Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі чыноўнік: У Чарнобылі можна жыць


Сябра Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне насельніцтва Ўкраіны Алег Бандарэнка на прэс-канфэрэнцыі ў сераду заявіў:

«Па радыялягічным паказьніку для пражываньня ў горадзе Чарнобыль фактычна перашкодаў няма, але заканадаўства забараняе пражываньне ў зоне адчужэньня». На яго думку, у Чарнобылі можна дазволіць пражываньне для пэрсаналу, які абслугоўвае аб’ект «Сховішча», а таксама абслуговаму пэрсаналу ЧАЭС. Цяпер гэтыя людзі працуюць вахтавым мэтадам.

Бандарэнка лічыць, што ў зоне адчужэньня можна дазволіць інвэстыцыйную і гаспадарчую дзейнасьць, у прыватнасьці, разьвядзеньне буйной рагатай жывёлы, вырошчваньне жывёлаў для атрыманьня футра, а таксама тэхнічных культур, у прыватнасьці, лёну.

Намесьнік генэральнага дырэктара дзяржаўнай установы «Навуковы цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны» АМНУ Віктар Сушко таксама лічыць, што Чарнобыль можа быць заселены, але пасьля аднаўленьня сацыяльнай інфраструктуры.

Навуковы супрацоўнік Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад», які пажадаў не называць сваё прозьвішча, што да выказваньняў украінскіх экспэртаў, даў камэнтар Радыё Свабода:
Калі няма чым плаціць — тады пачынаюць казаць, што Чарнобыль скончыўся

«Пэрыяд паўраспаду цэзію, да прыкладу, 30 гадоў. Гэта азначае, што праз 30 гадоў пасьля Чарнобылю, у 2016 годзе, яго стане ў 2 разы менш, чым было спачатку. Таму 50% цэзію, што застаўся, будзе ўплываць на арганізм чалавека празь ежу, пры наведваньні лесу. Павінен прайсьці час, а ён яшчэ не прайшоў. Што да Беларусі, дык дагэтуль каля так званага Прыпяцкага радыяцыйнага запаведніка малако бруднае. Не хацелася б, каб беларусы пайшлі да такі крок — дазволіць сельскагаспадарчую дзейнасьць, пражываньне людзей у зоне адчужэньня.

Калі няма чым плаціць — тады пачынаюць казаць, што Чарнобыль скончыўся. Калі людзі вахтамі працуюць, за імі ёсьць кантроль, і ня ўвесь час яны там знаходзяцца. І тут відавочна, што ў самім Чарнобылі хочуць пазбавіць людзей ільготаў, надбавак.

Гэта цалкам безадказныя выказваньні ўкраінскіх экспэртаў, што ўсё бясьпечна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG