Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Катынь вядома ўсё, акрамя «беларускага сьпісу»


У Менску прайшла беларуска-польская навуковая канфэрэнцыя «Гістарычная палітыка як кампанэнт польска-беларускіх адносін ў ХХ стагодзьдзі».

Арганізатарам канфэрэнцыі выступіла амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Торуньскі ўнівэрсытэт пры ўдзеле навукоўцаў Польшчы, Беларусі і Расеі. Адной з галоўных тэмаў абмеркаваньня была тэма вынікаў дасьледаваньня гісторыі Катыні.

«Расстрэльная апэрацыя ахвяраў турмаў заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх абласьцей 1940 году», «Польская апэрацыя НКУС 1940 году» — назвы толькі некаторых дакладаў навукоўцаў, якія прагучалі на канфэрэнцыі і былі ськірваныя на ліквідацыю «белых плямаў» беларуска-польскай гісторыі 20-40-гадоў мінулага стагодзьдзя. Адной з самых закрытых і дыскусійных і тэм сталася трагедыя Катыні. Прафэсар Польскай акадэміі навук Войтэк Матэрскі ў сваім выступе, у прыватнасьці, адзначыў:

«Мы прыкладваем шматлікія намаганьні, каб знайсьці беларускі Катыньскі сьпіс. Па нашаму меркаваньню, ён мае ўтрымліваць 2 870 прозьвішчаў. Але ўсе гэтыя спробы заканчваюцца няўдачай».

Паводле спадара Матэрскага, навукоўцам трох краін дало спадзяваньне леташняе абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі адшукаць беларускі катыньскі сьпіс у архівах Беларусі. Аднак гэтыя спадзяваньні неўзабаве былі разьвеяныя ягонай жа заяваю, што такога сьпісу ня знойдзена. Беларуская частка — адзіная «белая пляма» гісторыі Катыні, кажа прафэсар Расейскай акадэміі навук Натальля Лебедзева:
«На сёньня мы ведаем практычна ўсё, акрамя беларускага сьпісу. Мы ведаем як рыхтавалася, як ажыцьцяўлялася карная апэрацыя, дзе знаходзяцца пахаваньні. Я ня ведаю, каб мы штосьці дасьледавалі больш падрабязна і ўвогуле гэтулькі ведалі».



Падчас навуковай канфэрэнцыі гучалі меркаваньні і пра тое, што беларускі катыньскі сьпіс не існуе, як адзіны дакумэнт, і часткова можа быць складзены з паасобных фрагмэнтах архіўных дакумэнтаў, якія тычацца апэрацыі ў Катыні. Гаворыць дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, кандыдат навук Ігар Кузьняцоў:

«Як такі, клясычны сьпіс, дзе будуць пазначаныя тры ці восем тысяч чалавек — ня будзе такога сьпісу. Ён будзе па частках: фрагмэнт на 1500 ці 1700 прозьвішчаў беларускага сьпісу. Зьвесткі па брыгадах, якія этапавалі палітзьняволеных. А былі этапы, якія ўвогуле не дакумэнтаваліся: я заўсёды прыводжу прыклад — парэшткі людзей знойдзеныя, прозьвішчы вядомыя, а крымінальных спраў на іх няма. Гэта значыць, што нават тое карнае заканадаўства ігнаравалася ў патрэбны момант».


Удзел у беларуска-польскай гістарычнай канфэрэнцыі прыняў таксама амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка, які гэтак пракамэнтаваў вынікі навуковай працы:

«Катыньская справа — адна з найвялікшых у гістарычных дасьледаваньнях. Мы патрацілі вялікія сродкі, каб ушанаваць памяць гэтых людзей, пабудавалі могілкі. І мы таксама зацікаўленыя, каб да канца высьветліць лёс палякаў, якія загінулі падчас вайны на тэрыторыі Беларусі, як ваеннапалонныя. У нас няма праблем, каб усе дакумэнты, якія тычацца савецкага часу, можна было паглядзець і прачытаць. Тут — я не разумею чаму — вельмі беражлівае стаўленьне да архіваў краіны, якой не існуе, за палітыку якой Беларусь не трымае ніякай адказнасьці. Таму мне гэта не зразумела і мы бы хацелі, каб беларускі бок прыслухаўся таксама да сваіх гісторыкаў, якія таксама хацелі бы пазнаёміцца з усімі дакумэнтамі, што тычацца гэтага пэрыяду гісторыі беларускага народу. Я спадзяюся, што гэта ў рэшце дойдзе да ўраду Беларусі і мы будзем мець магчымасьць даведацца што і як адбывалася насамрэч і ўшанаваць памяць людзей, якія загінулі».


Лешак Шарэпка
Лешак Шарэпка


Як паведамляюць арганізатары, тэма беларуска-польскай гістарычнай палітыкі і гісторыя Катані будзе мець працяг у дасьледаваньнях, створанай Грамадзкай групы беларуска-польскіх гісторыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG