Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь пяць гадоў даведаемся, як загінуў Янка Купала?


Але гэта ня проста дзень, у які чарговым разам ушаноўваецца памяць народнага паэта. Таямнічыя абставіны ягонай сьмерці выклікаюць цікавасьць і прымушаюць дасьледчыкаў год ад году вылучаць разнастайныя вэрсіі. Больш-менш сыходзяцца ў адным: 28 чэрвеня 1942 году Янка Купала ўпаў у лесьвічны пралёт гатэля «Масква». Аднак што гэта было — няшчасны выпадак, самагубства ці забойства — адназначнага адказу ніхто ня мае.

Колькі гадоў таму Ўладзімер Някляеў зрабіў уласнае дасьледаваньне абставінаў сьмерці Янкі Купалы і прыйшоў да высновы, што гэта было забойства.

На Вайсковых могілках у Менску сёньня адбылося ўрачыстае ўшанаваньне памяці паэта — «Жальбіны», якія ўжо шмат гадоў ладзяць супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музэю.

Выступоўцы, сярод якіх былі прадстаўнік афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў Георгі Марчук, галоўная рэдактарка газэты «Літаратура і мастацтва» Тацьцяна Сівец, галоўны дырэктар замежнага вяшчаньня Беларускага радыё Навум Гальпяровіч, збольшага казалі звыклыя словы пра «зналчнасьць творчасьці» і «адданасьць роднай зямлі».

Выступіў на сьвяце і прафэсар Вячаслаў Рагойша, які прывёз на магілу паэта букет кветак, сабраных у Ракаве.

Спадар Рагойша лічыць, што беларусам важна ведаць усе акалічнасьці жыцьця генія ўзроўню Янкі Купалы, у тым ліку тое, як менавіта ён памёр:

Рагойша: «Любое нам цікава. Тым больш сьмерць, таму што яна вельмі загадкавая. У красавіку ж месяцы Купала быў каля Казані. Яго хацелі адправіць, гэтаксама як і Коласа, у Ташкент. Але ён не захацеў. Сказаў, што будзе блізка каля сваёй зямлі, бо „ведаю, што яна вызваліцца“, хоць трэба было чакаць доўгія тры гады. І вось яму прыходзіць з ЦК Кампартыі Беларусі з Масквы пісьмо. Там сказана, што яго ўключылі ў камітэт па сьвяткаваньні шасьцідзесяцігодзьдзя Якуба Коласа. І просяць паведаміць, якія ён мае прапановы. Можаце ўявіць, як успрыняў гэта пісьмо Купала?! У яго ў пачатку ліпеня юбілей, а ў Коласа толькі ў пачатку лістапада. А пра Купалу ніякай пастановы не прынялі. Гэта ня проста так! Тут многа ёсьць загадак. І пісалі шмат — Барыс Сачанка, Георгі Колас... Сьледчыя працавалі пасьля сьмерці, прычым тры арганізацыі: ваенная выведка (бо гэта гатэль „Масква“, туды проста так ня пройдзеш), пракуратура і маскоўская міліцыя. Ніводзін з архіваў пакуль не даступны. Кажуць, што нібыта праз 75 гадоў раскрываецца. Сёньня вось 70 год, дай Бог, праз 5 гадоў усё раскрыецца. А пра такога чалавека цікава і важна ўсё ведаць».

Амаль адзіным, хто наўпрост зьвярнуўся да загадкі Купалавай сьмерці, быў пісьменьнік Анатоль Бутэвіч, намесьнік старшыні Рэспубліканскай грамадзкай рады па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь:

«Высілкі і намаганьні сапраўды былі зробленыя. Я ў тым ліку далучаўся да гэтага працэсу. Некалькі гадоў таму, дзякуючы таму, што ў Маскве ёсьць добра знаёмыя людзі, я хацеў паспрыяць таму, каб гэтую загадку разгадаць. Паднялі былі дакумэнты ў архівах. Але сказалі, што, на жаль, дакумэнты не захаваліся. Нібыта яны былі зьнішчаныя. Ня ведаю, ці так на самой справе. Але мяне пакуль не пакідае надзея. Ёсьць яшчэ людзі ў Маскве, якія маюць доступ да архіваў. Можа, прыйдзе час, і мы гэта ўсё разгадаем. Я бачыў тыя дакумэнты, якія былі складзеныя адразу пасьля сьмерці Купалы, данясеньні, спасылкі на пракуратуру. Значыць, недзе павінны быць дакумэнты. Я ня веру, што яны ўсе былі зьнішчаныя. Хвасты, што называецца, павінны застацца. Рана ці позна гэтая загадка будзе разгаданая. Дай Бог, знойдуцца людзі, якія дапамогуць сьцерці пыл з гэтай справы. Гэта нам трэба зрабіць дзеля гістарычнай справядлівасьці. Гэтая разгадка ніякім чынам ня кіне ценю ані на асобу Купалы, ані на ягоную творчасьць, ані на ягонае жыцьцё. Таму што ва ўсіх сваіх праявах Купала быў нацыестваральным паэтам. Нам пра яго важна ведаць кожны крок, кожную дэталь, кожны эпізод жыцьця».


Суполка ТБМ сьвяткуе ўгодкі Купалы і Коласа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:25 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG