Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі выбар: за Абаму ці за Ромні?


Сьветавіт Сокалаў і Мікалай Салавей
Сьветавіт Сокалаў і Мікалай Салавей

Абама ці Ромні – пытаньне, якое вырашыць 6 лістапада амэрыканскі народ. Гэтае пытаньне задаюць сабе і беларусы, якія жывуць у ЗША. Яны – частка двух народаў, на выбары ў Амэрыцы глядзяць амэрыканскімі, але і беларускімі вачыма. Як працуе амэрыканская дэмакратыя, якія тэмы ў цэнтры ўвагі выбарчай баталіі, што падзяляе і што аб'ядноўвае дэмакратаў і рэспубліканцаў, якія ўрокі варта засвоіць Беларусі з досьведу сёлетніх амэрыканскіх выбараў – пра гэта разважаюць прыхільнік рэспубліканцаў Сьветавіт Сокалаў і сымпатызант дэмакратаў Мікалай Салавей.

Джэнэрал Мотарс — жывы, а Усама Бін Лядэн — не


Мікалай Салавей

Чаму я за Абаму?

Ня так даўно адзін з маіх знаёмых запытаўся: «А чаму ты за Абаму?»

Чаму? — падумаў я і адказаў: бо мне падабаецца дэмакратыя, калі краіна кіруецца воляй ейных грамадзянаў, калі ў краіне кожны роўны перад законам. Мне падабаецца справядлівы рынак, калі кожны мае магчымасьць прабіцца ў іншую сацыяльную групу дзякуючы сваім талентам і здольнасьцям, не зважаючы на тое, у якім атачэньні нарадзіўся. Мне падабаецца, калі кожны роўны перад дзяржавай і калі грамадзтва дапамагае слабым, будзь то галоднае дзіцё, інвалід ці бедны студэнт. Мне падабаецца капіталізм.

Яшчэ да пераезду ў Злучаныя Штаты, у сярэдзіне 2000 гадоў, я пачаў заўважаць, што нешта не зусім правільнае робіцца ў Амэрыцы. Працуючы ў Эўропе з турыстамі, я назіраў рэзкае зьбядненьне амэрыканцаў. А пасьля, пераехаўшы ў ЗША, калі я пачаў цікавіцца літаратурай на гэты конт, то зразумеў, што зьбядненьне пачалося не ў 2000 гадах, а значна раней. Недзе паміж 1971–1973.

Адной з найвелізарнейшых праблемаў сучаснае Амэрыкі ёсьць жахлівае расслаеньне паміж багатымі і беднымі. Яшчэ ў гады каля 80% амэрыканцаў належалі да сярэдняе клясы. Былі вельмі багатыя і экстрэмальна бедныя, але іхны адрыў ад сярэдняе клясы ня быў такім брутальным. А вось сучасная статыстыка. У 2010 годзе 10% найбагацейшых амэрыканцаў зарабілі 80 адсоткаў усіх грошай у краіне. Тыя самыя 10% найбагацейшых валодалі 90 адсоткамі ўсёй маёмасьці ў ЗША: нерухомасьць, акцыі, вытворчасьць і г. д. Дзякуючы законам, прынятым з падачы Джорджа Буша малодшага, стаўка падатку для амэрыканскіх алігархаў цяпер ніжэйшая, чым для сярэдняе клясы ці ўсіх астатніх. Прыкладна як у Эўропе XVIII стагодзьдзя. Ці гэта справядліва? Думайце. Гэта — адна з тых праблемаў, якую спрабуюць вырашаць дэмакраты і прычынай якое былі рэспубліканцы. Вось чаму я — за Абаму.

Я цудоўна ведаю, як працуе амэрыканская сыстэма аховы здароўя. Як пацыент, як знаёмы зь дзясяткам розных дактароў, як чалавек, які 2 гады працаваў у страхавой кампаніі. Сыстэма аховы здароўя ў ЗША — абсалютна крымінальная мафіёзная схема, ад якой у нявыгадзе застаюцца ўсе: дактары, шпіталі, пацыенты, студэнты мэдыцыны, маленькія дзеці, і я ўжо не кажу пра тых 50 мільёнаў людзей, якія проста ня маюць доступу да мэдыцыны. Прычынай 70 адсоткаў амэрыканскіх прыватных банкруцтваў сталіся рахункі за мэдычную абслугу. І гэта ня тыя небаракі, якія страхоўку ня маюць. Гэта ў бальшыні сваёй людзі, якім страхавыя кампаніі вырашылі не аплачваць, скажам, лячэньне ад раку, каб зэканоміць ці зарабіць. У выніку выгаду з гэтага маюць толькі буйныя міжнародныя карпарацыі, якія кантралююць страхавыя кампаніі і валодаюць буйнымі вытворцамі лекаў. Па вялікім рахунку ім абсалютна бяз розьніцы, што ў Злучаных Штатах дактары часта замест таго, каб лячыць людзей, вымушаныя гадзінамі маліць па тэлефоне страхавыя кампаніі, каб тыя праплацілі лячэньне хворым людзям^; што недзе ў Алабаме старэйшыя людзі ходзяць без зубоў, бо ня маюць на тое грошай^; што дзіцячая сьмяротнасьць сярод нованароджаных вышэйшая, чым у некаторых краінах Лацінскай Амэрыкі. Для карпарацыяў — ніякіх эмоцыяў, чыста бізнэс.

Рэформа сыстэмы аховы здароўя — адзін з прыярытэтаў Дэмакратычнай партыі. З другога боку, рэспубліканцы зацікаўленыя ў захаваньні сучаснай крызіснай сытуацыі, бо наўпрост спансаруюцца страхавымі карпарацыямі і вытворцамі лекаў. Вось чаму я за зьмену, вось чаму я за Абаму.

Калі ўзгадаць апошніх амэрыканскіх прэзыдэнтаў і кандыдатаў у прэзыдэнты, то няма ніякага дзіва, што Рэспубліканская партыя мае ўсё менш і менш прыхільнікаў. Узгадайце, напрыклад, каханка публікі, шляхетнага Біла Клінтана, пры якім эканамічныя паказьнікі былі на такім узроўні, што дэфіцыт бюджэту ўпершыню пераўтварыўся ў прафіцыт. Узгадайце ягоную жонку, сучасную міністарку замежных справаў Гілары, разам зь якой яны аднойчы нанесьлі афіцыйны візыт у Менск, дзе Клінтан усклаў кветкі ў Курапатах. А зараз узгадайце Джорджа Буша-малодшага, якога ненавідзеў і зь якога сьмяяўся цэлы сьвет. Які зруйнаваў найбуйнейшую эканоміку сьвету і прывёў Амэрыку да Вялікае рэцэсіі. Амэрыканскія аналітыкі вельмі сур’ёзна непакояцца, што пасьля Буша ЗША ўжо ніколі зноў ня будуць супэрдзяржавай. Узгадайце партнэра мінулага рэспубліканскага кандыдата — Сару Пэйлін. Кабету з інтэлектам васямнаццацігадовай пастушкі і пасьмешышчам для любога чалавека, які ўмее пісаць і чытаць. Паглядзіце на сучаснага кандыдата-рэспубліканца Міта Ромні. Кандыдат, у якога апрача крытыкі сучаснага ўраду нават ніякай праграмы няма (тое, што там ёсьць — набор лухты і эканамічна неабгрунтаваных ідэяў). У час, калі ў краіне страшэнны дэфіцыт бюджэту, ён раіць зьніжаць падаткі. Ці галасавалі б вы за кандыдата без праграмы?

Возьмем цяперашняга прэзыдэнта. Прафэсар права, бліскучы аратар, харызматычны прэзыдэнт. Я памятаю, калі падчас мінулых выбараў, калі каля дзясятай гадзіны абвясьцілі аб перамозе новага прэзыдэнта, людзі ў Нью-Ёрку павыходзілі на вуліцы і пачалі пускаць фаервэркі...

Ня ўсё было ідэальна за чатыры гады ягонага прэзыдэнцтва. Дагэтуль не зачынены ганебны канцэнтрацыйны лягер у Гуантанама. Занадта ўжо Абама (але як і трэба сапраўднаму палітыку) спрабаваў ісьці на кампраміс з рэспубліканскімі сэнатарамі, якія, відавочна, сабатавалі любую ініцыятыву адміністрацыі падчас абмеркаваньня сыстэмы аховы здароўя. Дагэтуль амэрыканцы вядуць дзіўную і нікому не патрэбную вайну ў Афганістане.

Але збольшага, на мой погляд, прэзыдэнт зарабіў высокую адзнаку за кіраваньне краінай. Яму і ягонай камандзе атрымалася ўзнавіць эканоміку, дзякуючы велізарнаму фінансаваму стымулу і не дапусьціць, каб бушаўская Вялікая рэцэсія ператварылася ў Вялікую Дэпрэсію № 2. Яму ўдалося ўратаваць амэрыканскіх аўтавытворцаў і банкаўскі сэктар. Прайшла, хоць і не ідэальная, рэформа аховы здароўя, у выніку якой нашмат больш людзей атрымала доступ да мэдыцыны. Амэрыканскія хлопцы і дзяўчаты больш ня гінуць у Іраку. Працягваць можна шмат. Калі парай словаў падсумаваць вынікі апошніх чатырох гадоў прэзыдэнцтва, я б сказаў так: Джэнэрал Мотарс — жывы, а Усама Бін Лядэн — не.

Вось чаму я — за Абаму.



Ромні блізкі беларусам

Сьвятавіт Сокалаў

Чаму я за Ромні?

Ад пачатку пару адказаў на камэнтары чытачоў «Свабоды».

Падмурак, на якім стаяць погляды рэспубліканцаў, вельмі падобны на жыцьцёвыя прынцыпы многіх беларусаў. Вось некалькі прыкладаў:

Чым больш працуеш — тым больш маеш, і наадварот.

Усё, што ты зарабіў — гэта тваё.

— Не, — кажуць дэмакраты. — Чым больш ты зарабіў, тым больш мусіш аддаць, каб той, хто не зарабіў шмат, не адчуваўся пакрыўджаным.

Калі хочаш валяць дурня й нічога не рабіць — гэта нармалёва, але не чакай што нехта будзе аплачваць тваё гультайства ці вырашаць твае праблемы.

Кожны выбірае сваю дарогу сам.

— Няпраўда, — кажуць дэмакраты. — Ты ахвяра сыстэмы. Сыстэмы няроўнасьці. Значыць, багаты павінен вырашаць праблемы бедных, улучна з гультаямі.

Максымальная свабода разьвіцьця бізнэсу. Дай яму разьвівацца, як яму выгадна, але ў межах закону.

— Не зусім, — пярэчаць дэмакраты. — Над усім павінен быць максымальны кантроль.

Як бачым, беларускаму нацыянальнаму характару вельмі блізкія рэспубліканскія прынцыпы арганізацыі грамадзтва.

Вы, напэўна, ужо задавалі сабе пытаньне пра тое, як Міт Ромні можа дапамагчы Беларусі.

Паводле рэспубліканскай традыцыі, ужо сам факт абраньня прэзыдэнтам рэспубліканца сьведчыць пра тое, што наступныя чатыры гады ўлада ЗША будзе больш актыўна займацца пытаньнямі дыктатарскіх рэжымаў. Калі Абама цягам чатырох гадоў не прачнуўся ад летаргіі ў беларускім пытаньні — цяжка спадзявацца, што ў наступныя чатыры гады ягоная летаргія пройдзе.

Дык вось вам адказ, чаму Ромні найлепшы кандыдат на прэзыдэнта ЗША:

1. Ён бізнэсмэн, які сам стварыў свой бізнэс, а значыць ён добра разумее эканоміку.

2. Ён кіраўнік, які, знаходзячыся на пасадзе губэрнатара штату Масачусэтс, пераўтварыў бюджэтны дэфіцыт у прафіцыт.

3. Ён палітык, які добра валодае майстэрствам кампрамісу. У кіраўніцтве штату Масачусэтс 85 % складалі дэмакраты. Ромні дамаўляўся зь імі адносна многіх пытаньняў і, у той самы час, казаў «Не!» там, дзе лічыў гэта адзіна слушным.

Гэта некаторыя з тых якасьцяў, якіх, відавочна, бракуе Бараку Абаму.

Дзякуй Богу, што ў ЗША звычайна не прыходзяць на выбары 40-45% выбарнікаў. Страшна падумаць, што робіцца ў іхных галовах, калі пачынаеш гаварыць зь некаторымі, хто на выбары пойдзе.

-За каго будзеш галасаваць? — пытаюся ў дзяўчыны, зь якой мы разам працуем у краме.
— За Абаму.
— А чаму не за Ромні?
— А хто такі Ромні?.
— Ну, тады, чаму за Абаму?
— Ён, малады, круты, добра працуе.
— А 17% беспрацоўных? — пытаюся я, — а ўдвая падаражэлы бэнзін?
— А я ня ведаю, колькі ён каштаваў раней. Я нядаўна набыла сваю першую машыну... А 17% што... гэта хіба не нармальна?

Пасьля гэтага адказу я мусіў глянуць у люстэрка, ці не зьявіліся ў мяне сівыя валасы, і зразумеў, адкуль яны ў маіх бацькоў.

Я вельмі занепакоены тым, што многія людзі галасуюць на падставе пачутага краем вуха і не спрабуюць атрымаць аб’ектыўны партрэт кандыдата. Выгодна парэзаныя кліпы, выкінутыя або зыгнараваныя фразы могуць конча зьбіць з панталыку неабазнанага выбарніка... Але вернемся ў краму...

Пару дзён таму да нас зайшоў чалавек, які хацеў купіць крэсла. Закон бізнэсу: з наведнікам трэба размаўляць, падтрымліваць закранутыя ім тэмы і, вядома, не забыцца пра мэту ягонага візыту. Пакуль ішлі да крэслаў, слова за слова — дайшлі да палітыкі. Пачуўшы, што я вывучаю ва ўнівэрсытэце палітычныя навукі, наведнік ажывіўся: «А хто ты думаеш выйграе выбары ў лістападзе?»

— Спадзяюся, што Ромні.
— Дай Бог, каб Ромні...

І паехалі... Наведнік мне распавёў што пры сваіх заробках, 120 тысячаў на год, ён трапляе ў катэгорыю багатых. Праз гэта двое ягоных дзяцей сядзяць у пазыках за ўнівэрсытэт вышэй галавы.

«Дзеці яшчэ будуць мець час разабрацца ў сваіх праблемах, а мой час канчаецца. Я аддаў свайму бізнэсу ўсе свае сілы. На нейкі час я стаў ягоным рабом. Я выцягнуў яго на прыстойны ўзровень і што цяпер? А цяпер вось што: яго пачынаюць пакрыху адбіраць, бо падаткі складаюць 40 тысячаў + 16 тысячаў падаткаў за хату + каля 30 тысячаў пазыка на хату. Як рэальна я магу заплаціць за навучаньне дзяцей?

А самае лепшае, — саркастычна ўсьміхаецца ён, — што я два разы на год атрымліваю ад унівэрсытэту паперу, у якой паказаны мой заробак і напісана, што я ў стане заплаціць за навучаньне дзяцей. Можа быць, яны думаюць, што ў мяне ў гародзе плянтацыя баксаў».

Зразумела, што апісаная сытуацыя гэта вынік падатковай палітыкі дэмакратаў, якая можа й мусіць зьмяніцца пры рэспубліканцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG