Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва можа ня даць Беларусі інфармацыі пра «плюшавы дэсант»


Арвідас Анушаўскас
Арвідас Анушаўскас

Старшыня камітэту па бясьпецы і абароне літоўскага Сойму Арвідас Анушаўскас выказаў меркаваньне, што да канца верасьня павінны зьявіцца вынікі расьсьледаваньня абставінаў парушэньня літоўскай мяжы ў сувязі з «плюшавай акцыяй». Пра гэта паведамляе партал Delfi --> http://ru.delfi.lt/news/politics/anushauskas-do-konca-sentyabrya-proyasnyatsya-rezultaty-rassledovaniya-po-plyushevoj-akcii.d?id=59357775 .

Парлямэнцкі камітэт абмеркаваў дзеяньні літоўскіх органаў, зьвязаныя з «плюшавым дэсантам» у Беларусі. На пасяджэньне былі запрошаны прадстаўнікі розных ведамстваў — Дзяржаўнай службы абароны мяжы, Дзяржаўнага дэпартамэнту бясьпекі і інш.

Анушаўскас падкрэсьліў, што 4 ліпеня, калі самалёт зь мядзьведзікамі заляцеў у Беларусь і вярнуўся, ня маючы ніякіх правоў на перасячэньне мяжы, літоўскія ведамствы кіраваліся «нашымі законамі і выконвалі іх літаральна».

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў Законе аб авіяцыі ў вызначэньні фіксацыі парушэньня паветранай прасторы гаворыцца, што ў такім выпадку прадугледжаныя дзеяньні ўсіх органаў, якія фіксуюць факт парушэньня паветранай прасторы, але далей працэс звужаецца да фіксацыі тэхнічнымі візуальнымі сродкамі.

Адказваючы на пытаньне аб тым, ці можа Літва ня даць Беларусі прававой дапамогі, па якую Менск зьвярнуўся да Вільні, Анушаўскас сказаў, што вырашаць гэта не ў яго кампэтэнцыі, але нагадаў, што ў Літвы такое права ёсьць.

«Літва не падала інфармацыю па канкрэтных зваротах аб прававой дапамозе, а такіх зваротаў, пачынаючы зь вясны, было больш за 100. На іх быў дадзены адказ, што просьба не задаволеная з улікам інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі і па іншых прычынах. Такія выключэньні прадугледжвае двухбаковая дамова», — сказаў палітык.

Ён таксама выказаў прабачэньне за словы аб адказнасьці эстонцаў за інцыдэнт з «плюшавым дэсантам»:

«Я не даваў ніякага інтэрвію і не рабіў ніякіх заяваў па гэтым пытаньні, тым больш — не абвінавачваў эстонскіх вайскоўцаў, але я бяру на сябе адказнасьць за пасьпешліва сказаныя словы ў дыскусіі на радыё, і шкадую, што яны былі зразуметыя недакладна», — сказаў Анушаўскас.

На мінулым тыдні Анушаўскас заявіў, што парушэньне літоўска-беларускай мяжы 4 ліпеня адбылося з-за памылкі вайскоўцаў, якія ў гэты дзень дзяжурылі на пункце сачэньня за паветранай прасторай ў Кармелаве.

«Адна невялікая памылка многае вызначае. Думаю, у дадзеным выпадку высьветліцца, што была зробленая памылка. Паколькі не было апазнаньня, не было радыёсувязі са швэдзкім самалётам, было аўтаматычна пазначана: з Пацюнай вылецеў «неапазнаны» самалёт , у паветраную прастору Літвы зьніклы самалёт вярнуўся, трэба было пазначыць яго як неапазнаны, а пазначылі, як «апазнаны», сказаў Анушаўскас.

«Што я магу сказаць? Дзяжурыла эстонская зьмена», — сказаў старшыня камітэту Сойму.

Але літоўскае войска пазьней заявіла, што зьмены вайскоўцаў у міжнародным цэнтры кантролю над паветранай прасторай краін Балтыі ў Кармелаве не фармуюцца на нацыянальнай аснове, «падчас зьмены дзяжураць спэцыялісты ўсіх трох краін Балтыі», — сказаў прадстаўнік вайсковага ведамства Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG