэтым разам я назіраў за дэбатамі ў амэрыканскім акадэмічным асяродзьдзі. Перад пачаткам кіраўнік адной з найбольш аўтарытэтных школ у галіне міжнародных адносінаў у ЗША асьвятляў тэмы, якія, як меркавалася, могуць быць закранутыя падчас дэбатаў. У выніку замест чаканых прыкладна трыццаці пытаньняў зьнешняй палітыкі, якія маюць падвышанае значэньне для Злучаных Штатаў, кандыдаты падрабязна закранулі толькі прыкладна дзесяць. Сярод іх Блізкі Ўсход, Іран, Ірак, Афганістан, Сырыя, Кітай, ваенны бюджэт. Дарэчы, такі насычаны парадак дня адлюстроўвае сапраўды шматвэктарны характар зьнешняй палітыкі ЗША.

Цікава, што пры кожнай зручнай нагодзе Абама і Ромні пераводзілі свае разважаньні з пытаньняў зьнешняй палітыкі на праблемы ўнутранага парадку дня: беспрацоўя, адукацыі, становішча эканомікі, аховы здароўя. Фактычна абодва кандыдаты не хацелі адмаўляцца ад дадатковай магчымасьці выказацца па пытаньнях, якія больш за ўсё хвалююць насельніцтва і вызначаюць стаўленьне да кандыдата.

Адметным правілам падчас прэзыдэнцкай кампаніі ЗША зьяўляецца тое, што абодва кандыдаты атрымліваюць штодзённы брыфінг выведкі па пытаньнях, якія тычацца нацыянальнай бясьпекі краіны. Фактычна гэта дазваляе наблізіць інфармаванасьць Ромні як прэтэндэнта да ўзроўню прэзыдэнта Абамы, стварае ўмовы для выпрацоўкі адпаведнай рэаліям зьнешнепалітычнай праграмы.

Тут варта заўважыць, што, нягледзячы на сваю добрую інфармаванасьць, Ромні не ўдалося прадставіць адрозныя прапановы па зьнешняй палітыцы. Збольшага кандыдат ад рэспубліканцаў прагаворваў уголас тыя падыходы, якія адміністрацыя Абамы ўжо рэалізуе. Прэзыдэнт ЗША нават сказаў Міту Ромні, што той спрабуе сказаць пра некаторыя ўжо існыя рэчы як мага гучней, верагодна думаючы, што гэта будзе неяк вылучаць яго меркаваньне як адрознае.

Ромні часам не ставала якаснай аргумэнтацыі. Адказваючы на пытаньне, дзе ён зьбіраецца браць дадатковыя грошы на фінансаваньне вайскоўцаў, ён прапанаваў зьвярнуцца на вэбсайт ягонай кампаніі, што нават у звычайных умовах можа выглядаць як павярхоўнае валоданьне прадметам і непавага да суразмоўцы.

Набольш займальным момантам стала недарэчная заўвага Ромні пра тое, што сучасны вайскова-марскі флёт ЗША саступае па колькасьці флёту ў 1917 годзе. На гэта Абама яму адказаў, што параўнальна з тым пэрыядам у ЗША цяпер таксама меней коней і штыкоў. Жарт быў вельмі добра ўспрыняты аўдыторыяй.

Як і раней, Беларусь падчас прэзыдэнцкіх дэбатаў ня згадвалася. Цікава, што кандыдаты вельмі ўскосна, у больш шырокім кантэксьце, зьвярталіся да праблематыкі Эўрапейскага Зьвязу і Расеі.

Дэбаты выразна прадэманстравалі, што Абама значна лепш валодае зьнешнепалітычнай тэматыкай. Ромні ж фактычна ня змог прадставіць выразных альтэрнатыўных падыходаў у зьнешняй палітыцы, якую адміністрацыя Абамы праводзіць досыць разумна і збалянсавана.

Што тычыцца магчымых карэктываў у зьнешняй палітыцы ЗША пасьля выбараў, то можна чакаць, што незалежна ад таго, хто будзе абраны, Злучаныя Штаты перанясуць сваю ўвагу на Паўднёва-ўсходнюю Азію, з тым, каб збалянсаваць імклівы рост Кітаю. Стаўленьне да выкарыстаньня ўзброеных сілаў будзе больш асьцярожным, ЗША будуць імкнуцца заставацца сусьветным лідэрам, аднак пры гэтым падзяляць адказнасьць за ўрэгуляваньне канфліктаў зь іншымі зацікаўленымі бакамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG