Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралійскі журналіст абвінавачвае беларускіх мытнікаў у крадзяжы


Аўстралійскі журналіст, у якога канфіскавалі ў менскім аэрапорце дзьве відэакамэры, ноўтбук, фотаапарат, смартфон, некалькі носьбітаў інфармацыі, дакумэнты і плюшавага мядзьведзіка з парашутам, лічыць, што ягоныя рэчы папросту «скралі».

Да такой высновы журналіст аўстралійскага тэлеканалу SBS Амас Робэртс прыйшоў таму, што не атрымаў аніякіх папераў пра выманьне рэчаў пры мытным надглядзе. Журналіст напісаў таксама заяву ў Генэральную пракуратуру РБ з патрабаваньнем правесьці праверку, вярнуць рэчы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці — паведамляе БАЖ.

Дарэчы, журналіст знаходзіўся і працаваў у Беларусі, маючы акрэдытацыю МЗС.

«На працягу 4 гадзін я чакаў уручэньня мне копіі дакумэнту, які б пацьвярджаў законнасьць і абгрунтаванасьць выманьня ў мяне рэчаў. Аднак супрацоўнік мытні заявіў, што ён „у мяне нічога не забіраў“, і ніякіх дакумэнтаў пра выманьне рэчаў мне ня выдаў», — піша Амас Робэртс.

Гэта далёка ня першы выпадак, калі беларускія праваахоўныя органы неахвотна вяртаюць вынятыя пры ператрусах і аглядах рэчы і грошы. Асабліва выбаркова яны дзейнічаюць у дачыненьні да грамадзкіх актывістаў і апазыцыйных палітыкаў.

Працэдура вяртаньня ў Беларусі можа цягнуцца месяцамі ці нават гадамі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што такіх выпадкаў вельмі шмат:
Пісалі мы і ў пракуратуру, і ў КДБ. Кожны сьпіхваў на іншага

«Вось выпадак актывіста Алега Ладуцькі. У іх пасьля 19 сьнежня быў у хаце ператрус, канфіскавалі „сямейныя“ грошы. Нешта каля 10 тысяч даляраў. Мы дапамагалі спадарыні Ладуцьцы гэта вярнуць, але гэта было вельмі цяжка, вельмі складана. Праз год толькі вярнулі. Пісалі мы і ў пракуратуру, і ў КДБ. Кожны сьпіхваў на іншага».

«Перад выбарамі 2010 году ў Хэльсынскім камітэце былі сканфіскаваныя некалькі ноўтбукаў, — працягвае Валянцін Стэфановіч. — А ў Алега Гулака сканфіскавалі на мяжы грашовыя сродкі. Мы за гэта нават судзіліся. Яны на суд не зьявіліся, хоць сказалі, што праводзяць праверку. Усе тэрміны тых праверак ужо пасканчаліся. Мала таго, было ўсталявана, што гэта сапраўдныя грошы. Бо іх канфіскавалі нібыта як «фальшывыя». Што за праверка? Што за тэрміны? І грошы гэтыя ніхто так і не вярнуў».

А вось Віктар Карняенка больш як дзесяць гадоў ня мог давесьці, што КДБ мусіць вярнуць яму сканфіскаваную тэхніку. Кампутары, якія знаходзіліся ў офісе гомельскага аб’яднаньня «Грамадзкая ініцыятыва», канфіскавалі яшчэ ў 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Віктар Карняенка, які быў старшынём гэтай арганізацыі, падаў скаргу на дзеяньні КДБ нават у ААН. У верасьні 2012 году стала вядома, што ААН абавязвае гомельскае ўпраўленьне КДБ вярнуць Карняенку 6 кампутараў і 2 прынтэры.

У траўні 2010 году адбыліся масавыя вобшукі ў офісах і на кватэрах актывістаў грамадзкага руху «Гавары праўду». Прэс-сакратар руху Сяргей Вазьняк кажа, што збольшага ўсё канфіскаванае вярнулі. Але праз паўтара года. «Мне ўсё вярнулі — і грошы, і ноўтбук — ужо пасьля таго, як я быў асуджаны за Плошчу. Празь некалькі месяцаў нават. Казалі, што ідзе сьледзтва, і гэта «доказы».

Гэтая сытуацыя драматычным чынам паўплывала на лёс палітоляга Сьвятланы Навумавай. Падчас травеньскіх вобшукаў у яе дома таксама канфіскавалі грошы. Сябры мяркуюць, што цяжка хворая на ныркі палітоляг трымала іх на лекі і дарагія мэдычныя працэдуры. Пры жыцьці яна жартавала, што можа і не дажыць да таго моманту, калі КДБ іх верне. Так і сталася. Сьвятлана Навумава памерла 10 сакавіка мінулага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG