Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтаздабычу «прыцягнуць» да публічнасьці


Сёньня ў Баку пачынаецца прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная ўзаемаадносінам прэсы з энэргетычным сэктарам — найперш, газа- і нафтаздабычай, якая традыцыйна пазьбягае публічнасьці.

Цырымонію распачне прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, выступяць кіраўнікі профільных ведамстваў гэтай краіны, пасьля чаго кіраваць працэсам будуць мэдыяэкспэрты з розных краінаў сьвету. На месцы падзеяў знаходзіцца наш карэспандэнт Ігар Карней, які падае падрабязнасьці.

Геаграфія ўдзельнікаў канфэрэнцыі «Газ, нафта і мэдыя» надзвычай шырокая. У Баку зьехаліся бізнэс-аналітыкі, рэдактары і эканамічныя журналісты; яны прадстаўляюць перадусім дзяржавы, якія здабываюць стратэгічную сыравіну і прадаюць яе на зьнешнія рынкі. У самай вялікай колькасьці гаспадары імрэзы, а таксама прадстаўнікі Расеі, Катару, Турэччыны, ЗША. Шырока прэзэнтаваная Афрыка — Эгіпет, Нігерыя, Гана, Танзанія, Кенія, Лібэрыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Уганда. Нарэшце, тут і цэлы сьпіс краінаў, якія залежаць ад вонкавых пастаўшчыкоў і чый дабрабыт цалкам у руках рынкавай кан’юнктуры — Аўстрыя, Баўгарыя, Вугоршчына, Вялікая Брытанія, Італія, Нямеччына, Харватыя, Швайцарыя; постсавецкія Грузія, Беларусь, Украіна.

Праблему ўзаемаадносінаў мас-мэдыяў з нафтагазавымі канцэрнамі ў пампэзным Палацы Гюлістан ва ўступным слове маецца ўзьняць прэзыдэнт Азэрбайждану Ільхам Аліеў. Зьмест прамовы пакуль не разгалошваецца, але ў прэс-рэлізе арганізатары канфэрэнцыі наўпрост пішуць: «Свабода прэсы зьяўляецца балючай тэмай у многіх краінах сьвету, і асабліва ў нафтаздабываючых. І ў выпадку, калі няма доступу да інфармацыі, якая тычыцца энэргетычнага бізнэсу, і часта нават дзяржава застаецца ў няведаньні падрабязнасьцяў, толькі СМІ могуць знайсьці доступ да гэтых зьвестак».

З улікам, што цяперашнія азэрбайджанскія ўлады нярэдка крытыкуюцца ў тым ліку за адсутнасьць плюралізму меркаваньняў, будзе цікава паслухаць, якія аргумэнты ў абарону СМІ знойдзе Ільхам Аліеў.

Гэтаксама ў першы дзень працы форуму будзе ўзьнятая тэма скарачэньня запасаў стратэгічнай сыравіны, што пакідае адбітак на дзейнасьці асноўных гульцоў на гэтым рынку. Тэма аднаго з выступаў экспэрта анансуецца наступным чынам: «У сувязі з хуткім зьніжэньнем аб’ёмаў нафты энэргетычныя кампаніі займаюцца пошукам новых запасаў на сушы і на моры. Асноўная мэта транснацыянальных карпарацыяў і буйных дзяржаў-пастаўшчыкоў нафты — з дапамогай розных даўгавых інструмэнтаў абмежаваць права на карысныя выкапні. Такое становішча стварае пэўныя цяжкасьці для атрыманьня інфармацыі. Як вырашаюцца праблемы кшталту пагрозы мясцовых канфліктаў, экспрапрыяцыя ці нацыяналізацыя актываў? Хто падпісваецца пад складанымі і дарагімі запачаткаваньнямі?».

Можна адзначыць, што экспэртны склад выступоўцаў прадстаўлены аўтарытэтнымі імёнамі ў сваёй сфэры. Гэта перадусім вядучыя эканамічныя аглядальнікі і прафэсарскія кадры міжнародных дасьледчыцкіх цэнтраў і ўнівэрсытэтаў.

Сярод іх — старшыня ў пытаньнях бізнэсу і фінансаў Аб’яднаньня амэрыканскіх дзелавых рэдактараў Марта Стэфанс, аглядальнік газэты «Financial Times» Том Бургіс, рэпартэр у пытаньнях тэхналёгіі і сацыяльнай мэдыі часопіса «Forbes» Кашмір Хіл, прафэсар міжнароднага права Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона Робэрт Вэйнэр, вядучы аналітык «European Energy Review» Мэцью Хулберт зь Вялікай Брытаніі, карэспандэнт па Эўрапейскай карпаратыўнай стратэгіі агенцтва «Reuters» Том Бэргін, кіраўнік аддзелу бізнэс-навінаў катарскага каналу «Al Jazeera» Хатэм Чандыр, рэдактар дзелавога выданьня «Africa Oil+Gas Report» Тойін Акіноша зь Нігерыі ды іншыя.

Магчыма, у часе працы канфэрэнцыі прагучаць і некаторыя акалічнасьці, якія непасрэдна тычыцца Беларусі. Некалькі гадоў таму, падчас чарговага абвастрэньня адносінаў з Расеяй, кіраўніцтва Беларусі агучыла намер пастаўляць на беларускія перапрацоўчыя заводы азэрбайджанскую нафту. Абяцалася, што «чорнае золата» будзе адгружацца ва Ўкраіну, а адтуль у рэвэрсным рэжыме запрацуе нафтаправод Адэса-Броды, што зробіць мару пра дывэрсыфікацыю нафтавага імпарту і адыходу ад расейскай сыравіннай манаполіі рэальнасьцю. Аднак мінулі амаль тры гады, а далей за размовы нічога так і не зрушылася.

Незалежныя экспэрты ўжо выказваюць меркаваньні, што авантуру з азэрбайджанскай нафтай можна лічыць другой паводле «значнасьці» пасьля танкерных паставак з Вэнэсуэлы — зноў жа, у піку Расеі. У абодвух выпадках нафта для Беларусі рабілася ў літаральным сэнсе «залатой». Але ва ўмовах пацяпленьня адносінаў з Масквой і ўсталяваньня новых коштаў на нафту і газ — ледзь не па ўнутры расейскіх тарыфах — патрэба ў «дывэрсыфікацыі» адпала сама сабой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG