Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: першае выпрабаваньне на фальш


Выбарчая камісія
Выбарчая камісія

У Беларусі пачынаецца першы этап выбарчай кампаніі 2012 году — вылучэньне прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і групаў грамадзянаў у акруговыя выбарчыя камісіі.

Іх да 9 ліпеня ўключна будзе сфармавана ўсяго 110, колькасьць кожнай — да 13 чалавек.

Сытуацыю ў рэгіёнах удакладняюць сёньня карэспандэнты «Свабоды».

На Гарадзеншчыне ўсяго 13 акруговых выбарчых камісіяў. У 11 зь іх Партыя БНФ будзе вылучаць сваіх сябраў. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што асаблівых ілюзіяў наконт справядлівасьці выбараў яны ня маюць, але зробяць такім чынам першае выпрабаваньне, ці фальшывая будзе выбарчая кампанія:

Саранчукоў: «Гэта будзе як бы тэст для ўладаў, бо фактычнае пацьверджаньне і ёсьць якраз уключэньне ў камісіі, гэта допуск да працы ў камісіях. І калі нас туды ня ўключаць, то гэта ўжо потым будзе ня проста галаслоўная заява, што выбараў няма, выбары фальсыфікуюцца, а гэта будуць доказы таго, што яны фальсыфікуюцца».

Віктар Какарэка: «Я за тое, каб апазыцыянэры трапілі ў выбарчыя камісіі»

Віктар Какарэка
Віктар Какарэка
Сябра партыі АГП Віктар Какарэка на мінулых выбарах у мясцовыя саветы быў сябрам абласной выбарчай камісіі. Ён за тое, каб апазыцыянэры імкнуліся трапіць у камісіі. Нягледзячы на тое, што на вынік выбарчага працэсу ён ня мог паўплываць, карысныя моманты таксама прысутнічалі.


Какарэка: «Я сам хадзіў па ўчастках і глядзеў, якія ёсьць парушэньні, і калі бачыў іх, то, карыстаючыся паўнамоцтвамі, загадваў выпраўляць. І старшыні камісій падпарадкоўваліся. А калі ім заўвагі рабілі назіральнікі, то яны на гэта не зьвярталі ўвагі».

Сябра партыі БНФ Мікалай Барысік перакананы, што сёлета сцэнар уладаў паўторыцца

Слонім
Слонім
Сябра партыі БНФ са Слоніма Мікалай Барысік на выбарах у мясцовыя Саветы быў сябрам раённай акруговай камісіі. Пасьля гэтага ён перакананы, што ўдзел у выбарах наагул нельга браць, бо ідзе поўная іх фальсыфікацыя і паўплываць нават у камісіі на гэта немагчыма.


Ён напісаў больш за 10 пратаколаў на грубыя парушэньні выбарчага заканадаўства, але ў адказ атрымліваў звычайныя адпіскі.

Барысік: «Яны парушалі нават тое, што самі прынялі: не давалі зьвестак пра колькасьць тых, хто прагаласаваў, выдавалі бюлетэні для галасаваньня на даму бязь сьпісаў. От, старшыня дае 200 бюлетэняў і кажа — хлопцы, ідзіце. А я пытаюся: маўляў, пакажыце сьпіс. А хлопцы былі знаёмыя, дый кажуць, што ў іх няма ніякага сьпісу…»

Спадар Барысік кажа, што спрабаваў з гэтым усім змагацца, але нічога не атрымалася. Ён перакананы, што сёлета сцэнар уладаў паўторыцца.
Барысік:

«Заўвагі я, вядома, рабіў, але, прабачце, усе старшыні ўчастковых камісій, калі прыяжджалі пасьля падліку галасоў у акруговую камісію, нават не заходзілі ў пакой, дзе сядзіць камісія, а адразу да старшыні камісіі. А там назіральнікаў не было ніякіх. Там яны і карэктавалі пратаколы — вось такая была працэдура».


На Гомельшчыне дэмакратычныя арганізацыі зьбіраюцца вылучыць у акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў парлямэнту 5–6 чалавек у 17 акруговых камісіяў. Сытуацыю ўдакладняе карэспандэнт «Свабоды».

Гаворыць старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«У межах кампаніі „За справядлівыя выбары“ вызначаны прыярытэтныя акругі. Мы з гэтымі акругамі будзем працаваць, і ў першую чаргу туды й накіруем сваіх прадстаўнікоў у склад камісіяў. Ня ставіцца задача вылучыць на гэтым этапе як мага больш — мы хочам вылучыць найбольш падрыхтаваных людзей, якія здольныя напісаць сваё асабістае меркаваньне. Гэта 5–6 акругаў у Гомельскай вобласьці».

Сябра АГП Тацяна Жулега на парлямэнцкіх выбарах 2008 году ўваходзіла ў склад сельскай акруговай камісіі. Пракантраляваць аб’ектыўнасьць выбараў аднаму вылучэнцу ў такой камісіі практычна немагчыма:

«Кантраляваць дзеяньні ўлады будзе магчыма, калі ў кожнай участковай камісіі будзе прадстаўнік ад апазыцыі»

«Нерэальна. У мяне было звыш 80 выбарчых участкаў па вёсках. Хіба ж я магла гэта неяк пракантраляваць?! Гэта шалёныя адлегласьці. Я была на некаторых участках, але ўсё не магла пракантраляваць. А там — я ведаю, як пішуцца пратаколы. Магчымасьць будзе кантраляваць тады, калі ў кожнай участковай камісіі будзе прадстаўнік ад апазыцыі. Не ў акруговых, а ва ўчастковых. Разумееце, пратаколы з участкаў спачатку завозяцца ў іншы кабінэт райвыканкаму, а пасьля ўжо прадстаўляюць іх людзям у акруговую камісію».

Спадарыня Жулега пісала свае прэтэнзіі на нерэгістрацыю дэмакратычнага кандыдата, але камісія іх большасьцю галасоў адхіліла. Гэтаксама як і заўвагі на парушэньне правілаў галасаваньня.

«Я чатыры разы быў у акруговай камісіі й пераканаўся, што ўсе махінацыі адбываюцца менавіта ва ўчастковых выбарчых камісіях…»

Брагін
Брагін
Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Брагіна Ўладзімер Церамецкі, які ня раз уваходзіў у акруговыя выбарчыя камісіі, кажа, што вылучэнцаў ад апазыцыі часьцяком не запрашаюць на паседжаньне камісіі, калі вырашаюцца нейкія спрэчныя пытаньні:


«Я чатыры разы быў у акруговай камісіі. Яны, бывала, прымалі рашэньні безь мяне. Калі я адсутнічаў, яны маглі прыняць рашэньне, а пасьля хацелі, каб я падпісаў пратакол. Адзін чалавек у камісіі пракантраляваць выбары ня можа. Звычайна ўсе махінацыі адбываюцца ва ўчастковых камісіях».

«Вылучэнец ад апазыцыі павінен мець веды, а акрамя таго, яму патрэбная воля й мужнасьць»

На думку Юрася Юкоўскага, які на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах быў у райцэнтры Акцябрскі чальцом участковай выбарчай камісіі, эфэктыўны кантроль за ходам выбараў магчымы толькі тады, калі вылучэнец ад дэмакратычнай партыі ці арганізацыі валодае дзьвюма важнымі якасьцямі:

«Па-першае, патрэбна дасканалае веданьне выбарчага заканадаўства. Бяз гэтага — аніяк. Каб фіксаваць парушэньні, трэба ведаць, што правільна, а што няправільна. Па-другое, патрэбная воля, мужнасьць, каб указваць камісіі на парушэньні».

Дарэчы, Юрась Юкоўскі быў адным з двух апазыцыйных вылучэнцаў у камісіях, хто ў выніковым пратаколе запісаў сваё асабістае меркаваньне наконт арганізацыі й правядзеньня на ўчастку прэзыдэнцкіх выбараў. Усе астатнія падпісалі выніковыя пратаколы без заўвагаў.

Леў Марголін, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі: «Нашых людзей уключаць толькі ў некаторых невялікіх гарадах»:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Перадусім, вылучэньне нашых прэтэндэнтаў будзе цяпер адбывацца ў межах кампаніі „За справядлівыя выбары“. Таму мы будзем прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў. Але тут ёсьць вельмі важная акалічнасьць, што патрэбныя людзі, якія ня проста здольныя ў гэтых камісіях паўдзельнічаць, а перадусім тыя, якія могуць скласьці, як мінімум, асабістае меркаваньне й запісаць яго ў пратакол. Таму мы ня будзем, як той казаў, гнацца за лічбамі. Нам дастаткова, калі ад усёй апазыцыі зможам набраць 110 прадстаўнікоў — па адным на акругу. Гэтай колькасьці, на мой погляд, будзе дастаткова, каб скласьці ўражаньне, ці існуе празрыстасьць выбараў».


У якасьці найбольш верагоднага вылучэнца ад АГП Леў Марголін называе актывіста АГП зь Вялейкі Ўладзімера Малярчука. На выбарах у 2008 годзе ён таксама быў вылучаны ў Вялейскую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта РБ.


У інтэрвію для «Свабоды» Ўладзімер Малярчук заявіў:

Уладзімір Малярчук
Уладзімір Малярчук
«Калі ў камісіі будзе працаваць чалавек сумленны й прынцыповы, то там магчымасьці даволі значныя. Але было й такое, што мы накіроўвалі людзей у камісію, але яны там, як гаворыцца, свой тэрмін адседзелі, а пасьля заявілі, што нібыта „нічога ня бачылі й нічога ня ведаем“. Дык ці ёсьць цяпер сэнс вылучаць у камісіі такіх людзей?»


Карэспандэнт: «Таму трэба вылучаць дзелавых, актыўных і прынцыповых людзей?»

Ўладзімер Малярчук: «Так. І каб яны маглі абараняць свае пазыцыі, прыкладам, у судзе альбо пракуратуры. Таксама трэба быць актыўнаму ў камісіі асабіста. Няхай нават іншыя чальцы камісіі прагаласуюць супраць, але пры гэтым людзі даведаюцца іхнія прозьвішчы й пазыцыю».

Карэспандэнт: «А ці існуюць рэальныя магчымасьці ў прадстаўніка апазыцыі ўплываць на працу камісіі?»

Ўладзімер Малярчук: «Мяне, да прыкладу, ведаюць у рэгіёне сотні людзей. Амаль у кожнага зь іх быў нумар майго тэлефону. Кожнага я прасіў паведамляць пра парушэньні, і калі гэта выяўлялася, то абавязкова выяжджаў на месцы. Калі ў камісіі гэта зразумелі, то запярэчылі. Маўляў, чаму асабіста езьдзіце, а не інфармуеце старшыню камісіі? Мой адказ быў такі: «Вам людзі не давяраюць, а вераць мне».

Карэспандэнт: «Вы яшчэ раз пераконваецеся, што працаваць у камісіі можна й трэба, калі чалавек прынцыповы й дзелавы?»

Ўладзімер Малярчук: «Так! Усё залежыць ад прынцыповасьці й ведаў. Каб прадстаўнік партыі ці грамадзкага аб’яднаньня ведаў, як дзейнічаць у кожнай канкрэтнай сытуацыі альбо выпадку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG