Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белнафтахім: «Тэму паставак бэнзіну ў Расею не камэнтуем»


Ці праўда, што Беларусь адмаўляецца пастаўляць у Расею бэнзін, які выраблены з расейскай нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах?

Пра гэта напісала расейскае выданьне «Известия» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі.

«Па выніках 9 месяцаў Расеяй цалкам выкананыя абавязаньні па пастаўках нафты і шмат разоў перавыкананыя абавязаньні па пастаўках асноўных відаў нафтапрадуктаў. У сваю чаргу, выкананьне абавязаньняў беларускага боку не перавышае 2% ад заплянаванага, што ў прынцыпе не задавальняе расейскі бок», — заявілі «Известиям» у Мінэнэрга.

«Свабода» папрасіла прэсавага сакратара дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» Марыну Касцючэнку пракамэнтаваць сытуацыю.

Касьцючэнка: «Зараз нафтавая тэма вельмі папулярная, і пішуць пра гэта самыя розныя сродкі масавай інфармацыі. Часам зьвесткі недакладныя, часам проста прыдуманыя. Я такую інфармацыю ня буду камэнтаваць. І, акрамя таго, канцэрн „Белнафтахім“ — гэта ня ўся Рэспубліка Беларусь».

Карэспандэнт: «Але пастаўкі бэнзіну ў Расею адбываюцца ці спыненыя?»

Касьцючэнка: «Зноў кажу, што гэта я камэнтаваць ня буду. Кожны матэрыял, які выходзіць у мэдыях, не пракамэнтуеш. У пятніцу будзе пасяджэньне Эўразійскай эканамічнай камісіі. Мяркую, там усе пытаньні будуць вырашаныя».

Незалежны аглядальнік у нафтавых пытаньнях Тацяна Манёнак нагадала пра падпісаньне на пачатку году балянсу, згодна зь якім Беларусь бралася паставіць у Расею 5,8 мільёна тон якаснага бэнзіну, якога на расейскім рынку нестае. Тацяна Манёнак нязгодная з высновамі, якія зрабіла газэта «Известия», патлумачыўшы іх «ціскам» на пазыцыю Беларусі ў перамовах пра складанае пытаньне «растваральнікаў-разбаўляльнікаў».
Ніхто нейкіх пакараньняў за невыкананьне балянсу не прадугледжвае

«Што значыць „яны не выконваюць“? Гэта вельмі складана. Сёньня кожны лічыць свае выгады. Заўсёды экспартэры пастаўляюць туды, дзе больш выгадна. Вось беларускія экспартэры і пастаўлялі больш у Эўропу. Летась сытуацыя зьмянілася, стала больш выгадна працаваць і на расейскі рынак, і яны пачалі гэта рабіць. Але пакуль, вядома, яны не выконваюць гэты балянс у 5,8 мільёна тон, бо трэба было асвойваць гэты рынак, пакрысе заходзіць на яго. Там свае правілы, і не зусім проста на яго зайсьці. Становіцца больш выгадна, і яны пачынаюць пастаўкі. Але, падкрэсьліваю, балянс — гэта ня ёсьць абавязковая неабходнасьць. Гэта пэўная магчымасьць. Ніхто нейкіх пакараньняў за невыкананьне балянсу не прадугледжвае. Справа ў тым, што 12 кастрычніка будзе разглядацца пытаньне аб беларускіх растваральніках-разбаўляльніках. Беларускі бок пакуль што мае свае падыходы да гэтага пытаньня, і ня так проста вырашыць яго хутка, трэба знаходзіць даволі складаныя кампрамісы. І, як я разумею, крышачку беларускі бок ціснуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG