Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Нажывацца на біядызэлі яшчэ прасьцей, чым на растваральніках


У разгорнутым інтэрвію міждзяржаўнай телерадыёкампаніі «Мір» Аляксандар Лукашэнка фактычна прызнаў наяўнасьць кантрабанды расейскіх нафтапрадуктаў на Захад пад выглядам прадукцыі нафтахіміі — растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Між тым сам Лукашэнка ня бачыць у падобных схемах нічога супрацьзаконнага.

Лукашэнка ўпершыню публічна адрэагаваў на абвінавачаньні з боку Расеі, якая падазрае саюзьніка ў экспарце нафтапрадуктаў бяз сплаты мыта ў расейскі бюджэт. Паводле яго, шум, які вакол гэтага ўзьняўся, нічога ня варты, бо Беларусь калі нешта і зарабіла, то хіба сотую долю працэнта ад прыбыткаў Расеі. Да таго ж Лукашэнка лічыць, што Менск не парушаў заканадаўства ні Расеі, ні Адзінай эканамічнай прасторы, бо гаворка не пра растваральнікі, а пра біядызэль. Маўляў, у Расеі цяжка атрымаць чыстае дызэльнае паліва з прычыны адсутнасьці патрэбнай глыбіні перапрацоўкі, і бізнэсоўцы пайшлі празь Беларусь. «Але і так дрэнна», — зьдзівіўся прэзыдэнт:

«Вы, напэўна, чулі шмат пра гэтыя растваральнікі, разбаўляльнікі? Нам кажуць: так нельга, так можа толькі Расея працаваць. Дапусьцім, мы экспартавалі біядызэль. Мы атрымлівалі ў вас высокасярністую салярку, плацілі, як цяпер разабраліся расейскія і нашы кампаніі, якія выраблялі біядызэль, вышэй за рынак на 15–20%. Чаму і было выгадна вам прадаваць тую салярку. Везьлі на нашы заводы, прыбіралі адтуль лішнюю серу, рабілі біядызэль і яго прадавалі. І прадавалі нямала, як выявілася. І нас пачалі дзяўбці. За што? За тое, што мы ўзялі тавар, як гэта робяць усе, купілі ў вас, вырабілі яго і прадалі яго камусьці, заплаціўшы ўсе падаткі, зборы і г.д.».

На думку экспэртаў, спроба перавесьці ўвагу з растваральнікаў на біядызэль невыпадковая — пры ўсё той жа схеме экспарту з ігнараваньнем пералічэньня мыта ў расейскі бюджэт западозрыць беларусаў у махлярстве тут больш складана. Гаворыць эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

Алесь Герасіменка
Алесь Герасіменка
«Нароўні з растваральнікамі гэта была клясная і, па сутнасьці, легальная лазейка для бязмытнага экспарту нафтапрадуктаў. Мяркуйце самі: дадаць 3–5% біяпаліва ў звычайны нафтавы дызэль, атрымаць „біядызэль“, і ўжо пад гэтай маркай мець магчымасьць экспартаваць фактычна неабмежаваныя аб’ёмы і не выплочваць мыта Расеі — гэта проста ідэальная канструкцыя. Таму што растваральнікі, што біядызэль — усё гэта ў схеме атрыманьня прыбыткаў адно і тое ж, бо біядызэль гэтаксама не падпадае пад мыта, якое мы павінны вяртаць Расеі. Больш за тое, біядызэль — гэта нават яшчэ прасьцейшая і больш легальная схема. Калі, напрыклад, з растваральнікамі могуць быць нейкія спрэчкі — можа, пад маркай растваральнікаў экспартуецца самы звычайны бэнзін — то зь біядызэлем усё надзвычай проста: бяры, дабаўляй мэтылэфіравыя кіслоты з рапсавага алею, што вырабляюцца на „Гродна Азоце“, і калі ласка, экспартуй бязмытна. І значна менш рызыкі, што цябе абвінавацяць у нейкім махлярстве».

Расея яшчэ ўвесну западозрыла беларускі бок у кантрабандзе нафтапрадуктаў пад выглядам бязмытнай прадукцыі нафтахіміі. Паводле афіцыйных дадзеных, Беларусь цягам студзеня-траўня экспартавала складанаарганічных растваральнікаў і разбаўляльнікаў у аб’ёме амаль 2,5 мільёна тон на суму 2 мільярды 180 мільёнаў даляраў — пры тым, што патрэбы ўсясьветнага рынку не перавышаюць 1,5 мільёна тон. Біядызэль у гэтай статыстыцы, як зазначае загадчык сэктару эканамічнага дэпартамэнту расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў, не фігураваў, што не выключае шэрых схемаў. Калі Беларусь, экспартуючы біядызэль, сапраўды нічога не парушала, як сьцьвярджае Аляксандар Лукашэнка, то чаму ён прадаваўся пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў?

«Гэта па-ранейшаму складанае пытаньне, бо насамрэч важна, якімі далейшымі дзеяньнямі беларускі бок будзе паказваць, што нічым падобным ужо не займаецца. Так што пытаньне збольшага застаецца адкрытым. Мяркую, Расея чакала нейкіх іншых крокаў, а ня толькі спробаў апраўдацца. Скажам так, чаканьні Масквы былі вышэйшыя за тыя захады, якія мы бачым з боку Беларусі. У любым выпадку — гэта дзеяньні некалькіх фактараў. Гэта і аб’ектыўныя прычыны, у выглядзе зьніжэньня патрэбаў у сырой нафце з-за рамонту на Мазырскім НПЗ, але ёсьць і іншая частка. Таму пакуль рана прагназаваць, што будзе далей, бо цікава паслухаць афіцыйныя камэнтары пасьля заяваў Лукашэнкі. Бо адсутнасьць камэнтароў, натуральна, нараджае глебу для спэкуляцыяў, у адсутнасьць дадатковай інфармацыі розныя думкі ўзьнікаюць у назіральнікаў гэтай сытуацыі».

Аналітыкі адзначаюць, што Расея, якая страчвае ад сумнеўных гандлёвых схемаў саюзьніка мільярды даляраў, ня хоча моцна пэдаляваць тэму беларускай кантрабанды. У такім выпадку давядзецца прызнаць, што інтэграцыйныя структуры кшталту Мытнага зьвязу, Адзінай эканамічнай прасторы ці Эўразійскай эканамічнай прасторы выкарыстоўваюцца дзеля несумленнай гульні. А з такім рэнамэ спробы завабіць у наддзяржаўныя канструкцыі новых чальцоў наўрад ці будуць мець плён. Таму, перакананы дырэктар Інстытуту энэргетычных дасьледаваньняў Расейскай акадэміі навук Уладзімер Ліхачоў, неўзабаве ўсе праблемы будуць вырашаныя:

«Гэта проста нейкая калізія, якая звычайна вырашаецца за сталом перамоваў. Бакі знаходзяць кампраміс і потым ідуць далей. А што да агучаных стратаў, то гэтыя страты, ведаеце, яны ўсе, скажам так, тэарэтычна-ўмоўныя. Так што, па-мойму, тут сытуацыя не крытычная».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, Расеі калі каго і папракаць, то выключна сябе — за няўважлівасьць?»

«Ну чаму сябе? Гэта насамрэч недапрацоўка той працоўнай групы, якая рыхтавала дакумэнт. Яна ж рыхтавалася, гэтая папера, сумесна? І пагадненьне прымалася сумесна. Таму я б тут ня стаў гаварыць пра тое, што нехта наўмысна ўсё сплянаваў. Так, ёсьць пэўныя трэньні паміж партнэрамі па зьвязе. Ну і што? Яны вырашаюцца. Мой пункт гледжаньня такі».

Яшчэ ў жніўні прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што на патрабаваньне Масквы бізнэс на растваральніках давялося згарнуць. Ускосна гэта пацьвярджае і статыстыка: па выніках жніўня зьнешнегандлёвы балянс краіны рэзка пагоршыўся, тады як у папярэднія месяцы ён дэманстраваў аздараўленьне якраз за кошт інтэнсіўнага экспарту нафтапрадуктаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG