Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта больш ня зьвязвае Азэрбайджан і Беларусь


Аляксандар Лукашэнка й Ільхам Аліеў, 28 жніўня
Аляксандар Лукашэнка й Ільхам Аліеў, 28 жніўня
Падчас перамоваў з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, які прыбыў у Менск з двухдзённым афіцыйным візытам, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дзякаваў за падтрымку, аказаную Аліевым падчас беларуска-расейскага газавага канфлікту два гады таму. Лукашэнка асабіста сустракаў Аліева ў менскім аэрапорце.

Падчас перамоваў у рэзыдэнцыі «Заслаўе» Лукашэнка згадаў пра «вялікія справы, часам нестандартныя», якія Аліеў зрабіў дзеля падтрымкі Беларусі. Маўляў, гэта было зьвязана з пытаньнем незалежнасьці. Лукашэнка сказаў, што Аліеў заўсёды ішоў насустрач ягоным просьбам і пажаданьням.

У 2010 годзе, у разгар беларуска-расейскага газавага канфлікту, Ільхам Аліеў цягам менш як сутак пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў даляраў на 12 дзён, каб разьлічыцца за даўгі з «Газпромам». Пазьней паміж Менскам і Баку былі падпісаныя пагадненьні пра пастаўкі азэрбайджанскай нафты ў Беларусь у абмен на вэнэсуэльскую. Цяпер гэты праект ужо ня зьвязвае абедзьве краіны, адзначае эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Тады насамрэч такія пляны былі маштабныя. Меркавалася недзе 4 мільёны тон. Але гэты праект так і не рэалізаваны ў сувязі з тым, што зьмяніліся ўмовы пастаўкі расейскай нафты. Беларусі стала больш выгадна экспартаваць расейскую нафту. Таму азэрбайджанская нафта цяпер зусім не пастаўляецца ў Беларусь. Цяпер размовы пра тое, што Беларусь будзе шукаць альтэрнатыву расейскай нафце, не вядуцца. Таму гэты праект з Азэрбайджанам не рэалізаваны. Можна нагадаць праект „Адэса-Броды“, як альтэрнатыўную трубу. Па гэтай трубе з Азэрбайджану спачатку нафта пайшла. Але цяпер для Беларусі гэтае пытаньне рубам не стаіць. Цяпер ён застаецца пустым, па гэтым нафтаправодзе не ідзе нафта».

Паводле Манёнак, Беларусь мае цікавасьць да нафтаздабычы ў Азэрбайджане, аднак ці хопіць спэцыялістаў, бо яны задзейнічаныя ў Вэнэсуэле? Апроч таго, ёсьць цікавасьць да аналягічных праектаў у Расеі.

Лукашэнка, аднак, заявіў, што Беларусь і Азэрбайджан застаюцца стратэгічнымі партнэрамі, у іх няма закрытых тэм для перамоваў і няма ніякіх супярэчнасьцяў. У мінулым годзе таваразварот паміж дзьвюма краінамі наблізіўся да аднаго мільярда даляраў. Кіраўнік Беларусі заявіў пра гатоўнасьць нагнаць адставаньне ў гэтым годзе. Прэзыдэнт Аліеў заявіў, што двухбаковыя «стасункі выпрабаваныя часам», і што Менск і Баку — «годныя саюзьнікі, сябры, стратэгічныя партнэры».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што пасьля таго, што адбылося ў сфэры энэрганосьбітаў, незразумела, у чым палягаюць вялікія інтарэсы Беларусі ў Азэрбайджане і наадварот.

«Ёсьць меркаваньні, што мы ім прадаём нейкую зброю. Ёсьць пэўныя напрацоўкі ў сфэры трактароў, МАЗаў і так далей. Пра гэта ішла гаворка ў мінулыя разы. Але ў якіх маштабах — таксама пакуль невядома. Такіх стратэгічных інтарэсаў я пакуль на сёньня ня бачу».

Паводле Фёдарава, сяброўскія дачыненьні, пра якія кажуць Лукашэнка і Аліеў, хутчэй грунтуюцца на асабістых сымпатыях:

«Ну, і прыкладна аднолькавая структура рэжымаў. Яны аўтакратычныя ў вельмі вялікай ступені. А такія заўсёды шукаюць і знаходзяць адзін аднаго».

Дарэчы, у лістападзе 2009 году падчас афіцыйнай сустрэчы Ільхама Аліева ў Менску камандзір роты ганаровай варты капітан Карповіч павітаў кіраўнікоў дзьвюх краін па-беларуску. Тады па тэлебачаньні гэты момант упершыню паказалі разам з гукам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG